Чым здзівіць скансен?

№ 18 (1144) 03.05.2014 - 09.05.2014 г

Напрыканцы красавіка ў рэдакцыю “К” патэлефанаваў новы дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту Эдуард БАГДАНОВІЧ і паведаміў, што яго ўстанова шмат зрабіла для таго, каб пад час Чэмпіянату свету па хакеі замежныя госці, неабыякавыя да этнічнага мастацтва, змаглі наведаць гэтую ўстанову і здзівіцца. Натуральна, рэдакцыя не магла не выкарыстаць тэлефанаванне як нагоду для далейшага невялічкага інтэрв’ю.

— Кожны дзень Чэмпіянату ў нас распісаны, — паведаміў Эдуард Багдановіч. — Шэраг мерапрыемстваў ладзім сумесна з Міністэрствам спорту і турызму… Напярэдадні наш гарадскі офіс літаральна пуставаў: усе нашы супрацоўнікі працавалі на добраўпарадкаванні музейнай тэрыторыі. Прыбралі ржавыя вагончыкі на ўездзе, перанеслі шлагбаум бліжэй да кас, вывезлі некалькі трактараў лазы і баршчавіку, якім зараслі раўчакі… Але галоўнае тое, што больш частымі стануць аўтобусныя рэйсы да музея, які на час Чэмпіянату на дзве гадзіны падоўжыць графік сваёй працы. Так што ён будзе прымаць наведвальнікаў штовечар да восьмай гадзіны.

— Ці з’явяцца новыя экспазіцыі?

— Канешне! Можна будзе агледзець вяночны двор хаты з вёскі Варашылкі Мядзельскага раёна. Будыніна ў плане мае квадратную канфігурацыю з унутраным дворыкам пасярэдзіне. З’ява для беларускага дойлідства — унікальная. Экспазіцыя раней не працавала. Сёння хата адрамантавана, дворык і гаспадарчыя пабудовы насычаны адпаведнымі прадметамі побыту і працоўным рыштункам… У царкве з вёскі Каралеўцы Вілейскага раёна экспазіцыя таксама аднаўляецца...

— Колькі слоў пра вашу рэкламную дзейнасць. Інакш кажучы, як мінскія госці даведаюцца, што іх чакаюць паміж хакейнымі матчамі ў Строчыцах?

— Тут давялося паклапаціцца ў аўральных тэмпах. Задзейнічаны, натуральна, наш сайт. Ва ўсе без выключэння турыстычныя фірмы мы загадзя перадалі поўную развёртку музейных мерапрыемстваў на кожны дзень Чэмпіянату. Адпаведнымі праграмамі забяспечана студэнцкая вёска, дзе будуць пражываць замежныя аматары хакея. З’явіцца неўзабаве і адпаведны “бягучы радок” у сталічным грамадскім транспарце… У нас ужо цяпер вельмі шмат замоўленых тургруп.

— А, у параўнанні з мінулым годам, наколькі сёлета павялічыўся наплыў наведвальнікаў?

— Калі летась у красавіку ад продажу музейных білетаў у нас было тры-чатыры мільёны, дык сёлета, толькі за адну красавіцкую суботу, мы зарабілі 11 мільёнаў рублёў! Між тым, свята ніякага не было, і тым не менш, прынялі чатырыста наведвальнікаў.

— Ці ёсць страх, што ваш госць-турыст застанецца галодным?

— У двары карчмы, што дзейнічае, мы яшчэ дзве паветкі для прыёму страў зрабілі. Але і гэтага мала. Пад час Чэмпіянату на музейнай тэрыторыі падрыхтуем яшчэ тры пункты грамадскага харчавання. Вельмі не хочацца, каб людзі гублялі час у чэргах...

— Значыць, пра самаакупнасць музея казаць яшчэ зарана? Вашы кіеўскія калегі, да прыкладу, гэты Рубікон даўно перайшлі, займелі шмат шыкоўных рэстаранаў і атрымліваюць ад турыстычнага выкарыстання скансена мільённыя прыбыткі…

— Нам яшчэ да гэтага імкнуцца трэба. Мы павінны пашыраць інфраструктуру. Не пашкодзіла б нам апрача рэстаранаў і гасцініца. Патрэбна і канцэртная зала… У нас пакуль такая сітуацыя: у экспазіцыях “Цэнтральная Беларусь”, “Паазер’е” электрычнасць ёсць, а ў “Панямонні” — няма… Вельмі спадзяёмся, што хоць праз некалькі гадоў трапім у Дзяржаўную інвестыцыйную праграму і вырашым усе свае праблемы.

— Як паклапаціліся пра сувеніры?

— Апрача твораў, што прэзентуюць з музейным лагатыпам народныя майстры, мы спецыяльна падрыхтавалі дыск (пачатковы наклад — дзве тысячы) з прафесійным дакументальным фільмам пра наш скансен. Яго можна набыць у музейным шапіку.

— Пра перспектывы. На музейных складах была калісьці і разабраная мячэць. Ёсць шанцы, што мы яе ўбачым?

— Зараз мы вядзём папярэднія перамовы з Польскім інстытутам і Міністэрствам культуры Польшчы пра пачатак работ па ўзнаўленні гэтай мячэці. Яна — з вёскі Даўбучкі Гродзенскай вобласці. Такіх будынін — усяго тры: акрамя нашай — у Латвіі і Польшчы. І менавіта палякі, якія маюць тут рэстаўрацыйны досвед, узяліся нам дапамагчы: не толькі даць спецыялістаў, але і праплаціць іх работу. А работы шмат: ад той мячэці, што ў нас захоўвалася, засталося ці не дзесяць працэнтаў. Яе ж у 80-х перавезлі… З верасня прыступаем да аднаўленча-рэстаўрацыйных работ.

— Што яшчэ аднаўляеце?

— Царкву з Барані Аршанскага раёна. Рэстаўрацыя падыходзіць да фінішу. Гэтым займаецца Дырэкцыя аб’ектаў, якія будуюцца. А Белрэстаўрацыя аднаўляе млын з вёскі Зелянец Хоцімскага раёна. Так што шчыра запрашаем у Строчыцы ўсіх ахвотных. Прыязджайце — не пашкадуеце!..

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"