На Жоўтым моры 110 гадоў таму

№ 15 (1141) 12.04.2014 - 18.04.2014 г

Пра лёс нашага земляка на “Петрапаўлаўску”
31 сакавіка 1904 года, у час руска-японскай вайны, на знешнім рэйдзе галоўнай базы Ціхаакіянскага рускага флоту Порт-Артура, за дзве мілі ад берага, узарваўся і менш чым за дзве хвіліны затануў флагманскі браняносец рускай эскадры “Петрапаўлаўск”, сярод ахвяр якога быў і наш суайчыннік. У складзе эскадры карабель вяртаўся пасля бою з варожымі суднамі...

/i/content/pi/cult/476/10139/14-1.jpg

Выява "Петрапаўлаўска" на схемах.

/i/content/pi/cult/476/10139/14-2.jpg

Андрэй Валковіч.

Прычыны імгненнай гібелі новага, з перадавымі па тых часах сродкамі абароны і падтрымання плывучасці, карабля абмяркоўваюцца з таго часу і да нашых дзён. Афіцыйная версія — падрыў насавой часткі на міне, пасля якога адбылася дэтанацыя карабельных мін і снарадаў, парахавых ды патронных скляпоў, цыліндрычных катлоў. Верагодна, карабель натрапіў на так званую банку мін — некалькі мін, злучаных ланцугамі. З гэтай версіяй стасуецца і афіцыйнае данясенне камандуючага японскага Аб’яднанага флоту, знакамітага адмірала Х.Тога, які сведчыў, што ўначы, напярэдадні бою, міннае судна “Кіямару” пад прыкрыццём мінаносных флатылій заклала міны каля Порт-Артура “ў розных месцах”. Разам з тым, да нашых дзён доўжацца дыскусіі наконт магчымасці таго, што японцы выкарыстоўвалі найноўшую і сакрэтную па тых часах зброю — падводную лодку. Да гэтай версіі схілялася шмат ваенных маракоў: абаронцы Порт-Артура былі спецыяльна інфармаваны пра магчымасць выкарыстання падлодак ворагам; было загадана сачыць за паверхняй мора. Ёсць карэспандэнцкія звесткі аб тым, што ў дзень гібелі “Петрапаўлаўска” з размешчанай побач Залатой Гары бачылі бліскучы аб’ект пад вадой, які рухаўся ад бухты насустрач эскадры.

На “Петрапаўлаўску” выратавалася толькі 80 чалавек, прытым што загінула 647 членаў экіпажа. Акрамя іх — начальнік штаба флоту, контр-адмірал М.П. Молас і знакаміты рускі мастак, майстар батальнага жанру Васіль Верашчагін. Да гульні лёсу ці выпадковасці можна аднесці і тое, што самая высокапастаўленая асоба на караблі — вялікі князь Кірыл Уладзіміравіч — абышоўся лёгкімі драпінамі. Вялікай стратай для рускай арміі была гібель і толькі што прызначанага камандуючага Ціхаакіянскім флотам — 55-гадовага віцэ-адмірала С.В. Макарава, з якім у гэтай вайне звязваліся вялікія надзеі.

Можна сказаць, што выбух мін раніцай апошняга дня сакавіка 1904 г. істотна паўплываў на вынік руска-японскай вайны, якая, як лічыў гісторык Л.Хаас, зрабіла вызначальны віток у лёсе сусветнай гісторыі. Безумоўна, Расія аб’ектыўна — па складзе, тэхнічным аздабленні арміі, якасцях вышэйшага кіраўніцтва, узроўні эканамічнага развіцця, іншых унутраных прычынах — не здольная была перамагчы Японію, на баку якой стаяла магутная Англія. Аднак вельмі верагодна, што паражэнне ў вайне магло б быць не такім ганебным, а яго наступствы не прывялі б да рэвалюцыі 1905 года.

Сярод загінулых, якія займалі даволі значныя службовыя пасады на “Петрапаўлаўску”, быў і старшы ўрач браняносца Андрэй Мікалаевіч Валковіч. Ён паходзіў з патомных (старадаўніх) дваран (хутчэй за ўсё — колішняй шляхты) са Смаленшчыны. Нарадзіўся ў 1870 годзе ў Мінску. Ягоны лёс — досыць тыповы для таленавітых ураджэнцаў нашага краю, якім для стварэння паспяховай кар’еры трэба было з’ехаць за яго межы. Да слова, ваенна-марскі доктар — нярэдкая прафесія для ўраджэнцаў беларускіх земляў XIX стагоддзя: кваліфікаваных спецыялістаў рыхтавалі на медыцынскім факультэце Віленскага ўніверсітэта і, пасля яго закрыцця ў 1832-м, у Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі.

Сярэднюю адукацыю Андрэй Валковіч атрымаў у некалькіх класічных гімназіях: Екацярынбургскай, Пермскай і Уфімскай (апошнюю скончыў як лепшы вучань, з сярэбраным медалём). Ён абраў прафесію ваеннага ўрача, якая звязала яго з морам: паступіў у Імператарскую Ваенна-медыцынскую акадэмію, якую скончыў у 1894 г. са ступенню ўрача з выдатным пасвечаннем. Як бачна, малады чалавек валодаў адметнымі разумовымі здольнасцямі. Акрамя гэтага, яго адрознівала высокая маральнасць: студэнтам 3-га курса ён добраахвотна паехаў у Вяцкую губерню для барацьбы з эпідэміямі тыфу і халеры. Пасля заканчэння акадэміі ў 1894-м ён быў накіраваны малодшым урачом у 9-ы пяхотны Стара-Інгерманландскі полк, у наступным годзе — на аналагічнай пасадзе ў 15-м флоцкім экіпажы; служыў на браняносцах “Гангут”, “Палтава”. Андрэй Валковіч меў і талент навукоўцы: у 1895 годзе атрымаў ступень доктара медыцыны, абараніўшы дысертацыю на тэму “Фізіялогія і паталогія страўнікавых залоз”, якую рыхтаваў у Інстытуце эксперыментальнай медыцыны пад кіраўніцтвам знакамітага прафесара І.П. Паўлава.

Пасля службы на ваенных караблях ён тры гады правёў у Шпіцбергенскай экспедыцыі на транспарце “Бакан”, за што атрымаў шэраг іншаземных узнагарод, у тым ліку шведскі ордэн Густава Вазы за “навуковыя заслугі”. Здаецца, меліся выдатныя перспектывы навуковай кар’еры, аднак ваенная прафесія абавязвала выконваць доўг: у 1902 годзе Андрэй Валковіч быў накіраваны на Далёкі Усход старшым урачом на браняносец “Перасвет”. Затым па загадзе камандуючага Ціхаакіянскай эскадры яго перавялі на “Петрапаўлаўск”. Гэта было прызнаннем заслуг Валковіча: “Петрапаўлаўск” традыцыйна быў флагманам эскадры (там знаходзіўся яе камандуючы) — досыць новы браняносец, узброены 56 гарматамі. Але судна аказалася бездапаможным перад мінамі… Магчыма, лёс Андрэя Валковіча мог скласціся інакш, калі б ён застаўся на “Перасвеце”: браняносец, як і большасць караблёў эскадры ў Порт-Артуры, быў расстраляны японскімі гаўбіцамі ды патоплены 23 лістапада 1904 г., аднак асноўную частку экіпажа ды зброю перавезлі на бераг, каб працягнуць змагацца за Порт-Артур ...

Трагічна абарваны ў росквіце жыццёвых і творчых сіл лёс таленавітага доктара, даследчыка — яшчэ адна страта сярод мноства раскіданых па чужых краях нашых суайчыннікаў...

Ігар ВУГЛІК, кандыдат гістарычных навук, дацэнт