Змагацца за чытача? Ёсць варыянты!

№ 21 (1147) 24.05.2014 - 30.05.2014 г

Ганна КІСЛІЦЫНА, літаратурны крытык, супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
Нядаўна глядзела тэлеперадачу, у якой дзве беларускія літаратаркі і адзін даволі вядомы паэт разважалі над тым, як зрабіць айчынную літаратуру папулярнай за мяжой. І быццам бы ўсё слушна было ў іх развагах… Але адно пытанне не давала мне спакою, а менавіта: калі яны такія абазнаныя ў пытаннях распаўсюджання ды папулярызацыі літаратуры, то чаму б ім не пачаць з уласных твораў? Чаму б не зрабіць так, каб людзі чыталі і гаварылі пра тое, што яны пішуць самі? І не толькі за мяжой, але і тут, у Беларусі?..

/i/content/pi/cult/477/10145/5-333.jpgНаогул, час ад часу ўзнікае ўражанне, што кніг цяпер у нас ніхто не чытае, у бібліятэкі не ходзіць, літаратурнымі навінкамі не цікавіцца… Гэта як бы і зразумела: віртуальныя сродкі камунікацыі даўно ўжо сталі больш папулярнымі, чым папяровыя выданні. Але праўда і тое, што ёсць яшчэ краіны, дзе кнігі купляюць, чытаюць ды абмяркоўваюць. Тая ж Швецыя, блізкая Беларусі па колькасці насельніцтва...

Не так даўно давялося сустрэцца ў рамках конкурсу маладых крытыкаў з пісьменніцай Інгай-Лінай Ліндквіст. Яна прыехала расказаць пра тое, якое месца займае ў СМІ Швецыі літаратурная крытыка. Аднак размова аказалася трохі шырэйшай за аб’яўленую. Яно і не дзіва: мадэль існавання нацыянальнай літаратуры ў сучасным шведскім грамадстве настолькі адрозніваецца ад нашай, што, па сутнасці, кожны тэзіс спадарыні Ліндквіст каментаваўся самым бурным чынам.

Што ж такога дзіўнага ў сучасным літаратурным працэсе Швецыі?

Напэўна, самым неверагодным падалося тое, што кнігі, выпушчаныя на шведскай мове, не проста купляюць, але і раскупляюць за даволі кароткі тэрмін. У Швецыі існуе паняцце сезонаў: кнігі выдаюцца, як моднае адзенне, да вясны і восені, прычым крытык і чытач могуць даведацца пра іх выхад вельмі проста — праз каталогі выданняў. Цікава, што ў гэтым каталогу ўказана дата, ад якой на кнігу можна друкаваць рэцэнзіі, — неверагодна, бо ў нашых умовах большасць кніг застаецца практычна не разгледжанай крытыкай наогул. Пры гэтым папяровыя выданні выходзяць даволі вялікімі тыражамі. Самы меншы тыраж — у паэзіі. Дэбютант можа разлічваць звычайна на пяцьсот асобнікаў, а дэбютант-празаік — на тры тысячы. Затое пра кнігу дэбютанта напішуць практычна ўсе шведскія выданні: буйныя газеты, правінцыйныя ды яшчэ і спецыяльныя сайты, дзе выкладваюць свае допісы блогеры. Плюс ёсць усе шанцы пачуць водгук на кнігу па радыё і паглядзець на тэлебачанні. Нашым пачаткоўцам такое і не снілася!..

У тых жа, чые імёны ўжо вядомыя, кнігі выходзяць таксама немалымі тыражамі. Калі кніга можа прэтэндаваць на тое, што стане бестсэлерам, то яе выдаюць тыражом ад дзесяці тысяч асобнікаў. Калі ж гаворка ідзе пра эксперыментальную літаратуру (маецца на ўвазе гульня са стылем і мовай), то аўтар можа разлічваць на тыраж ад трох тысяч асобнікаў.

Зразумела, што ўвага чытачоў да сучаснай шведскай літаратуры ў многім абумоўлена агульнай цікавасцю да такога феномену, як скандынаўскі дэтэктыў, які стаў трэндам ва ўсім свеце. Але праўда і ў тым, што чытаюць ды купляюць не толькі займальную сюжэтную літаратуру, але і эксперыментальную рэфлексійную прозу! І тут ужо важнымі аказваюцца не столькі якасці самой літаратурнай прадукцыі, колькі спосаб яе прасоўвання ды папулярызацыі.

Акрамя ўжо згаданых каталогаў кніг, што высылаюцца крытыкам (як, дарэчы, і самі кнігі, якія крытыкі не купляюць, а атрымліваюць ад рэдакцый газет), вялікую ролю адыгрывае той факт, што згадкі пра новыя выданні з’яўляюцца ў ранішніх і вячэрніх газетах кожны дзень. Гэта значыць, нават каб чытач і хацеў бы абмінуць увагай літаратуру, то ў яго проста не атрымаецца: пра кніжныя навінкі ў абавязковым парадку распавядаюць у кожным больш-менш паважаным газетным выданні.

Што звычайна ўяўляе з сябе літаратурны дадатак да штодзённай газеты? Некалькі маленькіх рэцэнзій (да тысячы знакаў), вялікую рэцэнзію (вялікая для шведаў — гэта тры тысячы знакаў, што для беларусаў азначае хіба што анатацыю), інтэрв’ю з цікавым аўтарам, аналітычнае эсэ, прысвечанае той або іншай праблеме культуры. І фота, фота, фота! У шведскіх газетах традыцыйна шмат здымкаў, так што кнігі ды аўтары пазнаюцца чытачамі нават візуальна.

Ці магчыма гэта прыстасаваць да беларускай літаратурнай сітуацыі? Думаецца, цалкам рэальна. У любым выпадку, горш, чым зараз, чытачам усё роўна не будзе!..