Водар жарсці “дарослага” шоу-бізнесу

№ 5 (823) 02.02.2008 - 08.02.2008 г

У бітма набітай зале Палаца спорту яшчэ не развеяўся водар паленага — балазе, на піратэхніку “Lordi” не скупіліся. Але паступова ў паветры пачынаюць адчувацца і іншыя пахі, і па меры набліжэння таго моманту, калі будзе аб’яўлены наш пасланец на “Еўрабачанне”, яны імкліва мацнеюць. Гэты водар нам, беларусам, пакуль яшчэ не надта звыклы. Але ж у “дарослым” шоу-бізнесе — “дарослым” не столькі ў прамым, колькі ў пераносным сэнсе слова — без жарсцяў не абыходзіцца.

 /i/content/pi/cult/147/1011/Eurafest.jpg
Удзельнікі журы, неаспрэчна, былі шчырымі, сцвярджаючы, што рашэнне было для іх вельмі няпростым, і без гарачых дыскусій не абыйшлося. Бо выразнага лідэра марафона “Дарога на “Еўрабачанне” не ўзнікла і на яго “фінішнай прамой”. Усе чацвёра фіналістаў выступілі добра — ды не больш за тое. Кожны з іх заслужыў моцнай “чацвёркі” па пяцібальнай сістэме. Да “пяці з плюсам” ніхто не дацягнуў.
Магчыма, бліжэй за ўсіх да выдатнай адзнакі ў той вечар была Гюнеш. У аранжыроўцы яе песні з’явіліся прывабныя арыентальныя “фішкі”, якія не толькі ўдала разбавілі цяжкі блюз, але і добра пасавалі спявачцы да твару — усё ж, дзяўчына яна ўсходняя. Выкананне не выклікала наракання, а вось шоу…
Шоу, лічы, не было. Прычым не толькі ў Гюнеш. Нумара адпаведнага “Еўрабачанню” калібру не паказаў ніводзін з чацвёркі! Тэндэнцыя, прынамсі, дзіўная — асабліва калі ўлічыць, што фраза пра важнасць на тэлеконкурсе менавіта візуальнага складніка даўно набіла аскоміну. Да таго ж, летась на “ЕўраФэсце” ўсё было наадварот: шоу-крэатывы, удалыя і розныя, прадэманстраваў кожны з фіналістаў.
Гурт “По глазам”, які шмат хто для сябе адкрыў або пераадкрыў дзякуючы гэтаму фэсту, трохі расчараваў. Ад яго вакалісткі Стасі — асобы, без сумневу, неардынарнай — чакалі шчырага надрыву, абаяльнай дзівакаватасці, нават лёгкага эпатажу… Усяго, што заўгодна, але толькі не стандартных для поп-сцэны паводзін — не надта ўпэўненых і таму малапераканаўчых. Відавочна, той факт, што паўнавартасным канцэртным жыццём гурт не жыве, моцна даваўся ў знакі: Палац спорту — пляцоўка не з лёгкіх….
Не выратавала нумар і з’яўленне deus ex machina ў абліччы Ксюшы Сітнік, якая з гадамі пераўтвараецца ў сапраўдную поп-дзіву. Выратоўвала толькі сама песня — досыць жвавы і цёплы струмень, які цячэ паралельна мейнстрыму, з ім, аднак, не зліваючыся. Пра двух астатніх удзельнікаў фіналу гэтага не скажаш.
Падобна, гурт “Lifesound” перарастае сваю тынейджарскую стылістыку — хаця тынейджарам падабаецца. Калі б у зале быў усталяваны шумамер, найбольш гучныя авацыі былі б адзначаны, мусіць, менавіта пры абвяшчэнні выступлення каманды. Яе песня, без сумневу, дабраякасная, дасканалая нават у дробязях і для вуха прыемная, але… Ёй не ўласцівая здольнасць “вытыркацца” з агульнага музычнага масіву. І, адпаведна, запамінацца. Пішучы гэтыя радкі на наступны пасля канцэрта дзень, лаўлю сябе на думцы, што не прыгадаю цяпер нават прыпеву.
Прыкладна ў такім ключы можна ахарактарызаваць і “Hasta La Vista”, якую выканаў Руслан Аляхно. Напэўна, гэта менавіта тое, што называюць “еўрафармат”. Спявак трымаўся на сцэне імпэтна, хаця, як потым адзначылі многія прафесіяналы, зрабіў нямала агрэхаў у вакале. Ды і прадэманстраваць максімум сваёй харызмы ён пакуль не здолеў. Зачараваць і “загіпнатызаваць” публіку, прымусіць яе схапіцца за свае тэлефоны і прагаласаваць менавіта за Беларусь гэты нумар пакуль не здатны. Тут варта акцэнтаваць увагу менавіта на слове “пакуль”.
Усе ацэнкі цяпер могуць быць толькі “прамежкавымі”. Бо ніякага сумневу няма ў тым, што і песня, і нумар будуць дбайна даводзіцца да ідэалу, — балазе, часу на гэта не бракуе. І прадзюсер “ЕўраФэсту” Аляксандр Ціхановіч, і прадзюсер спевака Кім Брэйтбург, і сам Руслан Аляхно настроены на карпатлівую працу. Журы ў яе вынік верыць, будзем верыць і мы. Увогуле, выбар прафесіяналаў лёгка патлумачыць менавіта спрактыкаванасцю і вядомасцю Руслана, сур’ёзнасцю яго намераў. Што ні кажы, студэнцкі прынцып дзейнічае і тут: спярша ты працуеш на “залікоўку”, а потым яна — на цябе… Мусіць, ёсць у гэтым прынцыпе пэўная рацыя. Хаця пагадзіўся з выбарам журы далёка не кожны. Пасляфестывальная прэс-канферэнцыя выявіла зусім не ўласцівы для падобных мерапрыемстваў напал эмоцый. Руслану давялося нясоладка: крытыка і правакацыйныя пытанні сыпаліся ў яго адрас і з боку прэсы — як ніколі актыўнай і дзёрзкай, — і з боку калег ды былых ужо канкурэнтаў. Спявак рэагаваў стаічна, зусім не злаваўся і абяцаў, што ўсе хібы выправіць.
Апагей жарсцяў прыпаў на той момант, калі хтосьці адзначыў, што беларускаму выканаўцу трэба спярша “раскруціцца” ў Маскве, і толькі тады ён мае шанц прадставіць сваю краіну на “Еўрабачанні”. Аляксандр Ціхановіч стаў досыць рэзка аспрэчваць такую важнасць “расійскага фактару”. Палкую дыскусію на хвіліну — але не болей — перапыніў доўгачаканы цуд.
Здаецца, адбылося гэта прыкладна апоўначы. Папіваючы “кока-колу”, перад прэсай у фае Палаца спорту з’явіліся… так, тыя самыя монстры, адна навіна пра прыезд якіх у Мінск агаломшыла ўсіх. Натуральна, што пры парадзе. Арганізатары канцэрта загадзя папярэдзілі ці не кожнага з журналістаў асабіста: ні ў якім разе не фатаграфаваць пачвар у “негліжэ”! Бо іначай тыя пакрыўдзяцца, і іх шыкоўнага шоу ніхто не ўбачыць. У гэтым гармідары монстры “Lordi” выглядалі на сапраўдных флегматыкаў, істот сціплых ды інтэлігентных. Уладкаваўшыся дзесь у кутку, яны безуважна назіралі сваімі чырвонымі вачыма за ўсім, што адбывалася навокал. Іх адказы на рэдкія пытанні дэманстравалі неблагое пачуццё гумару. Чаму ў Мінску гурт атачалі прыхільнікі нават не юнага, а менавіта дзіцячага веку? “Гэта быў наш абед”, — парыравалі фіны.
А калі карэспандэнт “К” пацікавіўся, з якім поп-выканаўцам гэтым металістам хацелася б зладзіць дуэт, тыя, не задумваючыся, адказалі: з Шэр. Бо яе сапраўдны твар вы таксама не ўбачыце. Намёк на любоў зоркі да пластычных аперацый. Што ж, “Lordi” ў чарговы раз засведчылі, што да іх выгляду выпадае ставіцца выключна з гумарам. І такі гумар мог бы стаць вельмі добрай “прышчэпкай” ад залішняга напалу пачуццяў “дарослага” шоу-бізнесу.

Ілля СВІРЫН
Фота прадастаўлена прэс-службай
Белтэлерадыёкампаніі.