“Белыя росы”-2014

№ 15 (1141) 12.04.2014 - 18.04.2014 г

І ўсё ж сіквел ці асобны прадукт?
“Белые росы, Белые росы, беззащитны цветы...”, — перафразаванне вядомай песні “Ласкавага мая” дасціпна адлюстроўвала чаканні ў дачыненні да сіквела вядомага кінафільма Ігара Дабралюбава. Але ж безабаронным працяг славутай карціны не атрымаўся: рэжысёру новай стужкі Аляксандры Бутар, якая пагадзілася ўзяцца за ажыццяўленне складанага праекта, удалося-такі вытрымаць экзамен на стварэнне глядацкага кіно. На мінулым тыдні карціна “Белыя росы. Вяртанне”, пра якую вялося столькі размоў, была прадстаўлена на студыі “Беларусьфільм” пад час прэс-паказу.

/i/content/pi/cult/476/10126/8-5.jpg

Віктар Манаеў і Юозас Будрайціс на кадры з фільма.

Па шчырасці, атрымалася іншая гісторыя. З трох ліній братоў Ходасаў (Андрэя, Аляксандра і Васіля) у карціне застаецца, лічы адна — старэйшага брата. Андрэй, якога замест Генадзя Гарбука ў сіквеле выконвае Юозас Будрайціс, стаў іншым чалавекам, і ад яго разліковасці не засталося і следу. Зараз ён жыве ў вёсцы з трох хат Белыя Росы і ўся ягоная, лічы, “сям’я” — сусед Струк (Віктар Манаеў) ды суседка-вядзьмарка Паліна (Яўгенія Жуковіч). Жонка Андрэя (Ірына Ягорава-Каўрыга) сышла ад яго ды выйшла замуж за нямецкага мільянера. А дачка Васіля — Галюня (Ганна Палупанава) — жыве ў горадзе з мужам (Андрэй Мярзлікін) і дачкой (Юлія Смірнова). Вось такі расклад герояў мы маем на пачатку карціны.

Менавіта з горада і прыходзіць пагроза ў бок Белых Росаў — “запаветнай зямлі” Андрэя Ходаса: на месцы вёскі бізнес-кампанія плануе пабудаваць санаторны комплекс. І каб пазбавіцца ад непатрэбных жыхароў ды іх жылля, прадстаўнікі кампаніі, сябры-кампаньёны (Павел Харланчук і Сяргей Жбанкоў) робяць хутаранам “прывабныя” прапановы…

Аляксандра Бутар і Юлія Гірэль істотна змянілі першапачатковаты сцэнарны варыянт Аляксея Дударава, у якім ён больш аддаваў месца стасункам братоў, каб наблізіць гісторыю да сучасных дзён ды прапанаваць новы варыянт канфлікту “горад-вёска”. І, у параўнанні з “Белымі росамі” Дабралюбава, калі горад наступаў як непазбежнае новае, з выгодамі ды магчымасцямі, карціна Аляксандры дэманструе той горад як з’яву ўжо зведаную, вядомую і па многіх параметрах тую, што надакучыла. Белыя Росы Дударава-Дабралюбава — гэта сям’я, стасункі, род, лад жыцця; у варыянце ж Гірэль — Бутар Белыя Росы — амаль апошняя тэрыторыя свабоды ды спакою. Няхай у ёй толькі тры хаты і два чалавекі, але дачыненне да прыроды, небагатае, ды простае і нетаропкае жыццё, адчуванне свайго месца — вось што робіць мясціны для Андрэя Ходаса даражэйшымі за матэрыяльныя здабыткі.

Прызнацца, рэжысёр выводзіць неверагодна абаяльнае аблічча беларуса, які трымаецца, на чыйсьці прагматычны погляд, немаведама за што: за куточак зямлі, якая, акрамя прыгажосці, лічы, нічога, і не мае. Але так можа быць, і варта адзначыць, што ў выкананні Юозаса Будрайціса тая дзіўная здольнасць — гордасць праз валоданне няхай і малым, але сваім — выглядае арганічнай.

Таксама “Белыя росы. Вяртанне” аказваюцца і гісторыяй вяртання сям’і. Калі ў першым фільме яе сувязі яшчэ заўважаліся ў наяўнасці, і ўзаемастасункі бацькі ды сыноў — гэта быў цэлы сусвет, поўны непрамоўленых эмоцый, то працяг народнага кінахіта дэманструе трансфармацыю сямейнай фармацыі, калі блізкімі людзьмі аказваюцца ўсё часцей сябры ды суседзі. І рэжысёр спрабуе паказаць магчымасць яе вяртання.

Аляксандра дакладна схапіла настроі сучаснага грамадства, частка якога сумуе па вясковым жыцці, стаміўшыся ад мітусні горада і адзіноцтва, і ў яснай ды папулярнай форме дае магчымасць гледачу спатоліць прагу сваіх нястач.

Па сутнасці, у новай стужцы перад намі нават выводзіцца гэткі гіпербалізавана станоўчы партрэт беларускага грамадства, дзе капіталістычныя каштоўнасці яшчэ саступаюць чалавечым, а каханне перамагае выгаду. У дадзеным сэнсе фільм ідэальна трапляе ў глядацкія чаканні, хоць, вядома, пэўнай саладжавасці ў дэманстрацыі тых нораваў яму не ўдалося пазбегнуць. Можна сказаць, што па пэўных пазіцыях “Белыя росы. Вяртанне” сталіся гэткім рэкламным ролікам Беларусі.

Але вернемся яшчэ раз да стужкі Ігара Дабралюбава. Узгадваючы яе, мы звычайна не толькі звяртаемся да дасціпных дыялогаў Аляксея Дударава, але і згадваем выдатных акцёраў, якія ўвасобілі персажаў, што сталіся народнымі. Гэтым разам таксама можам казаць пра выдатныя акцёрскія работы. Цалкам сімпатычным аказаўся кінадэбют акцёра Горкаўскага тэатра Сяргея Жбанкова, які сыграў у стужцы “закаханага бізнесмена”. Віктар Манаеў парадаваў рухомым малюнкам ролі і тонкім гумарам. Павел Харланчук спалучыў у сваім персанажы “лёд і полымя”, увасобіўшы ашчаднага бізнесмена, якому, у выніку, не чужое ўсё чалавечае. Паўлу, лічы, давялося “ўзяць на сябе” адзінага ў карціне супярэчлівага-“адмоўнага” персанажа-беларуса.

Выключна сыгралі свае ролі Юозас Будрайціс і Ірына Ягорава-Каўрыга.

Нельга не адзначыць і з’яўленне ў стужцы Мікалая Карачанцава, якога чакалі некалькі месяцаў дзеля ўдзелу ў маленькім эпізодзе. Але гэтая невялікая сцэна, дзе вядомы акцёр з’яўляецца з тым самым славутым гармонікам з першых “Белых росаў”, атрымалася папраўдзе кранальнай...

У цэлым, Аляксандры Бутар удалося стварыць карціну, якая закране масавага гледача. І калі сіквел мае на ўвазе стварэнне асобнага прадукту, то рэжысёру ўдалося апраўдаць чаканні. Калі ж казаць менавіта аб працягу “Белых росаў”, трэба разумець, што падобны “лёгкі” шэдэўр, які паглядзеў, лічы, кожны чацвёрты грамадзянін СССР толькі ў кінатэатрах, нараджаецца зусім не часта. І паўтарыць яго поспех — справа, напэўна, амаль немагчымая. Тым не менш, прыцягнуць увагу да беларускага кіно новы сіквел цалкам здольны.

Пракат стужкі “Белыя росы. Вяртанне” запланаваны на восень.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"