Для дызайну: не музей, а прастора

№ 15 (1141) 12.04.2014 - 18.04.2014 г

У культурным асяродку мае розгалас думка пра неабходнасць стварэння ў Беларусі Музея дызайну. Зразумела, што найперш яе падтрымліваюць самі дызайнеры, якія хацелі б такім чынам сцвердзіць высокі сацыяльны статус сваёй прафесіі. Тым больш, што ў замежжы падобныя музеі не рэдкасць. Як яны выглядаюць, як функцыянуюць? З гэтым пытаннем мы звярнуліся да старшыні Беларускага саюза дызайнераў Дзмітрыя СУРСКАГА, і вось што ён нам распавёў.

/i/content/pi/cult/476/10137/13-4.jpg

/i/content/pi/cult/476/10137/13-3.jpg

/i/content/pi/cult/476/10137/13-1.jpg

/i/content/pi/cult/476/10137/13-5.jpg

Музей дызайну ў ізраільскім горадзе Халоне і фрагменты яго экспазіцыі. / Фота Дзмітрыя СУРСКАГА

Прастора, бо...

— На сайце Саюза мы часта змяшчаем інфармацыю пра замежны досвед у галіне дызайну, у прыватнасці — пра дызайн-фэсты і дызайн-цэнтры розных краін, — кажа спадар Сурскі. — Нядаўна мне давялося наведаць Музей дызайну ў ізраільскім горадзе Халон, што непадалёк ад Тэль-Авіва. Халон лічыцца “дзіцячай сталіцай” краіны. Тут створана інфраструктура для сямейнага адпачынку, ладзіцца традыцыйны карнавал, ёсць шмат забаўляльных цэнтраў для дзяцей. Маецца нават Дзіцячы музей. А папулярнасць сярод дарослых мае згаданы Музей дызайну.

Шчыра скажу, што на глыбокае вывучэнне досведу гэтай культурнай установы ў мяне не было часу. Мне даволі цяжка зразумець, на якія грошы музей існуе, як працуе, функцыянуе. Але нават павярхоўнага знаёмства з ягонай дзейнасцю мне хапіла, каб ацаніць эфектыўнасць арганізацыйнай структуры музея і высокую якасць выставачных праектаў, што ладзяцца ў ягоных сценах.

Гэта не столькі музей у нашым звыклым разуменні, колькі выставачная прастора з інфармацыйна-адукацыйным цэнтрам. Тут ёсць месцы, куды можна проста прыйсці ды папрацаваць, а таксама — вялікая бібліятэка тэхналогій і матэрыялаў, якія могуць быць скарыстаны ў самых розных галінах дызайну. Прычым атрымліваеш не толькі інфармацыю пра матэрыялы, але і маеш магчымасць памацаць іх рукамі. Стрыжнявая асоба ў Музеі дызайну — менеджар, які шукае гранты ды распрацоўвае канцэпцыі выставак...

Экспазіцыя ў паветры

— У час майго наведання ў музеі праходзіла выстаўка веласіпедаў. Недзе парадку дзвюх тысяч адзінак гэтага віду транспарту прадставіў аўстрыйскі калекцыянер. Веласіпеды падвесілі ў паветры на штанзе, якая сваёй канфігурацыяй імітавала велатрэк. Было вельмі эфектна і прыгожа, а вонкава гэта нагадвала карункі. Да таго ж вельмі зручна для гледача: усе вузлы і механізмы размешчаны на ўзроўні вачэй. Экспазіцыю дапаўнялі матэрыялы па гісторыі веласіпеднага руху ў Ізраілі: фотаздымкі і артэфакты кшталту веласіпедных нумароў.

Музей адметны архітэктурай. Кожная дробязь даведзена да ладу. У прыватнасці, вельмі сімпатычная мэбля — камфортная і спрыяе сумоўю. Цудоўная крама літаратуры па дызайне і сувенірах, кавярня. Сярод наведвальнікаў шмат замежнікаў, прычым складвалася ўражанне, што людзі гэта збольшага невыпадковыя, што яны маюць нейкае дачыненне да мастацтва. Месца —люднае, жывое, прыцягальнае...

Пэўную ролю ў гэтай прыцягальнасці адыгрывае статус Халона як цэнтра адпачынку. Але ж згаданы музей, на маю думку, стаўся самадастатковай каштоўнасцю, якая не засталася б па-за ўвагай і на месцы менш людным. Мне, прынамсі, хочацца прыехаць туды зноў...

Свой будынак ці прыстасаваны?

Мяркуючы па даступнай інфармацыі, Музей дызайну ў Халоне — не сховішча твораў дызайну і артэфактаў, датычных гэтай з’явы, а прастора для прафесійнага сумоўя. Прытым што задача дадзенай установы — не толькі і не столькі навукова-асветніцкая, а хутчэй рэкламна-гандлёвая. Прафесіяналам зразумелая самадастатковая каштоўнасць выставак, якія ладзяцца ў музеі, але гэтыя экспазіцыі мусяць прыцягваць увагу грамады да самога існавання музея як інфармацыйна-рэкламнага цэнтра дызайн-паслуг і сучасных тэхналогій, прыдатных для аздобы побыту. Дадзеная сітуацыя аналагічная той, калі паказ на тэлебачанні папулярнага серыяла ці рэйтынгавай праграмы спонсар аплачвае дзеля магчымасці размясціць там сваю рэкламу. Музей дызайну ў Халоне правільней назваць галерэяй, але лічыцца музеем — больш рэспектабельна ды прэстыжна. І гэта таксама працуе на рэкламу, а значыць — на досыць бязбеднае функцыянаванне ўстановы.

Кажуць, архітэктура — не пабудова, якую ўпрыгожваюць, а ўпрыгожанне, што будуюць. Будынак Музея дызайну ў Халоне можа быць ілюстрацыяй да гэтай тэзы. У плане ён нагадвае нейкую тэхнічную прыладу, якая адпавядае духу і зместу дызайну як творчасці на сумежжы мастацтва і тэхнікі. Нешта ёсць у яго вобразе ад славутага Музея Саламона Гугенхайма ў Нью-Ёрку. Я не здзівіўся б, каб даведаўся, што менавіта гэтым творам Фрэнка Райта натхняўся стваральнік музея ў Халоне. Але вызначыцца ў творчасці з вартым арыенцірам — праява прафесіяналізму. У выніку ж атрымалася пабудова адначасова прыгожая і функцыянальная.

На маю думку, гэта правільна: будаваць для музеяў і галерэй спецыяльныя памяшканні, а не прыстасоўваць наяўныя. За выключэннем, зразумела, тых выпадкаў, калі гістарычны будынак адпавядае тэматыцы экспазіцыі. Калі ў Мінску нарэшце дойдзе справа да стварэння Музея дызайну, дык, спадзяюся, для яго і будынак спраектуюць адмысловы, які стане выдатным творам архітэктуры ды сваім знешнім выглядам сцвердзіць высокі ўзровень дызайну ў нашай кране.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"