Чаго жадаюць “дэушкі”?

№ 15 (1141) 12.04.2014 - 18.04.2014 г

Аптымізацыя з аптымізмам? З семінара Інстытута культуры Беларусі
"Чаму такі семінар не правялі раней?" — пыталіся ў кулуарах мерапрыемства і, пасля непрацяглых разваг, адказвалі самі сабе: відаць, было зарана. На ўсё патрэбен час. Тым больш, калі спачатку ставіш мэту, а пасля пачынаеш аналізаваць, ці рэальная яна для дасягнення… Рэспубліканскі семінар, праведзены 9 красавіка ў Інстытуце культуры Беларусі, быў прысвечаны “аптымізацыі дзейнасці клубных устаноў: нарматыўна-прававым і вытворча-арганізацыйным пытанням”. Прысутнічалі на ім прадстаўнікі Міністэрства культуры на чале з начальнікам упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Вадзімам Шчэрбічам, работнікі культуры абл- і райвыканкамаў, кіраўнікі метадычных цэнтраў. І сабраліся ўсе з адзінай мэтай: вылучыць асноўныя праблемы аптымізацыі ды паспрабаваць іх вырашыць агульнымі намаганнямі. Бяру на сябе адказнасць сцвярджаць, што ці не ўпершыню гаворка пра аптымізацыю была падмацавана досыць аптымістычнай канкрэтыкай. Вадзім Шчэрбіч, да прыкладу, назваў аптымізацыю не самамэтай, а формай пошуку найбольш эфектыўнай мадэлі клубнай справы. І самае галоўнае — не сцвярджалася, што 20 працэнтаў спецыялістаў сферы неабходна скараціць. Стратэгічнае поле для тактычнага манеўравання значна пашыралася за кошт “адрэдагаванай” фармулёўкі: скараціць варта да 20 працэнтаў работнікаў. Карацей, семінарскае тэарэтычнае рэзюмэ наступнае: ніхто не хоча неапраўданых страт. А як з практычным яго ўвасабленнем? Вось пра гэта — і гаворка.

А што скажуць фінансісты?

Для высвятлення праблемных момантаў выступіць было прапанавана прадстаўнікам з абласцей і раёнаў. Начальнік планава-эканамічнага аддзела галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама Алена Паўлава разгледзела пытанне з пункта гледжання фінансавага і заканадаўчага. Аптымізацыю (да 30 працэнтаў) у асобных раёнах даўно правяла чарнобыльская бяда, што прывяла да адсялення людзей. Але і без гэтых рэгіёнаў праверкі паказалі: асобныя сельскія ўстановы (у асноўным — з чацвёртай групай па аплаце працы) проста не дзейнічаюць. Таму фінансавае ўпраўленне давяло спіс паселішчаў, дзе жыве менш за сто вяскоўцаў і амаль няма моладзі. Указанне губернатара: установы культуры ў такіх вёсках закрыць. Дыферэнцыраваны працэс доўжыцца. “Абяздоленыя” паселішчы абслугоўваюць 22 аўтаклубы.

Ствараюцца ўстановы змяшанага тыпу: 49 бібліятэк-клубаў, 31 клуб-бібліятэка. Яшчэ адзін варыянт аптымізацыі: далучэнне сельскіх устаноў да цэнтральных гарадскіх. Летась было закрыта 52 установы, скарочана 327 штатных адзінак. Як запэўнівае Алена Паўлава, эканомія бюджэтных сродкаў склала 739 мільёнаў рублёў. Упершыню аб’ём пазабюджэтных даходаў апярэдзіў тэмпы бюджэтнага фінансавання. Але сэканомленыя сродкі на аплату працы не накіроўваліся. Фінансавае ўпраўленне вусным распараджэннем гэта забараніла…

Цікавы факт, пра які “К” у свой час пісала: у Гомельскім раёне яшчэ ў 2005 годзе створаны Урыцкі рэгіянальны цэнтр культуры і вольнага часу, які аб’яднаў на сваёй базе сем устаноў (зона абслугоўвання — 17 населеных пунктаў). Гэта адзіны сельскі клуб са сваёй бухгалтэрыяй, разліковым рахункам ды інспектарам па кадрах. Але эканамічнага эфекту — няма. Дырэктар рэгіянальнага цэнтра атрымлівае такі ж заробак, як і дырэктар СДК. Назваць сем структурных адзінак Цэнтра аддзеламі ці сектарамі не выпадае, бо па заканадаўстве ў аддзеле і сектары павінны працаваць чатыры і тры чалавекі адпаведна. Між тым, рэгіянальная ўстанова значна перавыконвае даведзеныя заданні. А фінансісты не ідуць на тое, каб павысіць урыцкім спецыялістам заробак.

У раёнах вобласці, як паведаміла Алена Паўлава, не стае кваліфікаваных спецыялістаў для пераўтварэння ўстаноў культуры ў юрыдычныя асобы з асобнымі бухгалтэрыямі. І фінансавае ўпраўленне не надта, мякка кажучы, стымулюе працэс цэнтралізацыі. Выйсце  — у стварэнні комплексных устаноў з генеральным дырэктарам на чале… А ўвогуле, падкрэсліла спецыяліст, у нас няма адзінага падыходу, алгарытму для вырашэння пастаўленай задачы. Ці ж можна механічна дадаваць да цэнтральных устаноў сельскія, пакідаючы пры гэтым ранейшыя памеры заробкаў? Штосьці на Гомельшчыне пакуль не да аптымізму. І я падзяляю гэтую трывогу. З фінансістамі пасябраваць, што Бога за пяты ўхапіць...

Не клуб, а аддзел

Акурат год таму я і Кастусь Антановіч наведалі Дзяржынскі раён. У аграгарадку “Баравое” кіраўнік СДК Алена Жыбуль доўга тлумачыла нам, што не клубам яна кіруе, а… аддзелам. Год таму на Дзяржыншчыне правялі цэнтралізацыю, не сапсавалі адносін з фінансістамі і не чакалі ад Міністэрства культуры галіновых рэкамендацый. Таму і не было здзіўлення, што начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзяржынскага райвыканкама Наталля Сінюковіч расказвала на семінары пра рэарганізацыю клубаў без аскоміны, а з сапраўдным аптымізмам.

У “галаўнога” аддзела, паведаміла яна, ёсць цэнтралізаваная бухгалтэрыя і гаспгрупа. У складзе Дзяржынскага РЦК, утворанага на базе райметадцэнтра, пераўвасобленага ў аддзел, — 18 сектараў і аддзелаў. Гэта былыя сельскія клубы і СДК. Апрача РЦК, яшчэ чатыры клубныя ўстановы маюць статус юрасобы. Але, кажа Наталля Сінюковіч, нейкія міністэрскія распрацоўкі, схемы і рэкамендацыі ўсё ж патрэбны, бо разбіваючы аддзел на дзяржустановы культуры (а кожная “дэушка” — так у размове спецыялісты ўжываюць варыяцыю на тэму абрэвіятуры ДУ — цягне цяпер коўдру на сябе), мы губляем каардынуючую сілу, што фарміруе агульнараённую культурную палітыку, наладжвае масткі з фінансістамі, аб’ядноўвае намаганні структур.

Але аптымізму дадае тое, што ў работнікаў культуры Дзяржыншчыны з’явіўся агульны фонд аплаты працы. А гэта — магчымасць матэрыяльнай стымуляцыі самых лепшых спецыялістаў.

Знайсці свой шлях

Дырэктар Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Кацярына Лабука апошнім часам шмат выказвалася на старонках “К” пра ход аптымізацыі ў рэгіёне, таму не буду спыняцца на яе выступленні. Зазначу, што спадарыня Лабука — за ўласны шлях да аптымізацыі. У кожнага — свае дэмаграфічныя ўмовы, свае магчымасці. Між тым, Віцебшчына паставілася да вырашэння праблемы з адказнасцю: нават метадычку выдала з абагульненнем магілёўскага, смаленскага ды пскоўскага досведу, правяла аналіз эфектыўнасці клубнай дзейнасці ў кожным раёне. Калі канкрэтызаваць: шлях, абраны рэгіёнам, у нечым падобны на дзяржынскія эксперыменты. Але праблемы муляюць тыя ж, што і на Гомельшчыне. І тут толькі прыступаюць да надання статуса юрасоб 18 клубным установам раёнаў…

Свой шлях і ў Маларытчыны: раён вельмі маленькі. Начальнік мясцовага аддзела Андрэй Гарбацэвіч не беспадстаўна перакананы: агульная схема аптымізацыі патрэбная, але кожны яе крок павінен быць законным. Чаму, сапраўды, мы павінны лавіраваць вакол фінансістаў і прыхоўваць парушэнні штатных раскладаў? Вадзім Шчэрбіч, у сваю чаргу, заўважыў, што праблема — вострая, таму не канстатацыі патрэбны, а канкрэтныя прапановы па змяненні сітуацыі. Дык вось, у Маларыцкім раёне створана Цэнтралізаваная клубная сістэма з дырэктарам і ягоным намеснікам. Маларыцкі акцэнт: усе ўстановы ўваходзяць у ЦКС на правах асобных устаноў са сваімі даведзенымі паказчыкамі ды групамі аплаты працы. Юрасоба, такім чынам, адна. А структурным падраздзяленням, каб павысіць заробкі, ёсць да чаго імкнуцца. Слушнае, як падаецца, і такое бачанне клубных перспектыў…

Надзённасць семінара пераацаніць цяжка. Карысць — таксама. Але, як падаецца, ладзіць такія семінары давядзецца з максімальнай перыядычнасцю. Каб прыйсці да канчатковага і агульнакарыснага выніку, звесці ў адно ўсе бачанні і ўсе мадэлі найбольш эфектыўнага развіцця клубнай справы.. Каб не атрымалася, як у той показцы: пабудавалі мост — яго трэба ахоўваць; узялі вартаўніка — яму трэба плаціць; завялі бухгалтэрыю — ёй трэба кіраваць; адшукалі начальніка, а тут — аптымізацыя. Каго звольнілі? Правільна, вартаўніка.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"