Сакральнае мастацтва на кніжных старонках

№ 5 (823) 02.02.2008 - 08.02.2008 г

17 студзеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася прэзентацыя кнігі Надзеі Высоцкай “Сакральны жывапіс Беларусі XV — XVIII стагоддзяў” і лепшых кніг, выпушчаных апошнім часам выдавецтвам “Беларусь”.

 /i/content/pi/cult/147/1013/Sacralny1.jpg
Доктар мастацтвазнаўства, прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Надзея Высоцкая некалькі дзесяцігоддзяў прысвяціла даследаванням, ратаванню і папулярызацыі помнікаў сакральнага мастацтва. Яна распавяла пра сваю працу па пошуку, атрыбуцыі, рэстаўрацыі каштоўных абразоў.
У новай важкай кнізе-альбоме сабраны выявы і звесткі пра экспанаты з унікальных музейных калекцый Беларусі і Расіі, алтарныя карціны, алтары, абразы, іканастасы, якія і цяпер знаходзяцца ў храмах. Аўтар-укладальнік упершыню ўводзіць у навуковае карыстанне помнікі з даваеннага Музейнага фонду і раней невядомыя творы.
Запрошаны на прэзентацыю намеснік міністра інфармацыі РБ Ігар Лапцёнак аднёс “Сакральны жывапіс Беларусі” ў лік лепшых кніг года. Цягам 2007 г. з дзяржаўных і прыватных выдавецтваў нашай краіны выйшлі 12 тысяч найменняў кніг агульным накладам каля 50 тысяч асобнікаў, але выдавецтва “Беларусь” застаецца флагманам айчыннага кнігадрукавання, — падкрэсліў Ігар Мікалаевіч і пажадаў, каб і далей паспяхова выходзілі новыя выданні, якія будуць годна прадстаўляць нашу кніжную справу.
Галоўны рэдактар выдавецтва “Беларусь” Якаў Аляксейчык пацвердзіў, што апошнім часам прыярытэтным робіцца выпуск літаратуры, прысвечанай гісторыі айчыннага мастацтва, культуралогіі, а таксама фотаальбомаў аб прыродных скарбах Беларусі, аб гарадах са славутай архітэктурнай спадчынай.
“Трэба, каб усе мы ведалі, што нашы продкі здзейснілі значныя дасягненні ў мастацтве, — сказаў ён. — І новая кніга Надзеі Высоцкай наглядна сведчыць пра ўнёсак беларусаў у сусветную культуру. Важнасць новых ведаў, якімі ўзбагацяцца чытачы “Сакральнага жывапісу Беларусі...”, падкрэсліў Сяргей Ходзін, дэкан гістарычнага факультэта БДУ, дзе зараз працуе Н.Высоцкая.
Аўтарка перадала экзэмпляры кнігі-альбома ў дар Нацыянальнай бібліятэцы і Беларускаму дзяржаўнаму універсітэту. Каб сабраныя матэрыялы годна выглядалі ў друку, разам з навукоўцам парупіўся дызайнер Генадзь Мацур. Паводле яго слоў, гэта прыклад удалай кнігі — той, якая робіцца з добрымі пачуццямі, ва ўзаемаразуменні паміж аўтарам і выдавецкай групай. Такія выданні паспяхова разыходзяцца і за межамі Беларусі, напрыклад, у суседняй Літве. Вялікую цікавасць у запрошаных на імпрэзу выклікаў і двухтомнік “Гісторыя беларускага мастацтва”. Гэты фундаментальны, багата ілюстраваны летапіс ад каменнага веку да пачатку ХХІ стагоддзя склаў кандыдат мастацтвазнаўства Барыс Лазука. Напісала раздзелы пра архітэктуру ХІХ і ХХ стагоддзяў і выканала некаторыя фатаграфіі яго дачка Наталля. Мастакі, навукоўцы, выкладчыкі, супрацоўнікі бібліятэк, выдаўцы, журналісты мелі магчымасць пазнаёміцца таксама з новымі кнігамі “Жаночы касцюм на Беларусі” і “Мужчынскі касцюм на Беларусі” і іх аўтаркамі — кандыдатамі гістарычных навук, старшымі навуковымі супрацоўнікамі ІМЭФ імя К.Крапівы НАНБ Валянцінай Бялявінай і Любоўю Ракавай (“Культура” публікавала інтэрв’ю з В.Бялявінай у № 43 2007 г.), а таксама з іншымі выданнямі, прысвечанымі знакамітым архітэктурным і культурным адметнасцям Беларусі.

Святлана ІШЧАНКА