A&B: Аўдыя & Відэа-2

№ 18 (1144) 03.05.2014 - 09.05.2014 г

Красавіцкія аўдыя/відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць музыкант (А), гэтым разам — Аляксандр САПЕГА з гурта “Apple Tea”, і спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура” (В) Алег КЛІМАЎ.

/i/content/pi/cult/475/10106/8-4.jpg

Аўдыя

“Pomidor/Off”, міні-альбом “Спёка”

А.: Ведаеце, як я слухаў гэтую работу? “Попесенно”, гэта значыць, адну песню — у дзвюх аранжыроўках. Хацелася пачуць розніцу. Паставіў “Спёку” ў рок-варыянце — і мне падалося, што яна відавочна выйграе ў рэгі, паколькі словы відавочна рэгiйныя, тым больш у канцоўцы лідар гурта Аляксандр Памідораў усё-такі ўкрапаў рэгі. Паставіў у рэгі-варыянце — і зараз ужо рок-версія падалася мне больш прыемнай. Увогуле, кампазіцыя мне спадабалася, і тэкст, і музыка, а які варыянт выбіраць — дык тое, напэўна, будзе залежыць ад настрою. Але вось у двух выданнях трэка на сацыяльную тэматыку “Стан” я розніцы не адчуў: і тое, і тое — джангл-рок- рэгі. А якая пазітыўная рэч “Летні”! Аляксандр умее гуляць са словамі, перайначваць іх часам на афрыканскі лад: прачытайце некалькі ра-
зоў — ну гэта ж чыстая Афрыка па агульным уражанні! Усе тры песні — добрыя, хочацца працягу. Рэкамендую для праслухоўвання, хоць я і джазмен.

В.: Новая старонка ў гісторыі беларускага музычнага “рэлізнага” мастацтва: гурт “Pomidor/Off” выпусціў міні-альбом з аднымі і тымі ж песнямі ў дзвюх версіях — рокавай і рэгiйнай. “Стан” — гэта больш агрэсіўная інкарнацыя нумара “П.Г.П.” з крайняга дыска каманды. Такая жанравасць абумоўлена зместам і аранжыроўкамі кампазіцый (узяць хоць бы гумарны нумар “Летні”). Другі варыянт складаецца з трох рэгі-песень і, што лагічна, фінальнай рокавай, якая дала назву “пласцінцы”. Сярод тых, хто падпяваў лідар-вакалісту Аляксандру Памідораву, — Вераніка Круглова і Валерыя Валадзько. Сам жа лідар калектыву меладычнага “цяжаляка” раней не быў заўважаны ў такой любові да рэгі. Напэўна, лета зачакаўся. Усё фарматна для адпаведнага радыё. Калі б яно ў нас было....

“Akute”, альбом “Realnasc i Sny”

А.: Павінен адразу ж растлумачыць: такую музыку, як у “Akute”, я не слухаю, аддаючы перавагу вясёламу, пазітыўнаму фанку, удумлівым джазавым баладам, свінгу. А халодны брытанскі рок мне не даспадобы. Самотнае завыванне гітары, аднатонная мелодыя, сыходзячы бас — усё гэта выклікае ў мяне тугу і жаданне перакусіць чаго-небудзь гарачага. У “Apple Tea” ёсць кавер на песню “Depeche Mode”, і некаторыя людзі думаюць, што мы любім такую музыку, а мы ж проста бралі ўдзел у канкрэтным трыб’ют-праекце. І, дарэчы, мы з “It’s No Good” зрабілі вясёлы фанкавы нумар. А над трэкам “Akute” пад назвай “Scieny” я наогул ледзь не заплакаў: так песімістычна, так па-беларуску — дэпрэсняк П’еро ў скупых музычных сродках выражэння! У маладосці, памятаю, слухаў гурт “The Cure”. Магіляўчане мне і нагадваюць яго музыку. І толькі ў кампазіцыі “Бегчы” з’явіўся тэмпераментны драйв — ух ты, мне спадабалася! Ну і ў канцоўцы яшчэ адна энергічная песня, што пераходзіць у прыпеве ў нешта гімнічнае, — “Дзе будеш ты”... Зазірнуў у Інтэрнэт, а гэты калектыў “Akute”, аказваецца, папулярны... Добра, пайду я пастаўлю сабе чаго-небудзь джазавага або Джона Маера — толькі яго адзінага з сучаснага року і слухаю...

В.: Хтосьці называе гэты калектыў самым сумным рок-гуртом Беларусі, хтосьці захапляецца прафесійным майстэрствам артыстаў ды іх бездакорным густам. Ісціна гэтым разам сапраўды пасярэдзіне. Агульнае ўражанне ад трэцяга поўнафарматніка каманды: усе навокал памерлі, але сёй-той яшчэ курчыцца ў канвульсіях... Але як эстэтычна выглядаюць яго выкручванні! Калі хто і ўспомніць дадзеныя трэкі праз, ну, добра, год, дык толькі фанаты ансамбля. Пакуль жа, па гарачых слядах, адзначу кампазіцыі “Сцены” і “Бегчы”. Не ратуюць канцэпт навінкі і каверы на суперхіты гурта “Ulis” — “Марнатраўны сын” і “Як на далоні”: так, ад першакрыніцы “Akute” абстрагаваліся, але свая “разыначка” аказалася не надта смачнай. Проста не верыцца, што карані ансамбля растуць з крыху разбойніцкай каманды “Глюкi”, што калісьці падавала велізарныя надзеі. Як лічыў шмат хто, яны маглі б “сцерці” з твару беларускага рок-н-ролу тагачаснага лідара — “N.R.M.”. Апошнія, па сутнасці, змянілі пазіцыі самі, праўда, саступіўшы перад тым дарогу ў нябыт “Глюкам”...

“Дразды”, альбом “Шчасце”

А.: Калі я праслухаў трэк “Вясна”, мне падалося, што падобнае я чуў у маладосці, толькі без такога жорсткага рытму. Пазітыўна, можна рухацца ў стылі дыска. “Дэнамінацыя кахання” — таксама дыска, і тэкст прасцецкі. На радку “на людзях цалуемся” стала трывожна: занадта ўжо для маёй пяшчотнай душы. “Гуляем мы” — а-ля песня будаўнікоў БАМа, так, прынамсі, падалося. Толькі раней бы словы пра каньячок, шашлычок і самагон камісія не прапусціла б... Складваецца ўражанне, што ўсё гэта задумана не ўсур’ёз, усе гэтыя песні — спецыяльна спрошчаныя. Музыканты, я ж чую, добрыя, але чаму менавіта такія кампазіцыі?.. Рамантычная “Корушка” — у дзяцінстве такое спявалі ля вогнішча пад гітару. Спадабаліся “Ляцяць тыднi”: балада, дзяўчына прыгожа спявае, нешта ад джаза ёсць. Але толькі адпачыў душой, як ізноў пайшла весялуха з сiнкопамi — “Cыплецца сняжок”. А наогул, усё будзе ОК, калі, зноў-такі, — ля вогнішча! Сучасная праблематыка пра інтэрнэт-адносіны ў “Пачуеш” добра б легла на рэгі, прыпеў — дык дакладна. “А ты прыходзіш” — амаль самба, але ансамбль ізноў для нашых слухачоў спецыяльна спрасціў музыку. Хацеў самбу, а атрымаў польку “Шчасце”! Менавіта яе і чакаў, бо гармонік у “Драздоў” — відаць, галоўны інструмент. Полечка яна па рытме, а па стылістыцы — амаль тое ж, што цяпер прынята называць шансонам. Праграма — каб эфектна выйсці з-за стала ды пусціцца ў скокі! Альбом будзе мець поспех у нашых непатрабавальных забаўляльных установах, але тыя, хто слухаюць джаз, “пралятаюць”...

В.: “Драздам”, вядома, лепш відаць, як змянілася музыка іх гурта. Асабіста мяне анансаванне такой пертурбацыі насцярожыла. Няўжо мы больш не пачуем душэўных перабораў гармоніка, балалайкавых пырскаў, не адпачнём культурна ў гэтай атмасферы бясконцага “pre-party”? Абышлося. Праблем, на першы погляд, у песнях Віталя Карпанава з калегамі няма, прынамсі, невырашальных. Нават калі смутак датычыцца лірычнага героя кампазіцыі, ёсць устойлівае адчуванне, што, калі ў самім трэку ён не разабраўся са сваімі “прусакамі ў галаве”, дык пасля заканчэння яго абавязкова ўсё прывядзе да патрэбнай нормы. Хутчэй, змянілася не музыка, а пасталелі артысты. Паволі ўжо развітваюцца з радасцю на роўным месцы, усё больш лёгкага суму, што вось у гэтую сітуацыю самім ужо не трапіць... Упэўнены, у далейшым у павучальнасць каманда не кінецца, а працягне з добрай усмешкай успамінаць і дзяліцца назіраннямі пра навакольных.

Відэа

Сярога, кліп “Твой любімы клоўн”

А.: Брутальны ды гераічны кліп: бліскавіцы начных вогнішчаў-бочак, мускулы, шчацінне, сумленнасць. І песня адпаведная — пра няпросты перыяд у жыцці паспяховага рэпера, калі ён, стомлены ад славы, вымушаны сысці ў журы тэлеконкурсу. У мяне з ТБ адносіны легкадумныя: я яго не гляджу, мне цяжка даваць ацэнку гэтаму прадукту тэлевізійнай дзейнасці — відэа, і проста няма з чым яго параўнаць. О! Буду параўноўваць яго з тымі спевакамі, пра якіх я ведаў, калі яшчэ тэлевізар глядзеў. Музычны вобраз Сярогі асацыюецца, перш за ўсё, з Іосіфам Кабзонам, з яго сур’ёзнымі песнямі пра гераічную працу, і з Фрэнкам Сінатрам, з песнямі пра нялёгкі жыццёвы шлях. Чаму менавіта так? Вобраз жа амаль супадае — такі мужчынскі, брутальны. У кліпе Сярога сваіх сыночкаў за рукі вядзе нават не па-бацькоўску неяк: у воіна павінен быць нардычны характар — ніякіх сантыментаў. Я гэты кліп рэкамендаваў бы паказваць прызыўнікам. Слухачам жа джаза і акадэмічнай музыкі рэкамендую ўсё ж такі ўключыць нешта сваё.

В.: Рэпер вяртаецца (?) да слухача двума кліпамі запар. Спачатку гэта было сакавіцкае відэа на трэк “Люць” і вось зараз зазнала візуалізацыю кампазіцыя пра клоўна. І тая, і другая песні — сумныя, кранальныя медлякi; першая — больш трагічная, “з крывёю”, другая — адкрыта расказвае пра жыццёвыя перыпетыі героя (чытай: самога Сярогі). Артыст, якi доўга ішоў да свайго прызнання на ўсёй прасторы былога Саюза, якi гады тры ўзначальваў разнастайныя топы і чарты, на нейкім этапе заняўшыся прадзюсіраваннем, практычна знік з поля ўвагі ў апошнія… гады тры. Клоўн застаўся як бы па-за прафесіяй, цырк — шоу-бізнес — з’ехаў. Выканаўца і чытае аб тым, як гэта: стаяць адчэпленым вагонам на запасным шляху — ці то па ўласнай волі, ці то па волі абставін — і праводзіць позіркам саставы, што ўносяць удалячынь пакаленне маладых. Цягнікоў у кліпе няма. Гэта я ўключыў асацыяцыі, а ёсць грымёрка, арэна, людзі — блізкія, публіка. І — сумныя вочы таго, хто зноў павінен весяліць, смяяцца ды хаваць сум. Ці вернецца ён на манеж-сцэну? Адказу на пытанне ў мінімалістычным, стрыманым роліку няма...

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"