Небяспека ліхтарыкаў

№ 15 (1141) 12.04.2014 - 18.04.2014 г

Новая народная забава з запускам лятаючых ліхтарыкаў не такая ўжо бяспечная і экалагічная, як запэўніваюць прадаўцы. Зразумела, законы тут дыктуюць грошы.

У цяперашні час “нябесныя” ліхтарыкі забаронены ў некаторых штатах ЗША, часткова — на тэрыторыі Германіі, Іспаніі, у іншых краінах свету. Напрыклад, у Бразіліі іх запуск лічыцца злачынствам і караецца пазбаўленнем волі на тэрмін да трох гадоў.

Канструкцыяй “нябеснага” ліхтарыка з’яўляюцца гарэлка, каркас, зроблены, як правіла, з дроту, а купал абцягнуты ліставым матэрыялам, якім часта служыць папера. “Нябесныя” ліхтарыкі былі прыдуманы ў Кітаі і выкарыстоўваліся ў ваенных мэтах.

Цяпер яны служаць забаўкай, але могуць стаць прычынай пажару. Вядомыя выпадкі, калі ад падпаленых ліхтарыкаў загараліся дрэвы, машыны, выгаралі балконы. Ледзь не здарыўся пажар на тэрыторыі расійскага кінаканцэрна “Мосфильм”, дзе ліхтарыкі са свечкамі прызямліліся на драўляныя дэкарацыі пляцовак і мяккі дах здымачных павільёнаў. Толькі аператыўнасць работнікаў пажарнай аховы дапамагла прадухіліць пажар.

“Нябесны” ліхтарык можа пераадольваць значныя адлегласці і, адпаведна, прызямляцца дзе заўгодна. Гэта і з’яўляецца адной з асноўных прычын узнікнення пажараў. Варта адзначыць, што звычайна “нябесныя” ліхтарыкі запускаюць у цёмны час сутак, калі большасць людзей спіць, і іх прызямленне на гаручыя рэчывы ды матэрыялы не адразу заўважаць. Па такой жа прычыне ў Вялікабрытаніі здарыўся пажар на заводзе па перапрацоўцы пластмасы, у ліквідацыі якога прымала ўдзел больш за 200 пажарных, 40 адзінак тэхнікі. Сярод пажарных былі пацярпелыя.

Мяркую, пералічаных прычын дастаткова, каб пачаць упрыгожваць сваё жыццё іншымі, больш карыснымі ды экалагічнымі, рэчамі.

Таццяна БЫЧАНОК, спецыяліст групы прапаганды і навучання Савецкага РАНС г. Мінска