Не-рэспект

№ 21 (1147) 24.05.2014 - 30.05.2014 г

Тое, што прызначана... для катэджаў?
Рэспубліканская мастацкая выстаўка “Under 35” (“Да 35-ці”) справакавала ў мяне ўспаміны пра ўласную маладосць. Прыгадалася другая палова 1980-х: як я з сябрамі ездзіў у Вільнюс на Трыенале маладзёжнага мастацтва прыбалтыйскіх рэспублік. Ішла “перабудова”, якую называлі “другой рэдакцыяй “адлігі” і якая моцна пахіснула маналіт савецкага грамадства. У другой палове 80-х “сацыялістычны рэалізм”, што зусім нядаўна выконваў ролю ідэйнага стрыжня савецкай культуры, ператварыўся у аб’ект даволі агрэсіўнай крытыкі. Палітызаванае і сацыялізаванае мастацтва лічылася праявай кепскага густу, стаўленне да рэалізму (прынамсі, у яго артадаксальных формах) увогуле было ці не зняважлівым... У Прыбалтыцы, з яе традыцыйным азіраннем на Захад, гэтая тэндэнцыя праяўлялася нават больш выразна, чым у іншых частках СССР. Я не кажу, дрэнна гэта было ці добра, але поле творчага эксперыменту насамрэч пашырылася.

/i/content/pi/cult/477/10147/5-3.jpg
Найбольш уразіла мяне тады на выстаўцы не столькі дэманстратыўная разняволенасць маладых творцаў, яшчэ ўчора немагчымая, колькі адсутнасць таго, чым Прыбалтыка годна вылучалася сярод іншых рэгіёнаў СССР, чым слушна ганарылася: не было ў работах экспазіцыі нацыянальных актуалій і сацыяльнага кантэксту. А між тым, прыхільнасць да свайго, кроўнага, здольнасць адаптаваць архаіку да сучаснасці, спалучаць суб’ектыўнасць з актуальнасцю лічылася моцным чыннікам мастацтва Прыбалтыкі — брэндам, калі хочаце (хоць слова такога на той час не было). У мяне тады ўзнікла ўражанне, што маладыя аўтары скарыстоўвалі зручную для творчасці сітуацыю, якая склалася ў грамадстве, не для далейшага развіцця культурнага патэнцыялу, не для грунтоўнага будаўніцтва на трывалым падмурку, але выключна для няўцямных рэфлексій. Я магу памыляцца. Можа, тое, што падалося мне тады бессэнсоўным блуканнем, насамрэч было пошукам магістральнага шляху? Аднак, мяркую, згадалася мне тое былое зараз невыпадкова… Па-першае, пазней і ў нас у мастацтве гэтая тэндэнцыя знайшла пэўнае адлюстраванне. Па-другое, мастацкі рынак рэгулюе творчую сферу не горш за ідэалагічныя органы савецкай эпохі.

Іншы час, іншыя эстэтычныя рэаліі, а думкі на “Under 35” у сталічным Палацы мастацтва — тыя ж, што і амаль трыццаць гадоў таму. Я не стаўлю пад сумнеў прафесіяналізм маладых беларускіх мастакоў. Я разумею натуральнае для творцаў жаданне сказаць у мастацтве сваё слова, а не паўтарыць чужое. Зрэшты, маладосць — найлепшы час для эксперыментаў ды вынаходніцтва. Але я ўпэўнены, што прадстаўленым на выстаўцы аўтарам бракуе творчай матывацыі, разумення мэты, канцэптуальнасці. Сярод яе ўдзельнікаў нямала носьбітаў знакамітых у нашым мастацтве прозвішчаў. Прычым іншым разам няма патрэбы ўзірацца ў шыльдачку побач з творам — дастаткова паглядзець на работу, каб зразумець, да якой творчай дынастыі малады аўтар належыць. Тая ж стылістыка выдае і эстэтычныя арыенціры аўтараў: гэта і Піт Мандрыян, і Генры Мур, і УНОВІС… Гэта ні ў якім разе не плагіят. Гэта проста лянота думкі. Прасцей узяць ужо існуючую эстэтычную сістэму, чым шукаць уласны почырк, а тым больш — уласны далягляд. Неяк мне бліжэй “сацарт” 90-х. Хоць, прызнацца, часта тым мастакам бракавала культуры — як агульнай, так і выяўленчай, — яны прываблівалі гледачоў шчырасцю...

Я, аднак, далёкі ад таго, каб хоць у нечым вінаваціць сённяшнюю творчую моладзь, дый яе старэйшых калег. Мастацтва наўпрост залежыць ад сацыяльнага кантэксту. І калі гледачы ў пераважнай колькасці дбаюць найперш пра свой матэрыяльны ды псіхалагічны камфорт, творчасць, што грунтуецца на эстэтычным радыкалізме, будзе незапатрабаванай. Мабыць, сутнасць значнай колькасці твораў экспазіцыі, пра якую ідзе гаворка, можна вызначыць словам “рэспект”. Гэтыя карціны, скульптуры, графічныя аркушы былі б добрай аздобай інтэр’ераў багатых катэджаў. Але наўрад ці яны прыдаліся б для будынкаў грамадскага прызначэння...

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"