Кантракт з гасцямі "пры ўмове..."?

№ 15 (1141) 12.04.2014 - 18.04.2014 г

Вам не здаралася назіраць, як пасля антракту на тэатральнай пастаноўцы зала відавочна радзее? Звыклая справа: не спадабалася — можна і сысці. Пажадана, у перапынку, а не пасярод дзеі. Але што рабіць, калі сыходзяць тыя, хто запрошаны акурат для таго, каб ацаніць “плюсы” ды “мінусы” прагледжанага? Менавіта такую сітуацыю назірала я, на жаль, неаднойчы, на нядаўнім тэатральным форуме.

/i/content/pi/cult/476/10122/122-1.jpgШчыра кажучы, мне дзіўнавата было бачыць, як на некаторых праглядах радзелі шэрагі тых, хто мусіў глядзець спектакль незалежна ад таго, наколькі той падабаецца. А сярод публікі паўзлі чуткі: журы — сышло, для тых жа, хто рэальна хацеў трапіць у залу, месцаў не знайшлося... Дый на абмеркаванні мог наспець канфлікт: маўляў, як могуць казаць пра пастаноўку тыя, хто не дагледзеў яе да канца (хаця, прызнацца, той спектакль і сапраўды быў вельмі слабы)?.. На жаль, падобныя этычна-эстэтычныя супярэчанні ўзнікаюць у тэатральных колах не ўпершыню. Суправаджалі яны і Нацыянальную тэатральную прэмію, выклікаўшы цэлую дыскусію: ці можна выносіць вердыкт па першых хвілінах спектакля? Але цяпер (форум — міжнародны) яны набылі яшчэ адно адценне — павагі ці непавагі да нацыянальнага мастацтва краіны-гаспадыні.

Вось, скажам, на магілёўскім форуме “М.@rt.кантакт” было прадстаўлена шэсць абсалютна адрозных беларускіх праектаў. Разнажанравыя, рознастылёвыя, часам спрэчныя, усе яны былі папраўдзе адметнымі, нешараговымі. Чым не падстава для роздуму пра далейшы шлях нашага тэатральнага мастацтва? Тым больш, што на фестывалі ёсць магчымасць зірнуць на ўсё гэта не толькі “знутры”, але і “звонку”, вачыма спрактыкаваных, дасведчаных гасцей-спецыялістаў. Зразумела, сярод апошніх былі тыя, хто не надта цікавіўся “мясцовым каларытам”, але ж трапляліся і выключэнні. Як шчыра, да прыкладу, мастачка Юратэ Рачынскайтэ ўключылася ў майстар-клас па вырабе саламяных птушачак! Майстравала іх адну за адной, унікала ва ўсе дэталі — рукі яе лёталі, вочы зіхацелі, з вуснаў раз-пораз зляталі параўнанні беларускага і літоўскага этна! Але бачыць тое, што ў гэтай вандроўцы да народных майстроў удзельнічалі, акрамя нашых, толькі літоўцы, было крыўдна. Хаця што там нейкая “экскурсія”, калі некаторыя суддзі, не саромеючыся, пакінулі “Раскіданае гняздо” Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі: маўляў, не разумеем мы па-беларуску... А на абмеркаванні спектакля “Аракул?..” Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага адкрыта заяўлялі: з драматургіяй Андрэя Макаёнка мы не знаёмы, бо яе няма ў вучэбнай праграме нашых ВНУ. Асабліва “ўразіла” тое, што гэта вымавіў чалавек, які ні на хвіліну не расставаўся са смартфонам, гартаючы інтэрнэт-старонкі нават у час спектакляў...

Дык, можа, зацікаўлена-ўважлівае стаўленне гасцей да творчых работ гаспадароў трэба прапісваць у кантракце? Маўляў, запрашаем, але — пры ўмове... І справа зусім не ў лічбах (сёлета, дарэчы, колькасць запрошаных крытыкаў была зрэзана да мінімуму: зразумела, фінансы), а ў той тонкай прафесійна-этычнай матэрыі, якую павінны ўлічваць і арганізатары, дасылаючы запрашэнні, і самі запрошаныя. Бо для членаў журы, запрошаных крытыкаў, прэсы гэта найперш праца, а не вольнае баўленне часу. Узгадаю, што на тых жа выканальніцкіх конкурсах, асабліва ў час першага тура, праслухоўванні ідуць у не менш спрэсаваным раскладзе, з ранку да вечара цягам некалькіх дзён. І ніхто не скардзіцца, што “варта стамілася”!

Дык, можа, увогуле не патрэбна на тэатральным фэсце ні журы, ні крытыкі? Так, без іх абыходзяцца многія замежныя фестывалі. Але тады ўзнікае пытанне, чаго мы ўвогуле чакаем ад гэтага форуму. Калі проста свята для публікі, дык, зразумела, суддзі зусім не патрэбны. Галоўны паказчык — ці прададзены білеты. А калі хочам, каб фестываль не толькі забаўляў гледачоў, але і спрыяў развіццю нацыянальнай культуры (пагадзіцеся, што ў нашых умовах гэта больш прыярытэтны кірунак), дык “погляд збоку” неабходны. Прафесійны, прынцыповы ў ацэнках і, што яшчэ больш важна, зацікаўлены ў далейшым росквіце фестывалю ды і нашага нацыянальнага тэатральнага мастацтва.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"