“Лінкі” паміж “цвікамі”

№ 18 (1144) 03.05.2014 - 09.05.2014 г

"Avant-gARTE": пра горад, які нам толькі... падаецца
Выстаўка сучаснага мастацтва “Avant-gARTe. Ад квадрата да аб’екта”, што сталася спробай злучыць пошукі мастакоў-авангардыстаў ХХ стагоддзя ды сучасных аўтараў стагоддзя ХХІ, “прызнала” сярод іншых відаў мастацтва і фатаграфію. Адмысловы арт-праект “Горад” быў прадстаўлены ў рамках экспазіцыі, іншыя знакавыя работы фотамастакоў сталі часткай праектаў, што прагучалі раней.

/i/content/pi/cult/475/10107/9-1.jpg

/i/content/pi/cult/475/10107/9-2.jpg

Фотапраекты Сяргея Ждановіча і Сяргея Кажамякіна.

Куратарам невялікага блока “Горад” выступіў Сяргей Ждановіч. “Фрагменты маніфестацый”, “аўтарскія выказванні пра горад і яго прастору” былі прадстаўлены серыямі “Горад сонца” Артура Клінава, “Туманы” Вадзіма Качана, “Ментальныя дрэвы” Сяргея Кажамякіна і “Incertum”, уласна, самога Ждановіча. Дадатковым “бонусам” стаўся праект Марыны Бацюковай “Без назвы”, прэм’ера якога адбылася на нядаўняй выстаўцы “Ступені”. Кожная з серый “Горада” ўжо знаёмая дасведчанай публіцы, тым не менш, куратару ўдалося стварыць чыстае і лаканічнае выказванне на аснове вядомага матэрыялу.

Горад як фізічная і ментальная прастора, як лабірынт, як утопія... Сяргей Ждановіч абраў для стварэння свайго “месэджа” матыў, які ён добра ведае. Мінск, па версіі куратара — фатографа-ўрбаніста, ператвараецца ў горад-успамін, у горад, які існуе, здаецца, толькі на здымках. Моцным мастацкім “плацдармам” для выбудовы гэтай формы стала знакавая серыя Артура Клінава “Горад СОНца”. Нагадаю, што гэтая метафара ідэальнага горада паходзіць з аднайменнай утопіі італьянца Тамаза Кампанэлы. Але аблічча мінскай архітэктуры, панаванне сталінскага ампіру ў цэнтральнай частцы сталіцы стала глебай для прыжывання ідэі, якую Артур Клінаў аформіў у прыгожую канцэпцыю. У выніку Мінск на фота з горада скразных вялізных праспектаў ператварыўся ў горад-міф, горад-СОН, поліс...

Падобнае, але ж не гэткае ж манументальнае ды велічнае, прачытанне аблічча беларускай сталіцы ўтрымлівае і серыя “Incertum” Сяргея Ждановіча. Майстар у ёй гуляе з магчымасцямі бачнага: горад тут высвечваецца з дапамогай аптычных эфектаў фотаапарата, які нават не фіксуе, а, хутчэй, антыфіксуе недакладныя архітэктурныя абліччы. У выніку, перад гледачом узнікае нават не прыблізны партрэт Мінска, а пэўны фантом горада, які існуе дзесьці паміж здымкам і рэальнасцю...

Трэцюю іпастась задае Вадзім Качан у серыі “Туманы”. Што такое, у рэшце рэшт, туман? Гэта яшчэ адна недакладнасць, яшчэ адны “ўцёкі” горада. Перад намі, сцвярджае куратар, узнікае своеасаблівы горад-двайнік, які можна ўбачыць, лічы, толькі пры пэўных абставінах і ў пэўны час.

Прыгожым працягам ідэі мегаполіса, які нам “толькі здаецца”, становіцца серыя Сяргея Кажамякіна “Ментальныя дрэвы”. Яна ўяўляе з сябе цыкл не звычайных фотаадбіткаў, а негатываў, надрукаваных на пласціне. На іх “мрояцца” дрэвы, што раслі калісьці ў незвычайных прасторах сярод каменных будынкаў. Горад, які “сцірае” нават свой уласны пейзаж, ператвараючы яго ва ўспамін, ментальную канструкцыю, — мяркую, гэтую шматвымерную серыю можна прачытаць і так.

У выніку, перад гледачом “паўстае” горад, які ён бачыў мноства разоў, але які, здаецца, ён і не ведае. Калі звярнуцца да Аскара Уайльда, то ў дадзеным выпадку праект прапануе нам крочыць за ўяўленнем, за мастацкімі абліччамі горада, лічачы выдуманымі рэальныя абрысы ды ландшафты. Звернемся акурат да апошніх. Гаворка ідзе пра ўвасабленне арт-праекта “Горад”, што, нельга не адзначыць, мае значны патэнцыял. Аднак экспазіцыйнае рашэнне не дазволіла мастацкай ідэі “раскрыцца” напоўніцу. Аб’екты Сяргея Кажамякіна, якія стаяць паасобку і, на жаль, у атачэнні тэкстылю, — даволі звычайная праца з фарматам фотаработ. Праект, які мог бы стаць адным з “цвікоў” праграмы, на жаль, нічым не вылучаецца са стракатай разнастайнасці навакольных мастацкіх твораў. І адзначаючы гэта, нельга ў цэлым не заўважыць адсутнасць расстаноўкі акцэнтаў у агульнай экспазіцыі. Гаворка — пра дакладны маршрут па экспазіцыйнай зале, які даваў бы магчымасць убачыць сувязі паміж адным мастацкім блокам ды іншым, “лінкі” паміж ідэямі, пакаленнямі.... Урэшце, нельга і не адзначыць, што прастора выставачнага павільёна на праспекце Пераможцаў, 14 — адна з найскладаных для стварэння экспазіцыі. І “Горад” тут — толькі адзін з прыкладаў. Хаця дзеля прадстаўленай новай работы фатографа Андрэя Шчукіна “Маё кубінскае дзяцінства”, якая спалучае відэа ды здымкі, адсылаючы да такіх паняццяў, як памяць і мара, многае можна дараваць...

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"