“Толькі ў момант прарыву...”

№ 21 (1147) 24.05.2014 - 30.05.2014 г

Ці знойдзе сваё сталае месца “Габелен стагоддзя”?
16 мая ў будынку цэнтральнага офіса Банка развіцця (пр. Машэрава, 35) адбыўся вернісаж самага вялікага ў свеце манументальнага габелена — “Габелена стагоддзя” народнага мастака Беларусі, лаўрэата Дзяржаўных прэмій краіны Аляксандра Кішчанкі. З дня яго стварэння прайшло 20 гадоў, але да гэтага часу твор так і застаўся незапатрабаваным дзяржавай па адной прычыне: не знайшлося адпаведнага месца для экспанавання, хаця ён і атрымаў дзяржаўны статус гісторыка-культурнай каштоўнасці 1-й катэгорыі.

/i/content/pi/cult/477/10142/6-1.jpg

Габелен, які захоўваўся ў былой майстэрні аўтара і якую сёння арандуе ўдава мастака Ніна Кухарэнка-Кішчанка, на кароткі тэрмін выстаўляўся толькі лічаныя разы ў не вельмі прыстасаваных для паказу памяшканнях, а таму даводзілася ніжнюю частку твора проста класці на падлогу. Хаця, па вялікім рахунку, за гэтыя доўгія гады для такой па-сапраўднаму “гісторыка-культурнай каштоўнасці”, як “Габелен стагоддзя”, можна было б узвесці спецыяльны музей-будынак ці спраектаваць для яго экспанавання месца ў пэўным сацыяльна-культурным комплексе, які не сорамна было б паказаць усяму свету. Няхай бы ведалі ўсе, што нам, беларусам, ёсць чым ганарыцца, што на нашай зямлі дзякуючы выбітным талентам могуць нараджацца вось такія шэдэўры касмічнага маштабу.

І сапраўды, такога вялізнага габелена ў сусветным мастацтве да Аляксандра Кішчанкі ніхто не ствараў. Мяркуйце самі: памер яго — 19 метраў у вышыню і 14 — у шырыню, гэта значыць — 260 квадратных метраў палатна з фарбаванай авечай воўны. Агульная даўжыня ніці твора — больш за 800 кіламетраў. Звыш года яго ткалі на Барысаўскім камбінаце дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (зараз ён носіць імя А.М. Кішчанкі) спачатку дзевяць, а потым чатырнаццаць высокапрафесійных ткачых, якія затрацілі амаль 270 кілаграмаў воўны. Невыпадкова гэтая “зорная шпалера” ў 1999-м трапіла ў Кнігу рэкордаў Гінэса і ўжо ўпісана ў гісторыю сусветнага мастацтва. Пра гэты габелен даўно ўсе ведаюць, але хто яго ў арыгінале па-сапраўднаму бачыў ды асэнсоўваў? І справа не ў яго грандыёзных памерах, на якіх так любяць акцэнтаваць увагу журналісты, — перш за ўсё гэта манументальны сусветны філасофскі эпас, аўтарскі роздум пра Адвечнае, прэзентацыя яго ў маштабе ўсёй мінулай гісторыі.

І вось ізноў сустрэча з унікальным шэдэўрам, праўда, кароткая. Усяго да 30 мая, але ўсё ж... Тое адбылося дзякуючы старшыні Праўлення банка Сяргею Румасу, які на прэзентацыі габелена расказаў, як усё было няпроста. Пра вялікае значэнне гэтага твора ў сацыяльна-культурнай прасторы краіны на вернісажы казалі міністр культуры Республікі Беларусь Барыс Святлоў, народны мастак краіны Уладзімір Тоўсцік, удава Аляксандра Міхайлавіча — Ніна Кухарэнка-Кішчанка. Адзначу, што ўсе аратары падкрэслівалі: габелен не павінен усё ж пыліцца ў майстэрні, а мусіць знайсці сваё пастаяннае і годнае месца ў культурнай прасторы сталіцы. Аб гэтай вострай праблеме газета “К” пісала шмат разоў — яшчэ і пры жыцці мастака (ён пайшоў ад нас у 1997-м ва ўзросце 64 гадоў — праз тры гады пасля завяршэння работы над габеленам, але паспеў атрымаць за яго Дзяржаўную прэмію Беларусі).

Пытанне лёсу твора разглядалася і на шматлікіх пасяджэннях у сценах Міністэрства культуры, Саюза мастакоў, Мінгарвыканкама ды іншых зацікаўленых устаноў, але… Нядаўна быў агучаны цікавы праект генеральнага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея краіны Уладзіміра Пракапцова, які лічыць, што пры падтрымцы дзяржавы яго можна нарэшце паспяхова рэалізаваць. Як вядома, зараз праектуецца ўнікальны так званы Музейны квартал з усёй інфраструктурай (“музейны” раён частак вуліц Леніна, Маркса і Кірава), на ўвасабленне якога патрабуецца прыкладна чатыры-пяць гадоў. Адпаведныя грошы ўжо выдзелены. Вось тут, па задумцы Уладзіміра Іванавіча, “Габелен стагоддзя” можа знайсці ідэальнае стацыянарнае месца. Калі гэтая прапанова знойдзе падтрымку адпаведных устаноў (а я веру, што так і будзе), “К” можа стаць інфармацыйным спонсарам і на працягу ўсяго “дзейства” ўважліва сачыць за этапамі рэалізацыі гэтай высакароднай задумы. Упэўнены, што надыдзе час, калі беларусы і госці з розных краін свету змогуць убачыць у цэнтры сталіцы гэты папраўдзе выбітны габелен, што адлюстраваў Прастору і Час сусветнай гісторыі ды культуры.

Хачу нагадаць чытачам пра вобразна-пластычную структуру габелена. Ну, пра Кішчанку падрабязна апавядаць не буду: сёння яго імя шырока вядомае не толькі ў Беларусі, але і далёка за мяжой. Скажу толькі, што гэты мастак, вобразна кажучы, па волі лёсу “прыляцеў” у ХХ стагоддзе проста-такі з эпохі вялікіх тытанаў — з эпохі Адраджэння. Ён быў таленавіты ва ўсім: ствараў манументальныя фрэскі, мазаікі і габелены, пісаў цудоўныя жывапісныя карціны, партрэты і нацюрморты, бліскуча валодаў сакрэтамі малюнка і керамікі, складаў арыгінальныя філасофскія вершы, быў дзівосным апавядальнікам і фантазёрам. Сустракацца з ім за кубачкам гарбаты было заўсёды прыемна-радасна. За сем гадоў работы ў БДТМІ Кішчанка выпусціў плеяду мастакоў-манументалістаў, якія і сёння ганарацца тым, што прайшлі ў яго бліскучую школу майстэрства. Дарэчы, творца быў адным з найбуйнейшых арганізатараў ды натхняльнікаў адраджэння беларускага габелена.

Але я так думаю, што многія здабыткі Кішчанкі ў галіне пластычных мастацтваў і сёння яшчэ па-сапраўднаму не асэнсаваны ды чакаюць у будучым свайго дастойнага аналітыка. І ягоная формула: “Толькі ў момант прарыву, за якім рай ці апраметная, адкрываецца новы зрок…” — застаецца заўсёды вельмі актуальнай.

Дык вось, пра “Габелен стагоддзя”. Ідэя стварыць гэты шэдэўр прыйшла да яго ў ЗША, калі там, у Нью-Ёрку, у Зале Эканамічнага і Сацыяльнага Савета ААН, ён прадстаўляў свой габелен “Чарнобыль”. І ў выступленні на прэзентацыі твора, у прысутнасці палітыкаў розных краін свету ды прадстаўнікоў беларускай дыяспары, Кішчанка, у прыватнасці, падкрэсліў: “Эсхіл казаў, што мастацтва — гэта вочы нацыі. Я прывёз вам вочы маёй Беларусі і талент беларускіх ткачых. Чарнобыль — не толькі сённяшняя трагедыя. У розных, але аднолькава трагічных формах яна была і да нас — у той жа Хірасіме… Грэшны чалавек у сваёй амбіцыйнай гордасці, у сваім індывідуалізме можа знішчыць не толькі сваё мінулае, але і будучае. І няхай кожны прачытае мой “Чарнобыль” так, як падказвае яму ягонае сумленне, яго душэўны камертон…”

Менавіта там, у комплексе ААН, у атачэнні архітэктуры Ле Карбюзье і К.Уолеса Харысана, упершыню і нарадзілася ў Аляксандра Міхайлавіча ідэя “Габелена стагоддзя”. Па яго словах, ён хацеў, каб Беларусь сродкамі манументальнага мастацтва заявіла пра сябе свету як вялікая і самабытная дзяржава. І гэта яму бліскуча ўдалося… І ўжо ў самалёце, вяртаючыся на радзіму, ён зрабіў першыя эскізныя накіды будучага габелена.

Паўтаруся: “Габелен стагоддзя” — “жанр” філасофскага эпасу. Гэта не столькі адлюстраванне канкрэтных падзей, колькі роздум пра Адвечнае, асэнсаванне яго ў маштабе ўсёй сусветнай гісторыі, пачынаючы ад Адама і Евы ў аўтарскай інтэрпрэтацыі і заканчваючы распадам СССР. Ад такога філасофска-эпічнага падыходу ідзе ў мастака і своеасаблівае напластаванне часоў і сюжэтаў у драматургіі габелена, дзе спалучаюцца вобразныя сімвалы, алегорыі і метафары, знітаваныя агульнай ідэяй. У Храме Розуму галактыкі, створанага ў выглядзе каркаса старажытнага хрысціянскага сабора, жыве, сярод іншых светаў, і наша планета. І ў душы гэтай бесцялеснай зменлівай планеты, створанай Богам, нібыта генерыруюцца чалавечыя справы ды ідэі, канцэпцыі і пастулаты, сацыяльныя рэвалюцыі і міжканфесійныя канфлікты. Увесь фон пабудаваны з двух модуляў рознага маштабу. У кожным — чалавечая постаць з запаленай свечкай як сімвал вечна жывой формы, клеткі жыцця. А што да ўласна сюжэтаў, дык іх вельмі шмат. Космас і нараджэнне планет. Евангелічныя тэмы. Тут і Ноеў каўчэг, і Ікар, які падае з космасу. І Прарок у чырвонай калясніцы вечнасці лётае па арбіце планеты — з-пад колаў разлятаюцца рэшткі нашай занядбанай культурнай спадчыны, нашай гісторыі… І постаць часу ў выглядзе рыцарападобнай істоты, якая скідвае са сваіх шаляў душы грэшнікаў…

Адна з цэнтральных сцэн — Тайная вячэра, дзе, у разуменні аўтара, кожны апостал шукае сваю Ісціну. Тут не апошняя ноч Хрыста перад смерцю, а — пошук той самай Ісціны, якую чалавецтва так і не здолела знайсці за тысячы гадоў… Вечная барацьба дабра і зла сімвалізуе наступны сюжэт: пасланец д’ябла Антыхрыст, прыгожы і малады, наносіць удар мячом па ўзнятай руцэ Хрыста. Але, нягледзячы на пагрозлівы надпіс на мячы “Vis Vincit” (“Перамагае мацнейшы”), меч надломваецца ад далоні Сына Божага, Бога-чалавека: вера мацнейшая за сілу!

Ну проста велізарны сусветны спектакль, у якім на роўных правах “іграюць” даручаныя ім ролі і гістарычныя персанажы, і міфалагічныя вобразы, і колеравыя градацыі, і рытмы. А яшчэ ў габелене больш за 80 канкрэтных вобразаў вядомых палітыкаў, палкаводцаў, дзяржаўных і рэлігійных дзеячаў, пісьменнікаў, вучоных, філосафаў, музыкантаў, мастакоў, рэжысёраў ХХ стагоддзя. Штосьці неверагоднае для аднаго твора! Наконт гэтых вобразаў былі пэўныя спрэчкі: маўляў, чаму менавіта гэтыя персоны, а не іншыя?.. Але скажу так: тое асабістая справа аўтара, і нікога больш. Ён выбраў менавіта тых, хто, на яго думку, як люстэрка гісторыі стагоддзя, тых, хто паўплываў на ход сусветнай цывілізацыі, незалежна ад таго, добрыя ўчынкі ён рабіў ці кепскія…

Калі 16 мая на вернісажы я стаяў ля габелена, раптам чамусьці ўспомніў, як амаль паўстагоддзя таму сустрэліся мы з Сашам у ягонай майстэрні ў не вельмі ўтульнай вежы над тагачасным кафэ “Вясна”, што на рагу тагачаснага Ленінскага праспекта і Камсамольскай вуліцы. Тады на мальберце зіхацела кішчанкаўская карціна “Дзяўчына з кавуном”: ружовашчокая, жыццярадасная маладзіца глядзела на нас у чаканні шчасця. Ці дачакалася яна яго, гэтае шчасце? Даўно тое было…

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"