Дзе ты, Шэрлак.by? І хто ты, герой нашага серыяла?

№ 21 (1147) 24.05.2014 - 30.05.2014 г

Трылеры і меладрамы: режысёры хочуць — акцёры могуць. Дык чаму ж іх няма?
Праўды ад вас прашу, і нічога акрамя праўды! Ці даўно вы, паважаныя, кожны вечар беглі пасля працы дадому, каб паспець атрымаць асалоду ад айчынных серыялаў? У наш, найноўшы час для роднага кінематографа? І не проста ад серыялаў “прыдуманых”, а ад тых, дзе галоўнай дзеючай асобай была б постаць рэальная — з гадоў мінулых або цяперашніх? Ці каб сюжэт у карціне круціўся вакол героя беларускага літаратурнага твора? Не чую, а?.. У тым і справа... Атрымліваецца, з неаслабнай цікавасцю мы сочым за тым, што адбываецца ў брытанскім шматсерыйным фільме “Шэрлак”; ужо моцна стаміліся ад расійскага “шырспажыву” кшталту эпізодаў пра жанчыну, якая спявае… А нашага серыяла, які адпавядаў бы, скажам, маім пажаданням, няма. З іншага боку, а ці патрэбен ён увогуле? Легалізаваць свае думкі на заяўленую тэму адважыліся людзі кампетэнтныя. Іх меркаванні мы і прапануем.

/i/content/pi/cult/477/10143/7-1.jpgРэжысёр Аляксандр Канановіч: “Гісторыя “Песняроў” просіцца, каб яе экранізавалі!”

— Для таго, каб атрымалася глядацкае кіно, у тым ліку серыял, трэба, каб у сцэнарыі быў закладзены канфлікт, каб публіцы быў цікавы той чалавек, якога нам прапануе экран у якасці героя, з усімі перыпетыямі ў яго лёсе, — перакананы Аляксандр КАНАНОВІЧ, рэжысёр, сцэнарыст і акцёр (у ягоным багажы такія серыялы і поўнаметражныя работы, як “Дасціш фантасціш”, “Манро”, “У ракі два берагі”, “Выйсці замуж за генерала”, “Справы сямейныя”, “Цётачкі”, “Бераг надзеі”, “Іншая сям’я”...). — Хто гэта можа быць з нашых суайчыннікаў?

Мулявін?.. Так! Рускі чалавек, які прасякнуўся любоўю да ўсяго беларускага, які стаў увасабленнем не проста нашага мастацтва, а нашай Бацькаўшчыны ўвогуле. Наватар у савецкай музыцы. Шалёная папулярнасць, гастролі, выступленні... Кантакты з выбітнымі асобамі гэтага свету. Смерць брата, блізкіх людзей... Тры шлюбы; апошняя жонка — вядомая актрыса. Творчы і асобасны крызісы. “Сыны”-”песняроўцы”, якія пайшлі ад свайго “бацькі” — кіраўніка і ідэолага ансамбля. Спроба рэанімаваць у творчасці тое, што ўжо нельга рэанiмаваць. Слёзы на сцэне пад час аднаго з канцэртаў... Аварыя. Надзея на выздараўленне. Смерць Песняра... Пахаванне, на якое прыходзяць кінуўшыя, ва ўсіх сэнсах, ягоныя “дзеці”... “Клоны” “Песняроў”. Новая трагедыя ў сям’і пасля смерці Уладзіміра Георгіевіча... Так, ёсць у гэтым нешта ад “Караля Ліра”...

Пётр Машэраў? Так! Родам са шматдзетнай сям’і. Вайна, у першы месяц яе — палон, пабег, партызанскі рух. Кар’ера палітычнага і дзяржаўнага дзеяча. Не хачу быць абвінавачаным у цынізме, бо ў дадзеным выпадку разважаю як кінематаграфіст: гібель у аўтакатастрофе, што можна ўвязаць з “тэорыяй змовы”. (І, зноў жа, Машэраў адыграў пэўную ролю ў жыцці Мулявіна!) Выкажам здагадку: гісторык-аматар, корпаючыся ў архівах, выяўляе сакрэтны дакумент, якi выпадкова там апынуўся i які часткова пралівае святло на сапраўдныя прычыны смерці Машэрава. І, танцуючы ад гэтай завязкі, можна выбудаваць ланцужок кінааповеду...

Вольга Корбут і Леанід Барткевіч... Гісторыя “Песняроў” проста просіцца, каб яе экранізавалі! Вялікая спартсменка, алімпійская чэмпіёнка, канфлікт з трэнерам, аж да скандальных і жудасных прэтэнзій да яго. Знаёмства са знакамітым спеваком, вяселле. Ад’езд у ЗША. Жыццё там, развод, каламутная гісторыя з крадзяжом у краме, абвінавачванне амерыканскай юстыцыяй іх агульнага сына ў падробцы долараў. Вяртанне Барткевіча ў Беларусь да Мулявіна. Барткевіч стварае сваіх “Песняроў”, маладая жонка, і гэтак далей… Увогуле, цэлая гісторыка-мастацкая тэлесага нараджаецца з трох тэм: Машэраў — Мулявін — Корбут-сын-”фальшываманетчык”! Гэта якраз для серыяла.

З “тэорыі змовы” зноў: лічыцца, што забойца Кенэдзі — Лі Харві Освальд. Былы амерыканскі марскі пяхотнік эміграваў у СССР, жыў і працаваў у Мінску, ажаніўся, расчараваўся ў савецкім ладзе, вярнуўся ў ЗША. Чаму б гэтую гісторыю не раскруціць? Таксама крута...

Кнігі... Некаторы час таму была спроба рэалізаваць праект па рамане Уладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”, але нешта перашкодзіла задумцы ажыццявіцца. Сцэнарый я чытаў... Але да канца зрабіць гэта не здолеў... Можна было б пакорпацца ў лёсе Алеся — там ёсць за што ўхапіцца, — але вось Каліноўскі і ў кнізе, і ў сцэнарыі мне падаўся персанажам плоскім...

Або творы Сяргея Пясецкага, з яго вельмі асобасным, нават прадузятым поглядам на вострыя тэмы. Драматургія там вельмі нядрэнная, але ж ён, па вялікім рахунку, невядомы нашаму грамадству. Калі не памыляюся, Андрэй Кудзіненка ў Пясецкім цяпер “калупаецца”...

Я вось усё гэта пералічыў і падумаў, што, напэўна, паспрабаваў бы заняцца якой-небудзь з гісторый: фактура, не прыдуманая, яна ёсць, але патрэбен сцэнарый. Сам я такога роду матэрыял не стаў бы пісаць, бо ён мне не вельмі цікавы, аднак калі б прапанаваў хто-небудзь моцны матэрыял, карціну па ім зрабіў бы. Упэўнены, беларускі глядач з задавальненнем паглядзеў бы кіно пра сваё — пра рэальныя персанажы і кніжныя. У першым выпадку, праўда, узнікае пытанне, як сваякі паставяцца да такога перастварэння сапраўднага жыцця іх блізкіх, ці захочуць тыя, хто жыве цяпер, каб пра іх знялі карціну (бо пункт гледжання рэжысёра, сцэнарыста на пэўныя падзеі і ў тым, і ў іншым варыянце можа быць спецыфічным)? Расійскія кінематаграфісты, як правіла, прыходзяць да кансенсусу з зацікаўленым бокам. Прынамсі, я не чуў пра якія-небудзь гучныя судовыя разборы. Але ў нас і ментальнасць трошкі іншая, і абставіны, у якіх жыве наша культура, — таксама. Чыноўнік, калі гэта хоць у нейкай ступені менеджар, розумам можа дацяміць, што серыял пра лёс таго ж Мулявіна абсалютна дакладна будзе даваць рэйтынг, але ці адважыцца ён запусціць такі праект... Па ідэі, нічога заганнага ў тым няма, ніякіх дзяржаўных таямніц ён не прыадкрые, гісторыю краіны не зганьбіць — гэта проста аповед пра станаўленне асобы, пра тое, як яна ламалася і не зламалася. А ў жыцці любога чалавека хапае, акрамя ўсяго іншага, і чорных з жоўтымі плям. І тут ужо ўсё залежыць ад густу, тактоўнасці, таленту тых, хто вырашыць зрабіць замах на “святое”, паказаць гэтую абранасць і ў чымсьці яе выкрыць. Што, мы Высоцкага сталі менш любіць, даведаўшыся пра яго ўсякага-рознага?

Я перакананы ў тым, што тэлегледачу абрыдлі гэтыя шалёныя расійскія стралялкі, якія патокам льюцца з экранаў. Але што яшчэ глядзець, калі іх рэкламуюць, навязваюць, “прапагандуюць”, калі іншага на экран не даюць? Гэта ж шчасце, калі пасярод такога балю антыдуху раптам праклюнецца экранізацыя, сямейная сага або доўгайграючая стужка пра лекараў — хай у чымсьці і фантастычная ў нашых рэаліях, але пра людзей не кардонных.

“Засада” ў тым, што ў апошнія гады не атрымліваецца ў нас камерцыйнае беларускае кіно — такое, каб усе... ну, не тое, каб ахнулі, але ішлі ў кінатэатры, прытуліліся б да тэлеэкранаў. Вельмі рэдка здараюцца асобныя поспехі, але вось я нават і наўскідку цяпер не прывяду іх назвы. Кіно — гэта сцэнарый перш за ўсё, а як толькі ў нас нехта напіша добры сцэнарый, і яму пра гэта скажуць добразычліўцы, ён яго адразу цягне ў Расію, дзе яму заплацяць не дзве тысячы долараў, а пяцьдзясят, — вось і ўсе развагі пра патрыятызм... Фільм пра вайну, пра Подзвіг народа, калі мне прапануюць добры, шчыры, незаезджаны матэрыял, я здыму, будзьце ўпэўнены. Дый фільм пра Беларусь можна зняць і не на “Беларусьфільме”...

/i/content/pi/cult/477/10143/7-2.jpgАкцёр Алег Гарбуз: “Чаму б не зняць серыял пра Домрачаву?”

— У нас шмат якіх няма серыялаў, нават не беручы ў разлік канкрэтную асобу, якая магла б стаць галоўным героем, а адштурхоўваючыся ад жанру, — кажа кіна- і тэатральны акцёр Алег ГАРБУЗ. — Адсутнічае добры доўгатэрміновы камедыйны праект, няма гістарычнага, меладраматычнага, на сучасную тэму: пра простых людзей, якія жывуць побач з намі, пра рабацяг, пра нармальных мужыкоў з завода.

Наша кіно сёння існуе, па вялікім рахунку, як даважка да расійскага кінематографа, які шмат здымае тут і поўны метр, і серыялы.

Безумоўна, такі серыял — са скразным героем — нам патрэбны. Чаму яго няма? Быць можа, мы не паспелі яшчэ навучыцца рабіць усё ад пачатку да канца ўласнымі рукамі. Нават калі і здымуць нешта такое, то з пост-прадакшнам у нас увогуле бяда. Фільм, каб выдаткі на яго акупіліся, трэба ж потым кудысьці камусьці прадаць, а мы яшчэ проста дзеці ў такім бізнесе... Буйныя расійскія тэлеканалы пакрываюць укладзеныя ў праект грошы (якой бы якасці той ні быў) — ледзь ці не за першую серыю, насыціўшы яе рэкламай. А ці ёсць у нашай краіне такі рэкламадаўца, які дапамог бы “адбіць” бюджэт? Сумняваюся. Гэта значыць, у дадзеным кантэксце мае сэнс казаць толькі аб дзяржаўнай падтрымцы.

Быць можа, праблема глыбей, і гаворку варта весці пра абыякавасць да ўласнай гісторыі, мастацтва, пра неразуменне маштабаў той або іншай асобы, як гэта ні парадаксальна прагучыць, — на ўзроўні дзеячаў культуры ў тым ліку.

Фантазіруючы, магу прапанаваць між тым гістарычную тэму — ад рэвалюцыі да года 1939-га. Што-небудзь з жыцця кантрабандыстаў на польска-беларускай мяжы, як у Сяргея Пясецкага. Або Купалу ўспомнім з яго “Тутэйшымi”: “Беларусь, мая старонка, куток цемнаты, жыве Шыла, Грыб, Мамонька, — будзеш жыць i ты”. Хто такія былі Шыла, Грыб, Мамонька? Эсэры, маладыя хлопцы, ганялі з рэвальверамі — сарвігаловы! Тамаш Грыб, між іншым, быў мужам Паўліны Мядзёлка. Вось дзе разгарнуцца можна! Дарэчы, пра Купалу, наколькі я ведаю, збіраюцца нешта здымаць — не серыял, але некалькі эпізодаў.

А з праектаў на сучасную тэматыку — чаму б не зняць серыял пра маладых хакеістаў? Ну а Домрачава? Прыгожай магла б атрымацца абстрактная гісторыя пра дзяўчынку, якая нарадзілася ў Мінску, пераехала з бацькамі ў Сібір, зрабіла там першыя крокі ў спорце, вярнулася на радзіму, і, урэшце, стала алімпійскай чэмпіёнкай. А яшчэ знакаміты замежны... лыжнік, які ёй сімпатызуе. Але каб не было прамых асацыяцый, няхай сюжэт будуецца менавіта вакол лыжнікаў! Можна ж вельмі правільна спакаваць гэтую прапанову, і не думаю, што хто-небудзь з кінематаграфічных чыноўнікаў стане супраць яго пярэчыць...

Калі казаць пра літаратуру, дык ёсць твор “Шляхціч Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях” Яна Баршчэўскага. Па ім быў зняты поўнаметражны фільм Віктара Турава, але, як мне здаецца, можна было б зрабіць і шматсерыйную версію апавяданняў, маляўнічую, са старадаўнімі інтэр’ерамі.

Хочацца ўбачыць кіно пра Беларусь, пра тых яе людзей, якія жылі ў мінулым, і пра тых, хто жыве цяпер. Пра вялікіх людзей і “маленькіх”, на якіх і трымаецца краіна. Я з задавальненнем бы зняўся ў такой стужцы. Але вось каго з гістарычных ці літаратурных персанажаў я б сыграў — дакладнага адказу не дам. Шчыра кажучы, не было ў мяне такіх куміраў — у дзяцінстве, у юнацтве, на месцы якіх я сябе ўяўляў, на каго хацеў бы быць падобным...

Калі ў найбліжэйшай — і не вельмі — будучыні вы раптам убачыце на экранах сваіх тэлевізараў серыял аб адным з тых гістарычных і літаратурных персанажаў, пра якія ішла гаворка ў гэтым матэрыяле, успомніце і ведайце, што да з’яўлення шматсерыйнай стужкі (а то і поўнага метра!) прыклалі руку “К” і тыя, хто пагадзіўся некалі паразважаць на яе старонках на зададзеную тэму. А, быць можа, хто-небудзь з іх і сам гадоў праз -наццать замахнецца на, да прыкладу, Леаніда Барткевіча...

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"