Ураднік — пасада пачэсная

№ 5 (823) 02.02.2008 - 08.02.2008 г

Гісторыя дзяржаўных устаноў — гэта касцяк гісторыі кожнай дзяржавы. Аднак у нас яе, на жаль, мала даследуюць як акадэмічныя інстытуты, так і асобныя навукоўцы, — лічыць Зміцер ЯЦКЕВІЧ, загадчык аддзела публікацыі дакументаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі. Мы сустрэліся са Зміцерам Лявонцьевічам у яго кабінеце, і, пачаўшы знаёміць карэспандэнта “К” з выданнямі, падрыхтаванымі аддзелам за тры з паловай гады працы, ён паступова перайшоў да гэтай навукова-даследчай праблемы.

 /i/content/pi/cult/147/1012/Uradnik1.jpg
— Намі выдадзены 5 выпускаў штогодніка “Архіварыус”, дзе змяшчаюцца разнастайныя публікацыі, звязаныя з архіўнай справай, крыніцазнаўствам, археаграфіяй, і падрыхтаваны шосты. Выданне грунтуецца на дакументах дарэвалюцыйнага часу з нашага архіва. Нядаўна выйшаў даведнік “Фонды Нацыянальнага гістарычнага архіва”. Варта згадаць таксама плён шматгадовай працы — “Гербоўнік беларускай шляхты”, ужо другі том, дзе змешчана больш за 300 шляхецкіх прозвішчаў з даведкамі, з каляровымі выявамі гербаў. Будзе і працяг. І, нарэшце, маем унікальны даведнік “Мінская губерня” (дзяржаўныя, рэлігійныя і грамадскія ўстановы). Рыхтуюцца да друку даведнікі па Віцебскай і Магілёўскай губернях.
Калі мы паставілі сабе за мэту скласці кароткія біяграмы мінскіх губернатараў, толькі пра 4-х з іх удалося знайсці звесткі ў энцыклапедычных выданнях. Але ж гэтых кіраўнікоў было больш за 30! Нават няма іх храналагічнага спісу. Што ўжо тады казаць пра ніжэйшыя пасады! Тая ж сітуацыя — і з перыядам Вялікага княства Літоўскага.
Неацэнную дапамогу нам зараз аказваюць польскія навукоўцы, складаючы спісы ўраднікаў ВКЛ. Ёсць неардынарны прыклад: краязнаўца Фёдар Чарняўскі, на грамадскіх пачатках працуючы ў архівах, выдаў летась кнігу “Мінскія ўраднікі” і збіраецца працягваць гэтую працу. Але ў большасці лёсы тых людзей, якія працавалі ў дзяржаўных установах мінулых эпох, застаюцца невядомымі.
— Мабыць, жыццяпіс чыноўніка вабіць даследчыкаў менш, чым подзвігі палкаводца ці духоўныя пошукі асветніка?..
— Дарэмна ў нас прыжылася расійская калька з назвы дзяржаўнага служачага — “чыноўнік”. Куды больш слушна было б карыстацца старабеларускім словам “ураднік”. І вельмі шкада, што супрацоўнікі многіх сучасных дзяржаўных устаноў не ведаюць іх гісторыю, як і імёнаў сваіх папярэднікаў, іх спраў на карысць Бацькаўшчыны. Між тым, ураднікі мелі добрую адукацыю, некаторыя з іх былі сябрамі навуковых і дабрачынных таварыстваў, пісалі кнігі... Многія нашы асветнікі ў пэўны перыяд свайго жыцця знаходзіліся на дзяржаўнай службе.
— І ваш аддзел пачаў шчыраваць на гэтым дасюль неўзараным даследчым полі?
— Спрабуем складаць гісторыю дзяржаўных устаноў Вялікага княства. Вывучаючы архіўныя фонды, напрыклад, Магілёўскага магістрата, Мінскага гродскага і каптуровага судоў, Слонімскага земскага суда, на падставе гэтых дакументаў і адпаведнай літаратуры пішам гістарычныя нарысы. Магчыма, да канца гэтага года выйдзе першы выпуск такіх нарысаў.
— Гісторыю якіх устаноў давялося ўзнаўляць асабіста вам?
 /i/content/pi/cult/147/1012/Uradnik2.jpg

— У прыватнасці, дзейнасць Магілёўскага магістрата ад надання гораду магдэбургскага права ў 1577 г. і па 1772 год, да першага падзелу Рэчы Паспалітай. Пэўная выключнасць Магілёва, звязаная з яго эканамічнымі поспехамі, адлюстравалася і ў яго самакіраванні. Гэты горад узнік даволі позна і позна атрымаў магдэбургскае права, але мы можам прасачыць, як развівалася яго адміністратыўная структура, як яна пераймала досвед буйнейшых гарадоў, такіх, як сталічная Вільня. Заканадаўчая база ўзбагачалася новымі нарматыўнымі дакументамі, актамі, прывілеямі, якія ўдасканальвалі як працу самога магістрата, так і жыццё мяшчан. Магілёў першым з беларускіх гарадоў пачалі параўноўваць з Вільняй, і адбылося гэта пасля атрымання ім каралеўскага прывілея ў 1633 г. У 1661 г. за заслугі ў вайне з Масковіяй кароль даў Магілёву яшчэ адзін прывілей, які нават пераўзыходзіў па правах і вольнасцях віленскія, дазваляючы магілёўцам выбары войта, якога дасюль прызначаў кароль. Дзяржаўная служба лічылася ганаровай і давала шмат выгод ураднікам, а таксама іх дзецям. Найвялікшай было наданне шляхецтва з магчымасцю набываць земскія маёнткі і ставіць свае надмагіллі ў касцёлах.
— Давайце паспрабуем апісаць “калектыўны партрэт” чальцоў Магілёўскага магістрата. — Войт быў ці не адзіным шляхцічам у магістраце, часам ён прызначаў сабе ў дапамогу лендвойта. Пісары таксама маглі быць шляхецкага звання, хаця дакументальна гэта пакуль не пацверджана. Абіралі ў магістрат людзей не маладзейшых за 25 гадоў, аседлых, заможных і паважаных. Вылучаліся 12 паспалітых: 6 — ад цэхаў і 6 — ад купцоў і заможных гараджан. Усе ўраднікі Магілёўскага магістрата, чыю кар’еру нам удалося прасачыць па актавых кнігах, прайшлі ступені “паспаліты — лаўнік — радца — бурмістр”, і некаторыя з іх сталі потым войтамі.
З гэтага часу добра акрэсліваецца гарадская эліта, у якой можна вызначыць роды Казановічаў, Карабанькаў, Хамутоўскіх, Каролькаў, Дзегцярэвічаў і іншыя, якія пачынаюць уплываць на гарадское жыццё не толькі праз афіцыйныя структуры, але і праз культурна-мецэнацкую дзейнасць. У ходзе даследаванняў вызначаны каля 30 родаў, якія бралі чынны ўдзел у працы магістрата, і паводле архіўных дакументаў варта было б скласці “калектыўную біяграфію” гарадской эліты Магілёва.
— Якія постаці найбольш зацікавілі вас як даследчыка?
— У 1661 годзе ездзіў да караля за прывілеем гораду войт Пётр Казановіч і атрымаў ад Яна Казіміра пасаду каралеўскага сакратара разам са шляхецтвам. З таго часу ён быў абавязаны падтрымліваць стасункі горада з уладаром. Гэты войт пакінуў у 1680-х гадах каштоўны для даследчыкаў тэстамент. Акрамя маёмасці рухомай і нерухомай, у ім згадваецца даволі багатая бібліятэка: кнігі рэлігійнай і прававой тэматыкі, мастацкія творы антычных аўтараў. Сын Пятра Казановіча Тодар прайшоў усю службовую лесвіцу магістрата і таксама стаў войтам і каралеўскім сакратаром.
У свой час мне давялося вывучаць вельмі цікавы помнік — надмагільную пліту з эпітафіяй манаху Магілёўскага Богаяўленскага манастыра Арсенію Азаровічу, які памёр у 1652 г. Яна захоўваецца ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі, але зараз экспануецца ў Магілёўскім мастацкім музеі імя П.Масленікава. Няшмат мы ведаем вершаваных эпітафій на старабеларускай мове, ды яшчэ прысвечаных не магнатам, а выхадцам з гарадскога асяродка:
...Арсений Азарович,
инокъ Богобойный
Фундаторъ монастыра
тутошънего пилный
А добродей сей церкви
нигды не омыльный
Филяры, окна,
двери его кошътом стали
Проз шкотулу оздобы
и муры дознали.
Высветлілася, што Арсеній паходзіў з сям’і бурмістра, які быў яшчэ і дойлідам, і фундатарам двух драўляных храмаў. Сярод магілёўскіх бурмістраў і райцаў былі мастакі. Сустракаліся даволі каларытныя персоны. Бурмістр Марыян Трэнсеўскі жыў у сярэдзіне XVIII ст. Каталік, ён распісваў у Магілёве драўляны кармеліцкі касцёл і адначасова маляваў абразы для Богаяўленскай брацкай царквы. Характар меў неспакойны:нават у сталым узросце любіў выпіць і пабіцца, але ж быў і аматарам кніг: таксама меў хатні кнігазбор.
Юрый Александровіч, у 1730 — 40-х гадах райца архіўны, распісваў у Княжыцах капліцу дамініканскага кляштара. Манахі далі яму задатак на роспіс і другой капліцы, але гэтым разам фрэскавы жывапіс у яго не атрымаўся, і ён сумленна вярнуў грошы. Звесткі пра многіх творчых асоб можна знайсці ў сучасных літоўскіх даведніках пра мастакоў Вялікага княства, але ў сябе на радзіме яны незаслужана забыты...
— Атрымліваецца, што дзяржаўныя ўстановы і ўраднікі, якія працавалі ў мінулыя вякі на тэрыторыі нашай краіны, вартыя шматтомнай энцыклапедыі?
— Безумоўна. Гэта павінна быць грунтоўная энцыклапедыя або даведнік, а найперш трэба скласці спісы нашых ураднікаў, напісаць іх біяграфіі. Разумееце, у даўніну агульнадзяржаўныя ўстановы — ці то магістрат, ці то гродскі або земскі суд — мелі ў розных гарадах свае асаблівасці. Вельмі шмат залежала ад асоб, якія там працавалі, ад іх адукацыйнага, культурнага і маёмаснага ўзроўню. Хацелася б, каб даследаванні архівістаў былі падтрыманы дзяржаўнай праграмай, бо грунтоўнае веданне гісторыі сваёй дзяржаўнасці неабходнае ўсім нам.

Гутарыла Святлана ІШЧАНКА
Фота аўтара