РДК і яго новыя магчымасці

№ 15 (1141) 12.04.2014 - 18.04.2014 г

У Клічаве гасцінна адкрыўся раённы Дом культуры. У харэографаў з’явіліся новыя магчымасці. Тым больш, яны распачалі працу па адраджэнні мясцовага традыцыйнага танца. Перад гэтым былі праведзены шматлікія этнаграфічныя экспедыцыі.

/i/content/pi/cult/476/10133/11-1.jpg

/i/content/pi/cult/476/10133/11-3.jpg

У нядаўняй танцавальнай вечарыне прынялі ўдзел носьбіты нашай спадчыны — бабулі, якія памятаюць, як танчылі калісьці на вечарынах ды вяселлях. Сярод прысутных хочацца згадаць Вольгу Кушнер, Зою Самец, Зінаіду Мезян, Марыю Бялову. Яны з лёгкасцю падымаліся са сваіх месцаў насустрач знаёмым з дзяцінства мелодыям. Танцавалі розныя танцы: польку, вальс, падэспань, кадрылю, “Лысага”, “Страданія”. Гулялі ў розныя гульні, напрыклад, у карагод “Юрачка”. Спачатку маладыя хлопцы і дзяўчаты зацікаўлена назіралі за танцамі, потым, з вялікім задавальненнем, і самі пачалі танчыць. Прымаў удзел у вечарыне і маладзёжны танцавальны калектыў Дзмітраўскага сельскага дома культуры “Кантрасты” (кіраўнік — Анжэла Барадзіна).

Выстаўка “Сялянская хата” створана рукамі кіраўніка народнага аматарскага аб’яднання “Праца. Творчасць. Ініцыятыва” Анатоля Коўрыка. Ён сабраў цудоўную калекцыю побытавых рэчаў. Удзельнікі танцавальнай вечарыны ўвесь час фатаграфаваліся з майстрам.

Працавала і выстаўка работ кіраўніка народнага аматарскага аб’яднання “Спадчына”, члена Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Валянціны Нікіцінай. Яна таксама працуе ў кірунку адраджэння нашай народнай спадчыны, збірае песні і абрады, працуе над традыцыйнай лялькай раёна Клічаўшчыны, займаецца рэканструкцыяй і ўзнаўленнем ручнікоў. На вечарыне таксама граў цудоўны гарманіст Дзмітрый Русецкі.

Работнікі раённага Дома культуры маюць намер зрабіць танцавальныя вечары з удзелам інструментальных ансамбляў традыцыйнымі.

Жанета АЧЫНОВІЧ, кіраўнік этнаграфічнага аматарскага аб’яднання “Карагод”