Па крупінках, па іскрынках...

№ 18 (1144) 03.05.2014 - 09.05.2014 г

Беларускаму таварыству “Спадчына” — 15 гадоў. Яно было створана ў студзені 1999-га пры падтрымцы Саюза Беларусаў Латвіі і асабіста Валянціны Піскуновай. Заснавальнікамі з’яўляюцца этнічныя беларусы Эдуард Трусевіч і Мікалай Жаўрыд, які стаў першым старшынём суполкі. Апошняя аб’яднала беларусаў Вентспілса і ўсёй Латвіі, развівае культурныя сувязі з нашай Радзімай, аказвае дапамогу суайчыннікам. Затым да гэтай справы падключылася наша зямлячка Алена Нарушэвіч. І па крупінках, па іскрынках сталі сплятаць разам новае аблічча беларусаў замежжа...

/i/content/pi/cult/475/10112/10-10.jpg

На ўрачыстасцях "Спадчыны".

Мы — каманда

Дзесяць гадоў таму Праўленне ўзначаліла Наталля Бальшакова (каранямі — з Віцебшчыны). Была створана працаздольная каманда. На гэтыя гады прыйшоўся самы росквіт нашай “Спадчыны”, якая заявіла пра сябе прыгожа і гучна. Кожны член Праўлення ўнёс свой уклад у развіццё суполкі: намеснік старшыні — Алена Нарушэвіч, паважаны ў Вентспілсе журналіст (нарадзілася ў Оршы, вырасла ў Шуміліне), Валяр’ян Захарэўскі (са Смаргоні), Данута Багушко (з Ашмяншчыны), Віталь Трусевіч, які нарадзіўся ў Вентспілсе, Анжаліка Зрайчанка — патомная казачка, якая палюбіла нашу беларускую культуру і стала кіраўніком ансамбля беларускай песні “Журавінка”. Мікалай Жаўрыд хоць і перадаў стырно праўлення, але з’яўляецца актыўным членам арганізацыі. І не магу не назваць яшчэ адну нашу беларуску — Святлану Скрэбеле (нарадзілася ў Салігорску), якая аказвае дапамогу ў афармленні віз беларусам, што жадаюць наведаць радзіму, і прымае актыўны ўдзел у жыцці нашай грамады.

Пры падтрымцы Пасольства Беларусі ў Латвіі і нашай гарадской думы нам удалося наладзіць цесныя культурныя сувязі з этнічнай радзімай. У нашым горадзе ўжо добра ведаюць і цэняць народны аркестр цымбалістаў “Ліра” з Мінскага каледжа мастацтваў, калектыў баяністаў і акардэаністаў Наваполацкага музычнага каледжа, народны ансамбль народнай песні “Жывіца” Палаца культуры ААТ “Мазырскі НПЗ”, Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь “Тэатр танца “Прэм’ер-Спонайд”, народны тэатр гістарычнага касцюма “Полацкi звяз” ды іншыя...

Фестывалі, фестывалі...

Некалькі гадоў запар “Спадчына” арганізоўвала і праводзіла міжшкольны фестываль “Маленькія зорачкі”. Можа, і не было б нічога незвычайнага ў гэтым, каб не адна асаблівасць: у фестывалі з задавальненнем прымаюць удзел як рускія, так і латышскія школы. І трэба адзначыць той факт, што кожная школа, акрамя сваёй вольнай праграмы, павінна выканаць адзін беларускі народны або аўтарскі нумар. Зараз модна ўзнімаць пытанні інтэграцыі, адусюль чуецца, што патрэбна збліжаць нашы культуры. Вось на справе мы і прадэманстравалі гэта.

Фестываль “Ад Ліга да Купалы” — наш гонар. Нездарма ён унесены ў сетку культурных мерапрыемстваў нашага горада, а таксама мае вялікую фінансавую і маральную падтрымку ад адміністрацыі гарадской думы.

Асаблівасць фэсту яшчэ і ў тым, што ён вырас са сціплага мерапрыемства таварыства "Спадчына" пад назвай “Дні беларускай культуры”. З кожным годам свята набірала сілу і перарасло ў міжнародны фестываль, на якім дэманструюць майстэрства не толькі мясцовыя таленты, але і калектывы з нашай этнічнай радзімы — Беларусі, а таксама беларусы, што пражываюць у Літве ды Эстоніі.

Вучымся

З 1994-га паміж Беларуссю і Латвіяй існуе пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы вышэйшай адукацыі. Кожны год дзесяць выпускнікоў латвійскіх школ, якія з’яўляюцца этнічнымі беларусамі, маюць унікальную магчымасць атрымаць вышэйшую адукацыю ў ВНУ Беларусі. Мы, беларусы Вентспілса, не маглі застацца ўбаку і не скарыстацца такой магчымасцю. За гэтыя гады каля дзесяці нашых выпускнікоў навучаюцца (ці навучаліся) у ВНУ Беларусі. Нашы юнакі і дзяўчаты яшчэ не вырашылі дакладна, застануцца яны пасля вучобы ў Беларусі ці вернуцца назад у Латвію (гэты варыянт некаторыя не выключаюць). Урэшце, вентспілсчанка Людміла Шукюрава пасля заканчэння вучобы засталася ў Беларусі і ўжо трынаццаць гадоў жыве ў Мінску...

А торт — падзялілі

А зараз ізноў вернемся да нашага юбілею... У Вентспілскім цэнтры культуры збіраюцца госці. Ансамбль беларускай песні “Журавінка” адкрывае ўрачыстае мерапрыемства. Статус яму надаюць нашы паважаныя госці. “Спадчыну” прыйшлі павіншаваць першы саветнік Пасольства Беларусі ў Латвіі Аляксей Смірноў, старшыня Саюза беларусаў Латвіі Валянціна Піскунова, выканаўчы дырэктар Вентспілскай гарадской думы Алдзіс Абеле, першы намеснік мэра Дыдзіс Ошэніекс.

Данута БАГУШКА, член Беларускага таварыства “Спадчына”

Вентспілс, Латвія