Вакансій у нас няма

№ 15 (1141) 12.04.2014 - 18.04.2014 г

Кацярына КАРКОЗАВА, Чэрыкаўскі райвыканкам:
Чэрыкаў — прысожскі маленькі гарадок паміж Слаўгарадам і Крычавам. Тут пасля 1986 года будавалася жыллё для чарнобыльскіх перасяленцаў. Але неўзабаве высветлілася, што і гэтая зямля падпала часткова пад уздзеянне радыенуклідаў. Што паказаў апошні візіт “К” у Чэрыкаўскі раён? Работнікі культуры тут — дружная сям’я, шмат таленавітых майстроў і фальклорных калектываў. Кожны падворак — гасцінны і адмысловы. Словам, усё так, як збольшага і па ўсёй нашай Беларусі: утульна ды для душы карысна.

/i/content/pi/cult/476/10136/12-1.jpg— І усё ж мы — не падобныя да іншых. Ну скажыце, ці ў кожным раёне вы чулі пра тое, што больш за 72 працэнты работнікаў культуры маюць сярэднюю і вышэйшую спецыяльную адукацыю? Дзесяць працэнтаў ад агульнага творчага калектыву цяпер вучыцца. Сёлета таксама накіроўваем дзяўчат у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Можна сказаць, вакансій у нас няма. “Дамарослыя” кадры працуюць у музычнай школе. Многія вучацца ў Магілёўскім дзяржаўным бібліятэчным каледжы, дзе можна атрымаць адукацыю і бібліятэкара, і клубніка. Гэта для нас вельмі выгадна. Так што мае калегі ведаюць, дзеля чаго працуюць. Таму ініцыятыў хапае.

Толькі адзін прыклад творчага праекта. Ён — аўтарскі. Распрацавала яго загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Цэнтральнай раённай бібліятэкі Валянціна Дамаркова. Праект прысвечаны культурнай спадчыны Чэрыкаўшчыны. І гаворка тут, самае карыснае, — не толькі пра папулярызацыю гісторыі, традыцыйнага нацыянальнага мастацтва, вуснай народнай творчасці, але і пра выдавецкую дзейнасць нашых бібліятэк. Дзейнічае праект з кастрычніка мінулага года. За гэты час створаны дакументальны банк даных, выпушчаны біяграфічныя альбомы. Рыхтуецца выхад мастацкіх альбомаў, зборнікаў народных песень, мясцовых традыцый і абрадаў. Лічу гэтую работу і творчай, і адукацыйнай, і ідэалагічнай. На наступны год запланаваны выпуск даведніка-гіда “Па славутых мясцінах Чэрыкаўшчыны”...

Праблем, натуральна, хапае. У каго з маіх калег іх няма? Але неяк паступова навучыліся іх вырашаць. Былі, да прыкладу, пытанні з тэхнічнай базай. Але за кошт нарошчвання пазабюджэту вырашылі іх ці не па кожнай установе. Дарэчы, летась зарабілі за кошт аказання платных паслуг звыш 300 мільёнаў рублёў. Сёлетні план, натуральна, крыху большы, але пастараемся выканаць і яго. І не толькі за кошт канцэртна-гастрольнай дзейнасці.

Справа ў тым, што ў 2010 годзе ў Чэрыкаве згодна з Абласной праграмай па захаванні і развіцці традыцыйнай мастацкай культуры Магілёўшчыны пачаў працаваць Раённы дом рамёстваў. Неўзабаве пры ім адкрылася сувенірная крама. Яна таксама дае стабільны грашовы даход. Сёлета асартымент прадукцыі пашырыцца: распачынаем выраб тканых паясоў. Натуральна, вучым рамёствам і мясцовую дзятву. На леташнім Міжнародным дзіцячым фестывалі “Залатая пчолка” гурткоўка Марына Пятрова заняла сярод юных майстроў І месца.

З рамонтамі сітуацыя таксама падкантрольная: усе вядучыя ўстановы культуры своечасова даведзены да ладу. Вялікую падтрымку ў гэтым аказвае наша гаспадарчая група.

Як і ўсе, рыхтуемся да аптымізацыі сеткі ўстаноў культуры. Справа дзяржаўная, звернутая на павышэнне эфетыўнасці нашай штодзённай работы. Дый заробкі за кошт эканоміі сродкаў можна будзе крыху павялічыць. Але людзі ў выніку такой рэарганізацыі пакутаваць не будуць. Прынамсі, на першы план мы ставім не скарачэнне работнікаў, а скарачэнне ўстаноў. Калі спецыяліст сапраўды прафесіянальны, справа ў культуры яму абавязкова знойдзецца. У гэтым — і тактыка мая, і стратэгія...

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"