Дажыць да… улазін

№ 15 (1141) 12.04.2014 - 18.04.2014 г

Суботнім днём 29 сакавіка ў цэнтры Слоніма паралельна адкрываліся адразу два немалаважныя аб’екты — сеткавая крама абутку і новы будынак тэатра. Адпаведна, у старонняга назіральніка ўзнікаў чыста спартыўны інтарэс: хто перацягне да сябе больш публікі? Перамог тэатр: ці то праз тое, што і ўстановы культуры ўжо някепска засвоілі методыку кансумацыі (музыка, танцы, свята і г. д.), ці то ўсё ж з той прычыны, што свайго тэатра сланімчане і сапраўды чакалі доўга ды з нецярплівасцю. З аднаго боку, тэатр — гэта ўвесь свет, а з іншага — канкрэтны будынак з адпаведнай шыльдай і абавязковай “вешалкай”. Менавіта яго да нядаўняга часу бракавала ў Слоніме — горадзе, тэатральныя традыцыі якога сягаюць яшчэ ў часы Рэчы Паспалітай.

/i/content/pi/cult/476/10123/44-44.jpg

На руінах Народнага дома

Слонім, насельніцтва якога не дацягвае нават да пяцідзесяці тысяч чалавек, — найменшы з гарадоў Беларусі, дзе ёсць прафесійны тэатр. Загадчык яго літаратурнай часткі і вядомы краязнаўца Сяргей Чыгрын мяркуе, што такая прывілея — зусім не выпадковасць. Ды прыгадвае ў якасці аргумента не толькі дзейнасць Міхала Казіміра Агінскага, але і куды менш вядомыя старонкі слонімскай мінуўшчыны:

— Свае трупы да рэвалюцыі тут мелі і беларусы, і татары, і яўрэі… Адпаведна, дух тэатра ў Слоніме лунаў заўсёды. І ўжо пасля вайны рэжысёр Міхаіл Фрыдман заклаў падмуркі нашага калектыву (пра гэта можна прачытаць у "К" № 14 за 2014 г.), а яго наступнік Мікалай Варвашэвіч дамогся яго цяперашняга статуса...

Было тое яшчэ ў 1990 годзе. Потым Слонімскаму драматычнаму тэатру доўга і ўпарта не шчасціла. Калектыў да нядаўняга часу мусіў туліцца “ў прымаках”, арандуючы памяшканне ў Раённым доме культуры — колішнюю выставачную залу, не прыстасаваную да тэатральных паказаў. Для “вешалкі” там месца знайшлося, а вось арганізаваць другі неад’емны атрыбут храма Мельпамены — буфет — ужо зусім не было дзе. Дый што тут казаць, калі на ўсю трупу прадугледжваліся толькі дзве грымёркі — мужчынская і жаночая?

Варта адзначыць, што праз усе гэтыя два з гакам дзесяцігоддзі нейкія захады па выпраўленні становішча рабіліся амаль несупынна. Але… Яны так і заставаліся захадамі. Сінхронна з імі на вачах гараджан адбываўся і яшчэ адзін працэс. Колішні Народны дом — равеснік ХХ стагоддзя — пакрысе пераўтвараўся ў друз. Як распавядаюць старажылы, гадоў сорак таму яго зачынілі на рамонт: стан ужо быў аварыйны. “Рамонт” зацянуўся, і ад камяніцы да нашага веку дайшлі хіба пару сценак. Менавіта ў выглядзе руін яна дачакалася ўключэння ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Месца гэтае — знамянальнае для Слоніма. Як-ніяк, галоўны “агмень культуры” для многіх пакаленняў! Народны дом пасля вайны замяніў РДК, але… сутнасць засталася той самай.

— Да маіх родных Чамяроў адсюль было далекавата: кіламетраў мо пяць, — згадвае народны мастак Беларусі Іван Міско, які завітаў у Слонім на свята. — Але такую адлегласць я падлеткам лёгка пераадольваў. Памятаю, іграў тут нейкія ролі — няхай і не самыя паважныя — у спектаклях светлай памяці Міхаіла Фрыдмана. Ды і да паступлення ў мастацкае вучылішча мяне падрыхтавала менавіта студыя, размешчаная ў гэтых сценах. Таму мне яны вельмі дарагія...

Іван Акімавіч выказаў прапанову — абавязкова стварыць у абноўленым тэатры нейкі “музейны куток”, прысвечаны гісторыі самога будынка. Балазе распавядаць там будзе пра што.

— Гэтыя сцены памятаюць Фёдара Шаляпіна, Яна Кепуру, Галіну Вішнеўскую... — кажа Сяргей Чыгрын. — Не пералічыць імёны тых знакамітасцей, якім давялося тут выступаць...

“Культпаход” і атрыбуты

Задума “прапісаць” тэатр па намоленым адрасе была слушнай і заканамернай: дзве праблемы вырашаліся адным махам. З’явілася яна яшчэ гадоў мо дванаццаць таму. А вось рэалізацыя — зацягнулася: будаўнікі прыйшлі на аб’ект толькі ўвесну 2011 года.

Зважаючы на тое, якім гэта быў час для нашай эканомікі, песімісты адразу сталі рабіць несуцяшальныя прагнозы… Тым не менш, будоўля не была “замарожана”, хаця яе каштарыс у выніку перавысіў першапачатковы амаль у дзесяць разоў! Аднак папярэдні старшыня Слонімскага райвыканкама Іосіф Паўлюкевіч і яго наступнік Алег Таргонскі мелі трывалы намер завяршыць пачатую справу.

— Знайсці тыя 23 мільярды рублёў, што спатрэбіліся для рэканструкцыі будынка, было няпроста, — кажа Алег Таргонскі. — Фінансаванне паступала і з рэспубліканскага, і з абласнога бюджэтаў, але і раён таксама свой унёсак зрабіў. А як інакш? Мы ж разумеем, што гэтыя нашы захады — канкрэтная праява таго клопату аб людзях, які вымагае ад нас кіраўніцтва дзяржавы...

Пару сцен Народнага дома і сапраўды ацалела — бы нейкая гістарычная рэліквія. Архітэктурнае рашэнне, прапанаванае інстытутам “Гроднаграмадзянпраект”, дазволіла інтэграваць парэшткі помніка спадчыны ў новы будынак, выразны фасад якога адназначна дазваляе аднесці яго да беларускай архітэктуры ХХІ стагоддзя.

Атрыманы “гібрыд” даволі арганічна ўпісаўся ў ландшафт слонімскай плошчы Леніна. У яе забудове можна сустрэць камяніцы розных эпох, у тым ліку — савецкай. Але, да гонару архітэктараў, яны збольшага здолелі захаваць і ансамблевасць, і паверхавасць, і ўвогуле ўтульную атмасферу старасвецкага пляца невялікага горада, незваротна парушаную ў іншых мясцінах бяздумнымі інтэрвенцыямі бетону ды шкла.

Унутры тэатр поўнасцю адпавядае свайму статусу раённага храма Мельпамены: сціплы шык, але без кітчу. Яго наведвальнікам гарантаваны поўны набор прыемных складнікаў якаснага “культпаходу”: паправіць фрызуру альбо гальштук перад люстэркам у гардэробе, завітаць у кавярню ў чаканні на дзею, размясціцца ў мяккім крэсле ўтульнай залы на дзве сотні месцаў і спакойна чакаць трэцяга званка — дарэчы з мелодыяй Паланэза, што таксама немалаважна для Слоніма. Раней жыхары райцэнтра былі вырачаны выпраўляцца па такія радасці некуды ў Гродна або Мінск.

Але яшчэ больш прыкметныя змены зведае работа самой трупы, што складаецца з шаснаццаці чалавек. Цяпер праблема з грымёркамі цалкам вырашана, і акцёры сталі пачувацца куды камфортней.

Запытаўся ў дырэктара СДТ Мікалая Лішыка: а адкуль увогуле бяруцца ў Слоніме акцёры? Няўжо тэатру ўдаецца завабіць выпускнікоў сталічнай Акадэміі? Як і трэба было чакаць, з гэтым — праблема. І заробкі зусім не тыя, і ўмовы побыту… Таму асаблівы разлік — менавіта на ўласныя таленты.

— Ладзім кастынгі, запрашаем здольных людзей паспрабаваць сябе на сцэне, а тыя, у каго атрымліваецца, трапляюць у трупу і потым “даадукоўваюцца” ў Акадэміі мастацтваў, — патлумачыў дырэктар тэатра. — Цяпер вось сталі працаваць яшчэ больш мэтанакіравана: нашы рэжысёры ды акцёры выкладаюць у школе мастацтваў...

У кожным разе, калі меркаваць па ўбачаным спектаклі, кадравая праблема “правінцыйнага” тэатра і сапраўды вырашаецца.

Тэатр на колах

Трупа яшчэ не паспела асвоіцца ў новым будынку, а спектаклі там ужо ідуць поўным ходам. Пачалі з “Паўлінкі”, якая ва ўвасабленні рэжысёра Васіля Сяўца стала сапраўдным мюзіклам — вядома, з хэпі-эндам. Па словах Мікалая Лішыка, білеты размятаюць за лічаныя дні. Прычына ажыятажу відавочная: гледачоў цікавіць не толькі спектакль, але і сам тэатр. Але яго кіраўніцтва ўжо ведае: такі попыт будзе нядоўга.

Асаблівасці тэатральнага жыцця ў маленькім горадзе — прадмет цікавасці не толькі культуролага, але і маркетолага. У СДТ даўно сфармулявалі “прынцып сямі”: менавіта столькі разоў прэм’ерны спектакль можа сабраць залу. Далей — непазбежны спад цікавасці, абумоўлены невялічкім “глядацкім рэсурсам”.

— І менавіта таму мы жывём “на колах”, — кажа Мікалай Лішык. — Гастралюем па ўсёй Гродзеншчыне ды яшчэ і палову Брэстчыны ахапілі. РДК, школы, дзіцячы садкі… Шмат у якіх мясцінах нас ужо даўно ведаюць ды чакаюць...

Адпаведна, арэал эфектыўнасці такога “агменю культуры” значна перавышае межы самога райцэнтра. Пад час адкрыцця начальнік Галоўнага упраўлення ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Павел Скрабко выказаў надзею, што новы будынак дазволіць тэатру не толькі паказваць свой рэпертуар, але і рэалізоўваць новыя праекты. Па словах Мікалая Лішыка, самы лагічны з іх — гэта абменныя гастролі. Хаця б нават з тэатрамі такой самай “вагавой катэгорыі” — у Пінску альбо Мазыры.

— Задумаліся ўжо таксама і аб правядзенні нейкіх адмысловых імпрэз — скажам, Ночы тэатра, — дадае дырэктар. — Але, вядома, найперш трэба разабрацца з пераездам...

Умовы для нейкіх арыгінальных акцый і сапраўды самыя спрыяльныя: ёсць і свой утульны дворык, і сама плошча… Дый начыненая сучасным абсталяваннем зала можа выкарыстоўвацца не толькі для паказу спектакляў. Адпаведна, ёсць усе падставы спадзявацца, што асартымент культурных падзей у Слоніме неўзабаве значна пашырыцца. Вядома, гэта здарыцца толькі пры належнай руплівасці.

…Адкрыццё скончылася, музыка сціхла, публіка разышлася, і ўжо неўзабаве на слонімскай плошчы запанавала звычайнае няспешнае жыццё. Будынак з надпісам “Тэатр” выглядаў на яго тле настолькі натуральна, нібыта яго і сапраўды ўзвялі яшчэ за Агінскім...