Як намаляваць подых і вечнасць?

№ 15 (1141) 12.04.2014 - 18.04.2014 г

Шаснаццаць новых твораў заслужанага дзеяча мастацтваў краіны Уладзіміра Пракапцова ў Светлагорскай карціннай галерэі “Традыцыя” імя Германа Пранішнікава сталі надзіва цэласнай экспазіцыяй. Назва “Струны прасторы і часу”, пагадзіцеся, — вельмі паэтычная. Музычны падтэкст яе зразумелы. Міжволі не толькі ўглядаешся, але і ўслухоўваешся ў карціны...

/i/content/pi/cult/476/10127/8-7.jpg

У.Пракапцоў. “Раніца юнага мая”.

Кожны твор мае не толькі тэматычную, але і стылявую адметнасць. Дыяпазон майстэрства ўражвае і захапляе. Мастак можа намаляваць нават… “Вечнасць”. Ахутанае звілістым авалам дрэў неба — нібыта ўваход у курган. Камень, які мякка аброс мохам… Знітаваная зялёным подыхам прастора… Так было, так ёсць, так будзе. А хіба можна фарбамі ўвасобіць… малітву? Так і называецца карціна, размешчаная побач. Яна быццам бы падхоплівае ўжо знаёмы каларыт, што дыхае празрыстай зелянінай. Аднекуль з глыбіні прасторы праступаюць прывідныя сілуэты вернікаў, а дрыготкія свечкі, наадварот, аддаляюцца ад іх…

Не менш складана намаляваць… “Самотнасць”. Але і яе бачым у чорным і ярка-карычневым спалучэнні часавага асяроддзя перад аркушам паперы. Нейкае багдановічаўскае, самотнае адчуванне... Гэтак жа, амаль беспрадметна, выглядае ў сіняй празрыстасці, у трывожных пералівах аднаго і таго ж колеру загадкавая “Таемнасць”. Уладзімір Пракапцоў піша пачуцці? Так, але і бачыць чулымі, паслухмянымі яму фарбамі. Гэта асабліва адчуваецца ў нацюрмортах. Ды не толькі кветкавых, а і ў “Матуліным пачастунку”, які вызначаецца яшчэ і псіхалагічнай дакладнасцю. Зрэшты, такая якасць уласціва ўсім творам, бо ніякай аддаленасці паміж мастаком і тым, што ён піша, няма. Ён заўжды вельмі пазнавальна прысутнічае ў сваіх палотнах. Нават у самых розных або стылістычна адметных, такіх як “Успамін пра Палангу” і “Подых вясны. Святы дзень” або “Мелодыя надыходзячай раніцы. Старая яблыня”…

Я доўга ўглядаўся і ўслухоўваўся, памятаючы назву экспазіцыі, у “Раніцу юнага мая”. Класічны па ўсёй сваёй сутнасці твор! Нейкая лёгкасць, прасякнутая радасцю жыцця... Свежасць сабранай гэтым дыханнем шматкаляровасці. Такая ж паветраная лёгкасць прыгажосці — у цнатлівым абліччы маладой жанчыны пад парасонам... Дзіўна было пачуць ад Уладзіміра Іванавіча, што да гэтай карціны ён звяртаўся на працягу пяці гадоў. Яна здавалася мне нават ненапісанай, а імгненна выдыхнутай уласцівым толькі ёй каларытам. Амаль такое ж адчуванне і ад “Суботы. Сакавіцкай раніцы”. Тым не менш, кожны твор вызначаецца ўласцівай толькі яму праявай аднаго і таго ж таленту. Пракапцоў нібыта дэманструе ўвесь дыяпазон свайго разнастайнага майстэрства. Можа, яшчэ і таму, што экспазіцыя ўвабрала напісанае ў розны час.

Дарэчы, упершыню Уладзімір Іванавіч паказваў у нас сваю выстаўку яшчэ ў 2006 годзе. Памятаю, што і тады міжволі думалася: а як паўплывала на яго мастакоўскую існасць пасада шматгадовага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі? Ён жа мае вызначальнае дачыненне да арганізацыі вернісажаў сусветнага ўзроўню! Ці змог пераадолець прыцягальную ўплывовасць лепшых узораў жывапісу, каб застацца сабой? Міжвольная насцярожанасць не пакідала і зараз. Але адразу ж бачна яго самабытная адметнасць. Яна ў аддадзенасці родным краявідам, у пранікнёным адчуванні таямнічай сувязі таго, што ёсць, з тым, што было. Так бывае толькі ў сапраўдных творцаў. Нават эцюды напісаны паводле ўсіх канонаў завершанай карціны. Падалося, што ён піша наогул без эцюднай падрыхтоўкі. Але гэта памылковае прадчуванне: свае пленэрныя замалёўкі мастак асацыятыўна набліжае да таго, што ўбачыў і адчуў. Запомнілася карціна “У бацькавым садзе” — настолькі жывая, рухавая, што, здаецца, фрагментарна распадаецца на вачах у гледачоў. Ляцяць на самотным ветры часу галіны крон, разбягаюцца травы… Вось-вось зрушацца хата, вуллі… Але над дахам бацькоўскага селішча кроны выразна сышліся ахоўным купалам… Вось яна, мастакоўская шматасацыятыўнасць: і ў “Замёрзлым возеры” і ў “Абуджэнні”, і амаль ва ўсіх творах экспазіцыі...

Ізяслаў КАТЛЯРОЎ

Светлагорск