Страты сапраўды непазбежныя, але — "дэдлайн"!

№ 21 (1147) 24.05.2014 - 30.05.2014 г

“Вялікае перасяленне” артэфактаў Нацыянальнага гістарычнага
Лёс старога будынка Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны не так даўно канчаткова вызначыўся: ён дажывае свае апошнія дні. Установа, якая была яго гаспадаром, рыхтуецца “перарадзіцца” ў новых сценах і сучасным фармаце. Але мала хто ведае, што дом на Кастрычніцкай плошчы быў родным таксама і для іншага музея: цягам амаль паўстагоддзя ён служыў асноўным фондасховішчам Нацыянальнага гістарычнага. Ягоная калекцыя — самая вялікая на Беларусі. Настолькі вялікая, што гэта нават спараджае пэўныя праблемы з яе захоўваннем.

/i/content/pi/cult/477/10146/5-1.jpg

Некалькі тыдняў таму з будынка на Кастрычніцкай плошчы экспанаты з экспазіцыі фондаў вывозіў Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Гэтымі днямі падобныя скрыні рыхтуюць да вывазу з таго ж будынка супрацоўнікі Нацыянальнага гістарычнага. / Фота Юрыя ІВАНОВА

Сёння музейшчыкі рыхтуюцца да перасялення ды ламаюць галаву над мноствам не зусім профільных для сваёй дзейнасці праблем, параўнальна з якімі старая задача на логіку пра пераправу на той бераг рэчкі ваўка, казы і капусты зусім не выглядае складанай.

— Цягам дзесяцігоддзяў у фондах музея назапашвалася ўсё, што датычыцца гісторыі, культуры, розных праяў жыцця на беларускай зямлі, — распавядае дырэктар установы Алег Рыжкоў. — Да нас траплялі як артэфакты дагістарычных часоў, так і навінкі вытворчасці. Цяпер, можа, мы ставімся да такіх рэчаў з іроніяй, але ўявіце, якімі вачыма будуць глядзець на іх нашчадкі гадоў праз сто! І таму вельмі шкада, што праблема захавання фондавых калекцый НГМ кардынальна не вырашана і дасюль. У гэтым плане мы саступаем нават тым калегам, якія і марыць не могуць пра нашы багацці...

Агулам фонды складаюць больш як 400 тысяч адзінак захоўвання, ацэначны кошт некаторых з іх утварае сямізначны лік. Прыблізна палове музейных прадметаў неўзабаве наканавана перасяліцца. Прычым, як паведаміў дырэктар установы, “вялікае перасяленне” артэфактаў здарыцца ўжо ў трэці раз за апошнія колькі гадоў, і зноў — на часовыя адрасы: у памяшканні, не надта прыстасаваныя для сваёй новай функцыі. Аднак Алег Рыжкоў спадзяецца, што на гэтым тулянні скончацца, і ўжо наступны адрас фондасховішча ўсё ж будзе пастаянным...

Запланаваныя страты?

Экспазіцыйныя залы будынка на Кастрычніцкай апусцелі, а вось у падземных калідорах жыццё віруе бурліва. Супрацоўнікі Нацыянальнага гістарычнага праводзяць свае фонды ў дарогу і робяць усё магчымае, каб для музейных прадметаў гэты шлях не стаў апошнім.

Пераезд не дарэмна параўноўваюць з пажарам. Сярод спецыялістаў блукае такі статыстычны паказчык: пад час кожнай транспартыроўкі музей губляе прыкладна 5% ад сваіх фондаў. Як тлумачыць Алег Рыжкоў, такі лік, вядома, узяты са столі, але… страты і сапраўды немінучыя.

— Пяць працэнтаў у дадзеным выпадку — гэта больш за 11 тысяч прадметаў. Натуральна, мы спадзяёмся, што страты будуць усё ж не такія маштабныя, — “абнадзейвае” галоўны захавальнік фондаў НГМ Зоя Кур’янава. — Але тут спрацоўвае і чалавечы фактар (скажам, грузчыкі выпадкова выпусцяць з рук цяжэзную скрыню), і нейкія абставіны (раптам кіроўца будзе вымушаны рэзка затармазіць на светлафоры?), і чыста фізічныя ўласцівасці старых прадметаў, якія вельмі не любяць, калі іх турбуюць. Прыкладам, старая парцаляна мае мікратрэшчыны і пры найменшым змяшчэнні можа разваліцца. Адным словам, усё пралічыць немагчыма…

Натуральна, музейшчыкі тут жа запэўнілі, што робяць гранічна ўсё для мінімалізацыі страт. Пра гэта сведчаць хаця б роўныя шэрагі пранумараваных скрыняў. Дарэчы, тара для перамяшчэння каштоўнасцей рабілася па спецыяльнай замове і спецыяльным каштарысе — скрыні для бульбы, вядома, ж не падышлі. Але не ўсе праблемы перавозкі можна вырашыць такім чынам. Прыкладам, жывапіс па сваіх памерах — зусім “негабарытны”.

Да таго ж, тэрміны, адведзеныя для перасялення, атрымаліся вельмі сціслымі: вядома ж, інвестар зацікаўлены як мага хутчэй распачаць ажыццяўленне свайго праекта. Як паведамілі музейныя супрацоўнікі, пакаванне артэфактаў пачалося толькі 20 сакавіка: менавіта ў гэты дзень з барысаўскага завода была дастаўлена тара.

Вось простая статыстыка. Для таго, каб запакаваць адну парцалянавую вазу, супрацоўніку музея патрэбна мінімум пару гадзін. Як паведаміла загадчык аддзела ўліку фондаў Наталля Лісейчыкава, агулам прадметаў з парцаляны ў калекцыі музея налічваецца каля дзвюх з паловай тысяч! А ўсяго пертурбацыя мае закрануць ажно 230 тысяч артэфактаў! Як маленькіх і крохкіх, так і вялікіх — і ўжо хаця б толькі таму нязручных. Транспарціроўка кожнага мае свае нюансы. Прыкладам, не так даўно грузчыкі спрабавалі выцягнуць з “нетраў” на дзённую паверхню каменных ідалаў — помнікі археалогіі вагой па добрай тоне кожны! Восем дужых мужчын не далі сабе з гэтым рады і былі вымушаны адступіцца! Адпаведна, “вынас цела” запатрабуе спецаперацыі, тэхнічныя падрабязнасці якой пакуль невядомыя.

І таму “дэдлайн” да 1 чэрвеня выклікаў у музейшчыкаў нямала нервовасці: яны ў адзін голас цвердзілі, што адужаць такі аб’ём работ у адведзеныя тэрміны папросту нерэальна, дый паспешлівасць можа прывесці да сумных вынікаў. Тым больш, узнікла і яшчэ адна праблема: праз перабоі з фінансаваннем рабочыя замарудзілі рамонт таго памяшкання, куды належыць перавезці большасць фондаў.

Таму час на правядзенне гэтай аперацыі быў працягнуты яшчэ на адзін месяц. Самі супрацоўнікі музея просяць аб яшчэ большай адтэрміноўцы, аднак дырэктар установы перакананы, што, мабілізаваўшы рэсурсы, можна ўпісацца ў тэрмін.

— Мушу адзначыць, што ў нас ёсць поўнае паразуменне на гэты конт і з гарадскімі ўладамі, і з Міністэрствам культуры краіны, — кажа Алег Рыжкоў. — Яны цалкам усведамляюць нашы аб’ектыўныя праблемы і без ваганняў ідуць насустрач...

Гэта важна. Бо ўжо хаця б прыведзеныя прыклады сведчаць пра тое, што не заўсёды магчыма ўпісацца ў адведзеныя часавыя рамкі, і чалавечы фактар тут не пры чым: надта шмат узнікае форс-мажору.

“Музейная плесня”

Як паведаміў дырэктар музея, на сённяшні момант фонды раскіданы па чатырох лакацыях у розных частках Мінска. Пасля пераезду гэтых адрасоў яшчэ паболее. Асноўная частка музейных прадметаў пераправіцца ў памяшканні будынка НДІ водных рэсурсаў па вуліцы Славінскага. Натуральна, ад пачатку яны зусім не прызначаліся пад фондасховішча, ды і сёння не ўражваюць дагледжанасцю. Па ўсім відаць, што капітальны рамонт там не рабіўся вельмі доўга: сталярка маральна састарэла ў цяперашні век шклопакетаў. Сёе-тое музей зрабіў сваім коштам адмыслова да пераезду: прыкладам, былі ўмацаваны старыя рамы, пастаўлены краты на вокны і датчыкі ў сцены. Апошніх захадаў запатрабавала міліцыя, супрацоўнікі якой небеспадстаўна бяруць пад увагу патэнцыйны інтарэс да гістарычных рарытэтаў з боку злодзеяў.

— Вядома, гэтыя памяшканні — зусім не тое, што нам патрэбна, — кажа загадчык аддзела пісьмовых і выяўленчых крыніц Надзея Саўчанка. — Там сонечны бок вуліцы, няма кандыцыянераў, не забяспечваецца тэмпературна-вільготнасны рэжым... Шмат розных неспрыяльных фактараў. Але, зрэшты, гэта зусім не самы горшы варыянт. Прынамсі, без плесні, у адрозненне ад іншых будынкаў, якія нам прапаноўвалі...

У іншым памяшканні, куды таксама выправіцца частка фондаў — дзіцячым садку па праспекце Ракасоўскага, — такая праблема ёсць. Натуральна, па суседстве з плесняй ніякія артэфакты захоўвацца не будуць — задзейнічаны нешматлікія ў тым будынку сухія памяшканні. А знайсці нейкія больш спрыяльныя пляцоўкі для фондасховішчаў у музейшчыкаў папросту не атрымалася. Тым больш, ва ўсялякім выпадку, гэта было б менавіта часовае памяшканне, не прызначанае для пастаяннага захоўвання рарытэтаў.

Вядома, раскіданасць фондаў па розных адрасах стварае дадатковыя нязручнасці не толькі для музейных работнікаў, але і для тых, хто звяртаецца да іх з тымі або іншымі патрэбамі — ад навукоўцаў да кіношнікаў. Па словах Алега Рыжкова, у цяперашнім “часовым” фармаце захоўвання большасць калекцый будзе недаступна для работы: у цяперашніх варунках лепш іх лішні раз не распакоўваць, ды і ўвогуле не чапаць.

У чаканні апошняга пераезду

Які прамежак у дадзеным выпадку маецца пад словам “часовы”, пакуль казаць цяжка. Аднак музейшчыкі яшчэ не страцілі аптымізму ды ўпэўнены, што гадоў максімум праз пяць іх чакае новы пераезд — гэтым разам ужо назаўсёды.

Варыянт вырашэння гэтай глабальнай праблемы даўно навідавоку: неабходны адмысловы будынак, які ад самага пачатку ўлічваў бы ўсе шматлікія нюансы, патрэбныя для захавання музейных прадметаў.

— У дэпазітарыі павінен быць клімат-кантроль, які дазваляў бы ўстанаўліваць для кожнай з калекцый адмысловы тэмпературны рэжым, — тлумачыць Зоя Кур’янава. — Бо зразумела, што папера і метал патрабуюць розных умоў захавання. Таму ім і асобныя памяшканні патрэбны...

Азнаёміўшыся з праблемамі ўстановы, яшчэ некалькі гадоў таму Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў даручэнне распачаць будаўніцтва асобнага дэпазітарыя, які змясціў бы фонды адразу двух музеяў — Нацыянальнага гістарычнага і Гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Сёлета Кіраўнік дзяржавы зноў нагадаў пра гэтую ініцыятыву. Як паведаміў Алег Рыжкоў, архітэктурны праект адмысловага будынка ўжо быў зроблены, аднак ён патрабуе пэўнай карэкціроўкі — прычым менавіта ў бок рацыяналізацыі. Дырэктар музея ахвотна гатовы адмовіцца ад “лішніх” плошчаў, але пры гэтым настойвае, каб пры выпрацоўцы архітэктурных ды інжынерных рашэнняў абавязкова ўлічвалася б і меркаванне спецыялістаў-музейшчыкаў.

— Для нас вельмі важна акумуляваць той сучасны досвед, які назапасілі нашы замежныя партнёры: скажам, Музей Славацкага нацыянальнага паўстання, які акурат нядаўна збудаваў сваё новае фондасховішча. І варта адзначыць, што сучасныя тэхналогіі — зусім не азначае “дарагія”. Проста, тут ёсць вельмі шмат спецыфічных момантаў, якія можа ўлічваць толькі прафесіянал у нашай галіне...

Пэўна, справа не адно ў прафесіяналізме, але і ў спецыфічным светаадчуванні, уласцівым тым прадстаўнікам музейнай гільдыі, якія адказваюць за захаванне фондаў. Падазраю, што многія дробязі ды нюансы здолеюць ухапіць толькі гэтыя надзвычай адказныя людзі. І таму да іх меркавання сапраўды варта прыслухацца.

Алег Рыжкоў спадзяецца, што будаўніцтва дэпазітарыя ўключаць у Інвестпраграму развіцця Мінска ўжо на наступны год. Наўрад ці яно будзе весціся аўральнымі тэмпамі — тым больш, такі аб’ект робіцца і сапраўды “на вякі”. Але, напэўна, аднаразовыя маштабныя ўкладанні — гэта як мінімум куды рацыянальней, чым рэгулярна падлічваць працэнты страт пры пераездах...