Навошта бібліятэка, або Каму падабаецца кніжны пыл?

№ 18 (1144) 03.05.2014 - 09.05.2014 г

Мне. Ён нагадвае пра юнацкія першаадкрыцці літаратурных скарбаў. На шостым дзясятку гадоў я маю права на настальгію і маю права на выбар. Таму выбіраю папяровую кнігу. Ведаю, што ў камп’ютар можна запампаваць ці не дзвесце тысяч тамоў, але ледзь не штотыднёва хаджу ў бібліятэку: пакорпацца ў кніжках прыемней, чым гадзінамі слепнуць ля манітора...

/i/content/pi/cult/475/10108/4-114.jpgАле ніякім чынам не адмаўляю таго, што традыцыйныя бібліятэкі патрабуюць калі не рэформы, дык дакладна — перафармаціравання. Пра гэта ж днямі паведаміў адзін маскоўскі паважаны масавы часопіс. Справа ў тым, што пад час мінулых выхадных 1 200 расійскіх бібліятэк прынялі ўдзел у “Бібліяночы”, што доўжылася з суботы на нядзелю. Пад вокнамі гучалі вершы і песні. Пахла кавай. Запрошаныя музыкі імправізавалі як маглі. Хтосьці, напэўна, звярнуў увагу і на кнігі.

Аглядальнік таго самага часопіса Дзмітрый Губін заўважыў, што “Бібліяноч” — адзін з важных элементаў “перазагрузкі” традыцыйных бібліятэк. Маўляў, сэнс апошніх істотна пахіснуўся пасля аб’яднання Інтэрнэту, электронных рыдараў, тарэнтаў і сеткавых сховішчаў. І супраць гэтай тэндэнцыі часу не запярэчыш. Моладзь не выносіць пылу.

У чым жа сутнасць неадкладнага перафармаціравання бібліятэк? Не сакрэт, што нашы бібліятэкары не любяць узнімаць гэтую тэму. Прынамсі, як паказваюць апытанні, толькі адзінкі з іх — за істотныя змены ў арганізацыі кніжнай справы. Гэта ўжо нейкая адметнасць псіхалогіі ціхага бібліятэкара з ціхай бібліятэкі. Галоўны рэфарматар тых жа маскоўскіх бібліятэк Барыс Купрыянаў упэўнены, што бібліятэкары цяпер глядзяць на бібліятэкі “як на сваё прыватнае жыццё і прыватную ўласнасць, якія яны не пагодзяцца аддаць анікому”. Я ў гэтым таксама не раз пераконваўся. Адным толькі аб’яднаннем публічных і школьных устаноў праблему не вырашыць. Аптымізацыя — працэс шматгранны. І ўдасканаленне — адзін з яго складнікаў.

Для мяне, карацей, несумненным з’яўляецца тое, што перспектыву публічак неабходна прапрацоўваць ужо сёння. Заўтра позна будзе. Раённая, сельская бібліятэкі (даруйце мне ў чарговы раз, бібліятэкары) не ведаюць, што ім супрацьпаставіць Інтэрнэту і кавярні з кнігарняй. Між тым, усё часцей у паветры завісае пытанне “Навошта нам бібліятэкі з мінімумам чытачоў?”, ці, як гэта было агучана ў адным з нядаўніх загалоўкаў “К”, — “Калі 30 наведвальнікаў — установу трэба “рэзаць”. Таму адзін з найбліжэйшых “Форумаў” нашай газеты будзе прысвечаны менавіта гэтай надзённай, як нам, журналістам "Культуры", падаецца, тэматыцы.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Запрашаем падзяліцца вашымі меркаваннямі! Пішыце на адрас: 220013, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 77 альбо на электронную скрыню kultura@tut.by. Тэлефануйце ў рэдакцыю па нумары 8-017-286-07-97. Абмяркоўвайце на facebook.com/kimpressby, vk.com/kimpressby, twitter.com/kimpressby

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"