Невядомы вядомы Кабзар і яго беларускі след

№ 15 (1141) 12.04.2014 - 18.04.2014 г

Чаму песня Тараса Шаўчэнкі "знайшла водгалас пачэсне ў сэрцы беларускім"?
...Я не буду падрабязна пераказваць даты біяграфіі Шаўчэнкі: яны досыць вядомыя любому чытачу. Але, на ўсялякі выпадак, нагадаю эскізна. З ранняга дзяцінства (нарадзіўся ён у вёсцы Морынцы Кіеўскай губерні, цяпер — Чаркаская вобласць) жыццё сустрэла беднага хлопчыка, сына прыгоннага селяніна, жорстка. Маці ён амаль не памятаў. На сёмым годзе страціў бацьку і застаўся на руках мачахі разам з дзвюма сёстрамі — адна з іх была сляпою. Тут упершыню ён зведаў шмат гора. У самым кволым узросце, пазбаўлены любові і матчынай ласкі, хлопчык прывык замыкацца ў сабе, дзічыўся людзей і сустракаў недаверліва ўсялякае ветлівае абыходжанне з ім родных ды суседзяў. Злая мачаха за яго скрытны і ўпарты нораў даручала яму летам пасвіць цялят і свіней у наваколлі вёсак Кірылаўкі і Тарасаўкі Звянігародскага павета, дзе ў стэпавай прасторы, на палях, было вельмі шмат могільнікаў.

/i/content/pi/cult/476/10141/15-1.jpg

Т.Шаўчэнка. Аўтапартрэт.

/i/content/pi/cult/476/10141/15-2.jpg

Т.Шаўчэнка. "Пажар у стэпе".

(Працяг. Пачатак у № 14.)

Ну і, канешне ж, цяга да рысавання. Невядома, адкуль з’явілася ў хлапчука гэтае дзіўнае памкненне да мастацтва: у продкаў нічога такога не назіралася. Спачатку Тарас вучыўся азам у нейкага прыходскага дзячка, потым у маляра з вёскі Стэблева Канеўскага павета, потым, як перакаці-поле, перабягаў яшчэ да кагосьці. І нарэшце 14-гадовы “абарваны шкаляр-бадзяга” трапіў у якасці прыгоннага ў дом памешчыка Паўла Энгельгарта ў вёсцы Вільшана, дзе прайшоў шлях ад кухціка і казачка да “пакаёвага жывапісца”.

Яшчэ юнаком у 1829-м Шаўчэнка суправаджаў Энгельгарта ў Вільню, праязджаючы праз беларускія вёскі і гарады Лоеў, Рэчыцу, Жлобін, Бабруйск, Ігумен, Мінск, Радашковічы, Чырвонае, Маладзечна, Смаргонь. Гэта было яго першае знаёмства з жыццём беларусаў. Абставіны паездкі давалі магчымасць убачыць сялянскі побыт, паслухаць песні і беларускую мову, такую блізкую да ўкраінскай, што паўплывала пазней на яго эстэтычны густ ды прозу. І ў Вільні, і потым, у горадзе на Няве, ён з задавальненнем працягваў знаёмствы з беларусамі.

З пачатку 1831-га Тарас Рыгоравіч — у Пецярбургу, дзе Энгельгарт аддаў яго на чатыры гады ў навучанне да майстра жывапісна-малярнай арцелі Васіля Шыраева з тайнай надзеяй потым мець пры сабе прыдворнага, так бы мовіць, хатняга жывапісца з адукацыяй. У складзе гэтай арцелі юны Шаўчэнка прымаў удзел у роспісе пецярбургскага Вялікага тэатра ды іншых інтэр’ераў у якасці вучня-рысавальшчыка. У 1838 годзе ўплывовыя заступнікі-апекуны Шаўчэнкі, сярод якіх — мастак Карл Брулоў, паэты Васіль Жукоўскі і Яўген Грабёнка, выкупілі яго з прыгонніцтва. Ну ды гэты эпізод знаёмы ўсім яшчэ са школьнай праграмы. Атрымаўшы свабоду, Шаўчэнка быў прыняты ў пецярбургскую Акадэмію мастацтваў. Хутка ён стаў адным з любімых вучняў Карла Паўлавіча Брулова.

У 1840-м быў надрукаваны першы ўкраінскі зборнік вершаў Шаўчэнкі — “Кабзар”. І першыя ў свеце ілюстрацыі да яго зрабілі нашы землякі Міхаіл Башылаў, родам з-пад Жлобіна Магілёўскай губерні, ды яго стрыечны брат, штабс-капітан і таленавіты мастак граф Якаў дэ Бальмен. Кожны з іх стварыў да “Кабзара” па 39 ілюстрацый — заставак, буквіц, канцовак. Башылаў жа зрабіў і партрэт аўтара да гэтага выдання. Важна, што малюнкі аздабляліся лацінкай да рукапіснага тэксту. Як пісаў вядомы ўкраінскі літаратуразнаўца Яўген Кірылюк у сваёй манаграфіі “Тарас Шаўчэнка”, “...малюнкі Якава дэ Бальмена і Міхаіла Башылава — высокамастацкія і выкананы з глыбокім разуменнем шаўчэнкаўскай творчасці”. Зразумела, абодва мастакі сябравалі з паэтам. А пасля гібелі Дэ Бальмена ў баі з горцамі Шаўчэнка 18 лістапада 1845 года прысвяціў яму маленькую паэму “Каўказ”...

Раннія творы Шаўчэнкі напісаны ў жанры балады, паэмы, “думкі”, сярод якіх найбольш выдатныя — “Кацярына”, “Гайдамакі” і, на рускай мове, паэмы “Слепая”, “Бесталанный”, драма “Назар Стадоля”. У 1843-м паэт вярнуўся на Украіну праз Беларусь: праехаў Віцебск, Оршу, Шклоў, Магілёў, Прапойск, Чачэрск, Гомель. Падарожжа па Беларусі не прайшло для паэта дарма. Яно дапоўніла ўражанні ад нашай шматпакутнай зямлі, дзе яго ўразіў вобраз “убогага краю”, яго страшэнная беднасць і хранічны голад. У аповесці “Музыкант” тагачасная Беларусь апісваецца як “краіна скаргі і плачу”.

У Кіеве цягам амаль года Шаўчэнка займаўся жывапісам, ствараў альбом афортаў “Живописная Украина”, пісаў цыкл паэзіі (паэмы “Сон” і “Каўказ”, пасланне “І мёртвым, і жывым…”, вершы). У 1844-м вярнуўся ў Пецярбург, дзе скончыў Акадэмію мастацтваў са званнем “някласны (свабодны) мастак”. Потым ізноў з’ехаў на радзіму. Ізноў — праз Беларусь.

Працаваў наш герой у Кіеўскай часовай камісіі па пытаннях разгледжання старых актаў. Потым хацеў стаць выкладчыкам малявання ў Кіеўскім універсітэце, але не паспеў. У сакавіку 1847-га быў арыштаваны, пасля чаго апынуўся ў ссылцы на цэлых дзесяць гадоў… Нягледзячы на строгую забарону “пісаць і рысаваць”, Шаўчэнка ўхітраўся рабіць і тое, і другое (аж да таго, што хаваў самаробныя кніжачкі за халявы ботаў). Стварыў паэмы “Варнак”, “Сотнік”, “Пятрусь”, “Марына”, цыклы “У каземаце” і “Цары”, аповесці “Княгіня”, “Музыкант”, “Няшчасны”, “Капітанша”, “Блізняты”, шмат пейзажаў, партрэтаў, жанравых кампазіцый, сярод якіх асаблівае месца займае цудоўная серыя сепій “Прытча пра блуднага сына”. А пасля амністыі, па дарозе з ссылкі, у Ніжнім Ноўгарадзе, паспеў напісаць паэму “Неафіты” і трыпціх “Доля”, “Муза”, “Слава”. А калі нарэшце атрымаў дазвол вярнуцца ў Пецярбург, пасябраваў з супрацоўнікамі часопіса “Современник” М.Чарнышэўскім і М.Някрасавым. У апошнія гады жыцця працаваў над аповесцю “Прагулка з задавальненнем і не без маралі” ды “Букваром паўднёварускім” для пачатковых школ, які быў выдадзены тыражом 10 тысяч экзэмпляраў за кошт аўтара.

Сорак сёмыя народзіны Шаўчэнка сустрэў у сваёй акадэмічнай кватэры цяжка хворым (расстройства пячонкі, сэрца, вадзянка). Яго наведалі блізкія сябры, прачыталі тэлеграмы, атрыманыя з Украіны. Пад раніцу Кабзар, калі спускаўся з другога паверха ўніз, раптам памёр. Тысячы людзей, збольшага студэнцкая моладзь і літаратары, прыйшлі на яго пахаванне. Спачатку паэта пахавалі на Смаленскіх могілках, а праз два месяцы труну перавезлі на Украіну, дзе, на беразе Дняпра, пад Каневам, ён і знайшоў сваё месца вечнага спачыну. А ў ягоным пакоі-майстэрні ў пецярбургскай Акадэміі мастацтваў быў арганізаваны музей яго імя.

Канешне, Шаўчэнка ўвайшоў у дэмакратычную літаратуру перш за ўсё як народны паэт моцнай рэвалюцыйнай лірыкі, у якой, акрамя таго, смела, экспрэсіўна і эмацыйна выяўлены мары пра светлую будучыню ўкраінскага народа. А пачатак яго балады “Причинна” — “Реве та стогне Дніпр широкий”, вершы “Думи моі, думы моі”, “Заповіт”, “Думка” (“Тече вода…”), “Минають дні, минають ночі…”, “Утоптала стежечку через яр…”, некаторыя ўрыўкі з балад і паэм сталі ўлюбёнымі для многіх пакаленняў песнямі.

А зараз я хачу, абапіраючыся на факты, выказаць некаторыя свае асабістыя думкі наконт такой неардынарнай з’явы, як “Шаўчэнка”, бо гэтае імя і сёння застаецца адным з самых шанаваных ды папулярных у славянскім свеце, у тым ліку ў Беларусі. І тут без складанай ды супярэчлівай “псіхалогіі” яго чалавечага характару не абысціся.

На маю думку, Тарас Рыгоравіч 8 ліпеня 1844-га ўсё ж моцна “перабраў” у паэме “Сон”, дзе можна знайсці сапраўдную абразу хворай імператрыцы Аляксандры Фёдараўны. А праз шаснаццаць гадоў, так бы мовіць, наўздагон, на наступны дзень пасля смерці імператрыцы (19 кастрычніка 1860 г.), паэт напісаў наступныя радкі, пра якія адзін з літаратурных крытыкаў заўважыў: “...Чаму яна лютая, чаму яе дзеці — шчанюкі, чаму яе, “суку”, праклянуць, незразумела”. Мне як даследчыку таксама гэта незразумела. У тым, што паэт у той жа паэме “Сон” “прайшоўся” па самім імператары Мікалаі I, якога ён лічыў першым ворагам Украіны, няма нічога дзіўнага. А вось што да яго жонкі…

Справа ў тым, што гэтая жанчына адыграла ў вызваленні паэта з прыгоннай залежнасці не апошнюю ролю. Менавіта яна, Аляксандра Фёдараўна, даведалася ад Васіля Жукоўскага пра таленавітага хлопца, які знаходзіўся ў якасці нявольніка ў памешчыка, штабс-ротмістра Паўла Энгельгарта, і прыняла актыўны ўдзел у яго лёсе, падтрымаўшы ідэю латарэі, прыдуманую Бруловым ды Жукоўскім у мэтах выкупу Шаўчэнкі з прыгоннай залежнасці. Грашовы ўзнос яе і ейных дзяцей Марыі і Аляксандра (будучага цара Аляксандра II) склаў амаль палову неабходнай для выкупу сумы за натурны партрэт Жукоўскага, намаляваны Бруловым. Сама ж яна часта хварэла на сухоты і няўрозы, была фізічна слабой з-за дзевяці цяжарнасцей, дзве з якіх скончыліся трагічна. Ды і шмат было выпадкаў, калі яна імкнулася заступіцца за арыштаваных дзекабрыстаў.

Дык вось, Тарас Рыгоравіч чамусьці ніколі не забываў “дабро”, праяўленае ў адносінах да яго імператрыцай, і двойчы згадаў яе “незлим тихим словом” у сваіх вершах, у якіх ён проста-такі зняважыў хворую жанчыну, што, натуральна, выклікала моцны гнеў яе мужа, імператара Мікалая I. Паэму “Сон” ён чытаў у арыгінале ў ходзе следства па справе Кірыла-Мяфодзіеўскага братэрства. Тады ж у паперах Шаўчэнкі былі знойдзены і злыя карыкатуры на цара ды яго жонку.

Прывяду малавядомы факт наконт гэтых падзей. Вось што 10 снежня 1847 года пісаў рускі рэвалюцыйны дэмакрат і літаратурны крытык Вісарыён Бялінскі ў лісце да свайго калегі і сябра Паўла Аненкава: “Наводзіў я даведкі пра Шаўчэнку, і ўпэўніўся канчаткова, што па-за рэлігіяй вера ёсць нічога не вартая рэч. Вы памятаеце, веруючы сябра мой (Міхаіл Бакунін. — Б.К.) казаў мне, што ён верыць, што Шаўчэнка — чалавек дастойны і цудоўны. Вера творыць цуды: робіць людзей з аслоў і дубін, значыць, яна можа і з Шаўчэнкі зрабіць, бадай, пакутніка свабоды. [...] (Ён) напісаў два пасквілі: адзін — на гасудара імператара, другі — на гасударыню імператрыцу. Чытаючы пасквіль на сябе, гасудар рагатаў, і, напэўна, справа тым бы і скончылася [...]. Але калі гасудар прачытаў пасквіль на імператрыцу, то прыйшоў у вялікі гнеў, і вось яго ўласныя словы: “Дапусцім, ён меў прычыны быць мной незадаволеным і ненавідзець мяне, але яе за што?”. Я не чытаў гэтых пасквіляў, але ўпэўнены, што пасквіль на імператрыцу павінен быць абуральна брыдкі з той нагоды, пра якую я ўжо казаў. Шаўчэнку паслалі салдатам на Каўказ (памылка: на самой справе — у Арэнбургскі асобны корпус. — Б.К.). Мне не шкада яго, калі быў бы я яго суддзёй, я зрабіў бы не менш [...]”.

(Працяг будзе.)


Пачатак у № 14.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"