Другое нараджэнне слуцкіх паясоў

№ 15 (1141) 12.04.2014 - 18.04.2014 г

Аляксандр Лукашэнка лічыць правільным рашэнне аб адраджэнні ў Беларусі вытворчасці слуцкіх паясоў, паведамляе Прэс-служба Кіраўніка дзяржавы пасля наведвання ім РУП "Слуцкія паясы", пра што ён заявіў учора: “У мяне быццам камень з душы зваліўся. Мяне пераканалі, што мы правільна зрабілі, адрадзіўшы гэты прадмет таго часу. Хоць гэта і нятанна, але гэта таго варта. Гэта застанецца ў гісторыі, на стагоддзі”.

У Музеі гісторыі слуцкіх паясоў Прэзідэнта краіны азнаёмілі з тэхналогіяй стварэння паясоў з XVIII стагоддзя. Тут Аляксандру Лукашэнку ўручылі першы слуцкі пояс, сатканы на прадпрыемстве, які з’яўляецца поўнай копіяй арыгінальнага. Ён будзе дастаўлены на захоўванне ў Палац Незалежнасці.

На памяць аб наведанні Прэзідэнт пакінуў запіс у Кнізе ганаровых гасцей. “Вельмі сімвалічна, што другое нараджэнне паясоў адбылося менавіта тут, у Слуцку. Гэта даніна нашай павагі майстрам мінулага і яскравае сведчанне таленту іх нашчадкаў, якія па ўзроўні майстэрства не саступаюць сваім праслаўленым папярэднікам”, — гаворыцца, у прыватнасці, у запісе.