Мокаш: “ма” і “къшь”

№ 15 (1141) 12.04.2014 - 18.04.2014 г

"Жыць — гэта ткаць палатно свайго жыцця"
Мокаш — язычніцкае бажаство, культ якога каранямі сягае ў праславянскую эпоху. На думку даследчыкаў, гэта стрыжнявая постаць “народнага культу дахрысціянскай Русі”. Культ багіні існаваў у народнай культуры цягам некалькіх стагоддзяў і нават пасля прыняцця хрысціянства.

/i/content/pi/cult/476/10140/14-4.jpg

Мокаш згадваецца аўтарам “Аповесці мінулых гадоў” (ХІІ ст.) пад 980 годам у складзе пантэона князя Уладзіміра: “...И нача къняжити Володимер в Кыеве един. И постави кумиры на хъелмевъне двора теремънага: Перуна древяна, <…> и Хърса, и Дажъбога, и Стрибога, и Съмаргла, и Мокошь”. Мокаш паводле свайго значэння прыраўноўвалася да Перуна.

Імя багіні літаральна перакладаецца як “маці напоўненага каша” — г. зн. маці ўраджаю, маці дабрабыту. Але адно з тлумачэнняў старажытнарускага слова “къшь” — “жэрабя” (у сэнсе “кінуць жэрабя”, “зрабіць выбар”). У многіх індаеўрапейскіх народаў слова “ма” азначае “маці”. Атрымліваецца, “Ма-кош” — “Маці шчаслівага жэрабя”, багіня ўдачы, лёсу.

Значэнне “кош” з гэтай прычыны набыло сэнс “выпадковага”, “ненадзейнага”, інакш кажучы — жэрабя. Яно магло быць як шчаслівым, так і няшчасным. Так, Мокаш становіцца “маці добрага ўраджаю”, “маці шчасця”, дарыльшчыцай дабрабыту. Невыпадкова рог у ейных руках — сімвал шчаслівага лёсу, звязаны з харчовым дастаткам.

Лічылася, што Мокаш прысутнічае пры нараджэнні ўсіх жывых істот: яна надзяляла іх доляй. Мокаш — апякунка жанчын, сям’і і мацярынства, увасабляла Месяц. З часам пад яе ўладу перайшло ўсё “бабіна царства”. Багіню ўяўлялі жанчынай з вялікай галавой і выцягнутымі ўверх або ўніз рукамі, што ўвасабляла ўзаемадзеянне нябесных і зямных сіл. Гэта выклікае асацыяцыю з Сусветным дрэвам, крону якога сімвалізуюць рукі і пальцы. Гэта яшчэ адна сутнасць Мокашы: ейнае імя наводзіць на думку пра вільгаць і дождж. Яна насамрэч і “адказвала” за дождж, таму яе паважліва называлі “маці сыра зямля”.

Імя Мокашы часта звязваюць з чыста жаночым заняткам, робячы яе багіняй, якая прадзе лінію жыцця. Верылі, што пры стварэнні Свету Мокаш дала людзям грабеньчык, калаўрот і верацяно, якое стала воссю светастварэння. На яго ідзе накапленне падзей, а кручэнне — плыннь часу Сусвету.

Мокашы быў прысвечаны адзін з дзён тыдня — пятніца. У гэты дзень з павагі да багіні не ткалі і не мыліся. Святы, прысвечаныя Мокашы ў каляндарным цыкле, вядомыя як дванаццаць пятніц. З календаром звязана ўся старажытная тэхналогія вырабу тканін, пачынаючы ад вырошчвання лёну і да ўпрыгожання тканіны вышыўкай. Гераіняй вышывак часта была Мокаш, і “палатняны фальклор” захаваў яе аблічча.

Выяву Мокашы змяшчалі на белым палатне сярод птушак, кветак і нябесных свяцілаў, у два-тры разы вышэй за вершніц — нябесных гаспадынь свету — парадзіх, якія былі яе дачкамі. Старэйшая з іх, Лада, — багіня прыгажосці, кахання і апякунка шлюбу. Малодшая, Ляля, увасабляе вясну. Яны былі багінямі чалавечага лёсу. Па іх волі са з’яўленнем на свет дзіцяці на небе загаралася зорка. Калі-нікалі дачок Мокашы называлі Доляй і Нядоляй: са шчаслівым лёсам у адной і няшчасным — у другой. Паміж імі вышывалі выяву Мокашы.

З усталяваннем хрысціянства непасрэдным працягам вобраза Мокашы становіцца Параскева (у перакладзе з грэчаскай мовы — “пятніца”). Культ Параскевы ўжо з ХІІ — ХІІІ стагоддзяў пачаў выцясняць культ Мокашы. У XIV — XVI стагоддзях у копіях старажытных павучэнняў супраць язычніцтва Мокаш яшчэ згадваецца, але адчуваецца, што культ яе моцна звужаны. Відавочна, што вобраз Пятніцы ў свядомасці народу змяшаўся з вобразам Мокашы, святым днём якой таксама была пятніца. Жанчыны часам шанавалі пятніцу больш за нядзелю. Як і раней, па пятніцах забаранялася прасці і ткаць.

У Беларусі адзначаліся два святы, звязаныя з імем Параскевы Пятніцы. Іх палескія назвы — Параскі, Параскоўя, Параскева, Пяценка. Змест святаў: выкананне забароны на “жаночыя работы”, хаджэнні да крыніц і на малебны. На 27 кастрычніка (14 кастрычніка па старым стылі) прыпадае свята Параскевы Гразнухі, або Трапальшчыцы. З гэтага дня пачыналі мяць і трапаць лён. У народзе казалі: “На Гразнуху не бывае суха”. Дзень яе памяці звычайна суправаджаўся вільгаццю ды слотай. У гэты ж дзень калісьці адзначалі і язычніцкае свята, прысвечанае Мокашы. З 10 лістапада (28 кастрычніка па старым стылі) на Параскеву Льняніцу ладзілі льняныя агледзіны. Вытрапаны лён паказвалі адно аднаму, хваліліся майстэрствам. Дзяўчаты імкнуліся прадэманстраваць сваё ўмельства жаніхам і будучым свякрухам. Першыню лёну прыносілі для асвячэння ў царкву, пасля прымацоўваючы да абраза. У якасці ахвяры ў студню кідалі прадметы жаночага рукадзелля, пражу, мяркуючы, што такім чынам ахвяра дойдзе да Параскевы. Гэты абраз меў назву “Макрыда”.

Параскеву называлі “бабінай святой”. Яна, як і Мокаш, апякала маці ды незамужніх дзяўчат. Параскева разам з Маці Божай лічылася апякункай шлюбу. У народнай медыцыне яна ўяўляецца бабкай-павітухай. Ёй маліліся за хатні дабрабыт і абарону ад хвароб. Як і Мокаш, Параскева была апякункай палёў, урадлівасці, зямлі ды хатніх жывёл. Яшчэ адной з яе функцый быў клопат пра гандаль: днём кірмашу здаўна была пятніца...

Ала РАСІНСКАЯ, навуковы супрацоўнік Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея