A&B: Аўдыя & Відэа-1

№ 15 (1141) 12.04.2014 - 18.04.2014 г

У рубрыцы “Аўдыя & відэа” (або проста — “А&В”) прапануем міні-рэцэнзіі на работы, выдадзеныя айчыннымі выканаўцамі на фізічных носьбітах або выкладзеныя ў Інтэрнэце. Аўдыя/відэавынiкi паспрабуюць падводзіць музыкант (А), якім стаў гэтым разам Аляксандр Памідораў, і спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура” (В) Алег Клімаў.

/i/content/pi/cult/476/10128/9-8.jpg

Аўдыя

“Clover Club”, міні-альбом “Five Bones”

А: “Clover Club”, што запомніўся лёгкасцю і натуральнасцю дэбютнай пласцінкі ў 2012 годзе як меламанам, так і суровым рэцэнзентам, адзначыўся рэлізам з пяці кампазіцый. Гурт стаў неяк больш... прыземлены, ці што. Гульня ў індзі-саўнд удалася далёка не напоўніцу: нумары “Frank the Bone Collector” і “Supermind” выклікаюць трывалыя асацыяцыі з гуртом “U2” 1990-х, прычым у выпадку з першай песняй гэта яшчэ і ўсхвалявала — прынамсі, да прыпеву ўсё было досыць цікава... Вакал страціў энергічнасць, у песні “Stripper” наогул складаецца адчуванне, што Вользе Цяшкевіч надакучвае саліраваць ужо з паловы першага куплета. Рэзюмую: па ўзроўні як матэрыялу, выканання, так і гуку, “Five Bones” да дэбютніка “Random Mood Jukebox” не дацягнуў.

В: Малады мінскi гурт у 2012-м атрымаў масу авансаў у выглядзе шматлікіх прэмій. Летась каманда мала дзе мільгацела з выступленнямі. Аказалася, што ўдзельнікі пераасэнсоўвалі і ўласныя жыцці, і калектыўную творчасць. Па выніку: ад рокава-электроннага саўнда яны не адмовіліся, меладызм, што прыйшоўся даспадобы крытыкам, прысутнічае, як і свежасць, лёгкасць, стрыманы запал дэбютнага рэлізу. Не ведаю, што канкрэтна пераасэнсоўвалі музыканты, але на месцы яны не стаялі. У параўнанні з мінулым агрэсіі, якая прысутнічала як дадзенасць рок-стылю, стала менш. Дарма, як мне здаецца, паколькі “Cover Club” удала выкарыстаў вось гэтае абаянне кантрасту — пацяжэй/палягчэй. Прынамсі, з пяці кампазіцый з агульнага канцэпту рытмічна ледзь “выпадаюць” трэкi “NIM” і “Supermind” з яго бурным фінішам. Расчараваныя скажуць: апапселі. Мо і так, але невялікі ўхіл у гэты бок чуўся і раней, правільны такі ўхіл.

“Melyazm”, альбом “Каб было”

А: Калі вы выявілі ў сабе цяжкавытлумачальную цягу да запісаў 1985 — 1992 гадоў калектываў ленінградскага рок-клуба і маскоўскай “Рок-лабараторыі”, то гэты альбом — для вас. Вельмі рамантычная праграма, як ні зірні. Летаўска-васільеўская манера спеваў, арганічная ў гэтым матэрыяле, і жаданне выкарыстоўваць любыя даступныя музычныя інструменты ў запісе — традыцыйныя для магілёўскіх гуртоў. Як і традыцыйная для савецка-рускага року прэтэнзія на паэзію ў тэкстах, драматызацыя побыту, сублімацыя бойкі і спроба фiласафiзаваць яе ж. Прымат тэксту над музыкай сыграў, аднак, злы жарт: пасля першага квадрата песні “Фазан” усё ж лепш уключыць канцэртны варыянт песні “Чёрный пёс Петербург” гурта “ДДТ”, і на гэтым ёсць рызыка скончыць знаёмства з “Melyazm”. Запісаны ж альбом якасна, нічога не скажаш. У адрозненне ад разброду сталічных артыстаў, магілёўцы верныя шчыльнаму і досыць празрыстаму саўнду. Карацей, перш чым шукаць дух рускамоўнай рок-музыкі 1980 — 90-х у суседзяў, не лішне зазірнуць у Магілёў. Там яго больш.

В: Магілёў, калі вы не ведаеце, з’яўляецца Мекай беларускага “рускага року”, — гэта значыць, напрамку, у якім дамінуе тэкст песні, а не музыка, і нават не іх сукупнасць. “Melyazm” — з той жа “оперы”, часам з пераборам, калі раптам выдае штучкі а-ля “Грамадзянская абарона” (напрыклад, “Хорошо” — ірваная ў вакале, нядбайная, манатонная, з iнвектыўнай лексікай). Паралель з легендарным складам Ягора Летава, быць можа, камусьці падасца перабольшанай, тады паслухайце нашых “Чырвоных зорак” розных перыядаў. Таксама ёсць перасячэнні. І ў “баявых” трэках, і ў лірычных. Уласна, лідар каманды Аляксандр Мельнікаў дырэктарстваваў (дырэктарствуе?) у магілёўскіх гуртах “Сэрца дурня” і “BezNot”, і для тых, хто “ў тэме”, адразу стане зразумела: з кім павёўся, ад тых і набраўся. Добрага, добрага, вядома. Слухайце словы, пагаджайцеся з імі, спрачайцеся, пазнавайце знаёмы побыт, усміхайцеся, радуйцеся таму, што вам выпаў шанц жыць на гэтай Зямлі! Адзначаю кампазіцыю “Фазан”.

“Без білета”, альбом “Мора”

А: Рэліз працягвае тэмы і настроі, зададзеныя альбомамі “Афрыка” і “Зорка”. Пры жаданні гэтыя тры пласцінкі можна аб’яднаць у трылогію, хоць “Мора” і пазбаўлена неабходнасці што-небудзь даказваць. Тут больш месца аддадзена ўласна прыхільнасцям гурта як цэласнага арганізму. А куды без трансляцыі настрою? Песня “365 дзён лета” можа быць абавязковай для аўдыядэвайса любога маладога (не толькі па ўзросце) закаханага або акрыленага пачуццём закаханасці чалавека. Не варта, думаю, спыняцца на гучанні: гурт у сваім маніфесце-вызначэнні адразу ставіць кропкі, адпраўляючыся ад творчасці “Кіно” і “Radiohead”. Дыск не пакіне слухача, а асабліва “безбілетніка”, без мілых, а часам і іранічных падказак ды намёкаў на карані савецкага року. Бясспрэчны ўплыў не толькі англійскай музычнай рок-экзістэнцыі пачатку 1990-х, але і брытанскага ж музычнага правакатыву а-ля Дэйман Элбарн. Бліжэй да канца пласцінкі, праўда, гармоніі песень становяцца прадказальнымі. Але тое зараз можна назваць хутчэй почыркам, чым штампам, тым больш, што лірыку тут можна расцягваць на цытаты. Нават флёр “сацыялкі” ў песні “На Ямайцы!” не дазваляе скаціцца ў меланхолію, а выклікае радасць ад такога вось абыходжання з рэчаіснасцю.

Кружэлка не пакідае адчування разнароднасці. Гэта тое, што трэба для загарадных вела- і аўтамабільных шпацыраў, як і вандровак на вялікія адлегласці ў добрай кампаніі.

В: У творчасці “Без білета” рамантыку і так можна было сёрбаць апалонікам, а ў дадзеным рэлізе яе... мора. У песнях можна сустрэць радкі на “злобу дня”, але іх усё менш, нібыта прывітанне самім сабе, тым, юным. А дрэйфуючы ў сваіх альбомах да ўсё большага гітарна-электроннага гучання, каманда, калі і не дасягнула апагею, то зрабіла чарговы крок у гэты бок. Ізноў шмат сонца, шмат пяшчоты, погляд дзіцяці на велізарны стракаты свет... Карацей, нечаканасцямі работа не адарыла. Дый ці чакалі мы іх ад калектыву, якi даўно адбыўся i вызначыўся, для чаго, для каго ён грае ды спявае? А вось чаканага, хоць аднаго, бранябойнага хіта тут няма. Усё роўненька, гладзенька, без, як кажуць, выбуху мозгу. На шлягер прэтэндуе ўжо як след раскручаны сінгл “На Ямайцы!”, але ўсяго толькі прэтэндуе.

Відэа

Макс Корж, кліп на песню “Стань”

А: Можна доўга фантазіраваць пра тое, што пакліканы сімвалізаваць або што азначае ў мастацкім сэнсе новы кліп Макса Каржа. З пункта ж гледжання чыстай класіфікацыі жанраў, перад намі, вядома, ніякі не кліп. Гэта — хоум-відэа добрай якасці. Нічым, па вялікім рахунку, не адрознае яно ад масы турыстычных нарэзак гарачых азіяцкіх тураў. Праўда, сам Корж тут, хутчэй, выконвае ролю другога плана. У галоўнай жа — заплечнік Макса, паколькі большую частку відэа камера наступае спеваку на пяты — выключна ззаду. Тут, відаць, лагічна пафантазіраваць пра лідарства Макса, і пра тое, што трэба ісці следам за ім.

А песня — у парадку! Адзінае, што выклікала здзіўленне, — радок пра тое, што “хай нягоды панясуць менавіта нас з табой”. Але, паколькі відэашэраг, нягледзячы на запаганеныя птушкамі кузавы старадаўніх аўтамеханізмаў, лірычныя трушчобы, не вельмі чыстыя часткі целаў валанцёраў, што спяць або танчаць у кадры, пакліканы выклікаць добры настрой і матываваць да дзеянняў любога, хто пакуль або заўсёды малады, то (ізноў працытую песню) — “а чё нам?!”...

В: У апошнія год-два ў постсавецкім “клiпаматографе” ў трэндзе сюжэт, калі герой роліка выпраўляецца ў далёкае ці блізкае падарожжа на плавучых сродках. Як казаў, чытаючы газету, Герасім Петрын з фільма “Няскончаная п’еса для механічнага піяніна”: “А ў гэтую самую хвіліну ў якой-небудзь паўднёвай краіне сядзіць чалавек і думае: “Цяпер сяду ў пірогу і паеду за бананамі”. І на самой справе, добра, едучы бутэрброд, разглядаць на экране, чым там займаецца ў кампазіцыі выканаўца, куды прынясе музыканта рака. Корж спявае/чытае пра сябе, пра сваю будучыню, пра якую ён шмат гадоў таму і выказаць здагадку не мог. Воды прыводзяць артыста ў кліпе ў Індыю з яе трушчобамі, прыродай і людзьмі, якія, напэўна, мараць не толькі аб хлебе надзённым, але і аб рашучым павароце ўласнага лёсу. Прыгожа, светлы сум, надзея. Карцінка зместу адпавядае.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"