“Дыліжанс” на дзевяць крэслаў

№ 18 (1144) 03.05.2014 - 09.05.2014 г

Як беларуская мова да мюзікла прывяла
Віраваннем падзей у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа не здзівіць: там ледзь не штомесяц — прэм’еры. Але новы беларускі мюзікл цалкам на беларускай мове — такое ўпершыню. Не толькі для Віцебска, але і для ўсёй краіны. Ды што там — для свету!

/i/content/pi/cult/475/10105/8-1.jpg

Сцэна са спектакля "Дыліжанс". / Фота Марыны КАТЛЯРОВАЙ

Праўда, з нараджэння таго мюзікла на нотнай паперы мінула ўжо 13 гадоў. Ініцыятыва зыходзіла ад знакамітага расійскага акцёра і рэжысёра Леаніда Філатава, вядомага таксама адметнай паэтычнай творчасцю. Ён даслаў нашаму кампазітару Уладзіміру Кандрусевічу тэкст свайго сентыментальнага фарса “Дыліжанс”, напісанага паводле навелы Мапасана “Пышка”, — з дарчым надпісам і пісьмовым дазволам на скарачэнні ды змены, калі тыя спатрэбяцца. Музыка стваралася ў разліку на драматычных акцёраў: спектакль прызначаўся для Маскоўскага дзяржаўнага тэатра “Ля Нікіцкіх варот”, яго заснавальніка і кіраўніка Марка Разоўскага. Тая прэм’ера мусіла адбыцца ў 2001-м, але раптоўна памёр спонсар, а праз два гады — Філатаў. Так і праляжалі б ноты, каб не коласаўцы. Дырэктар — мастацкі кіраўнік тэатра Валерый Анісенка запаліўся ідэяй увасобіць мюзікл-памфлет на віцебскай сцэне. Рэжысёрам запрасіў былога акцёра ТЮГа Сяргея Кулікоўскага, які, перакваліфікаваўшыся ў пастаноўшчыка, паспеў двойчы стаць лаўрэатам Эдынбургскага тэатральнага фестывалю, пасупрацоўнічаць з многімі тэатрамі, у тым ліку ў Англіі і Балгарыі, не кажучы пра беларускія і расійскія, дзе дарос да галоўнага рэжысёра Томскага тэатра драмы.

Але перш чым рушыць да прэм’еры, Уладзіміру Скарынкіну замовілі пераклад. Вынік — ашаламляльны! Бо ўшчэнт разбівае ўстойлівыя меркаванні, што мюзікл па-беларуску — з’ява ненатуральная, прыдуманая штучна. Асабіста я ўпершыню сутыкнулася з тым, што беларускамоўная версія аказалася не проста нароўні з арыгіналам, а нашмат пераўзыйшла яго. Вобразныя, запамінальныя рыфмы, каларытныя эпітэты-метафары-фразеалагізмы, сакавітыя народныя выразы — карацей, трапнасць (нават сцёбнасць), спеўнасць, прастата. У тэкстах утрымліваецца такая энергетычная падпітка, такое ззянне фарбаў, быццам яны напісаны 20-гадовым Моцартам, які раптам замяніў нотныя кручочкі беларускім алфавітам. Дарэчы, хіба можна было чакаць іншага? Паэт атрымаў не толькі Дзяржаўную прэмію Беларусі, але і шматлікія італьянскія ўзнагароды ды здабыў сусветнае прызнанне праз свой пераклад “Боскай камедыі” Дантэ, не меншай сенсацыяй стала яго версія “Дон Жуана” Байрана. Так што мюзікл пасля тых філасофскіх вяршыняў — ну проста на “раз-два-тры”.

А што ж уласна музыка? Твор атрымаўся стыльны, са шматлікімі французскімі “спасылкамі”. Справа зусім не ў тым, што па ходзе дзеяння тройчы цытуецца “Марсельеза” і там-сям узнікаюць тонкія алюзіі на вядомыя французскія хіты, пачынаючы з песенькі пра чароўную маркізу, у якой “усё добра”. Сам жанр мюзікла аказаўся скіраваны ў бок яго французскага аналага — так званай папулярнай оперы, што абапіраецца на самыя распаўсюджаныя эстрадныя жанры: не на джаз — на шансон (вядома, французскі!). У нашым варыянце — на шансон “руска-беларускі” (не забывайце пра Філатава і Маскву), але не “блатны”, не саматужны, а найвышэйшага пілатажу. Здавалася б, усё тыя ж “тры ноты, тры акорды” (а ў Кандрусевіча часам увогуле “два на два”, ёсць нават нумар, пабудаваны на адной тэрцыі, што “перасоўваецца” ўверх і ўніз). Але ж музыка не спыняе, а рухае дзеянне, надае яму смак: “абмузычаная” мапасанаўская “Пышка” стала не жорсткай — апетытнай. Бо простыя інгрэдыенты “прыпраўлены” высокапрафесійнай аранжыроўкай, дзе змяшана электроніка і акустычныя гучанні, адметнай метрарытмікай, што цэментуе драматургію і задае ёй захапляльны імпульс. Пачатак другой дзеі ўвогуле пабудаваны на мінімалізме, усё больш запатрабаваным у музыцы і пластычным тэатры: “мелодыя” складаецца са звону лыжак, місак, цокатаў-шоргатаў ды іншых сцэнічна-побытавых гукаў. Гэты прыём так і просіцца, каб яго ў спектаклі паўтарылі!

Выбар артыстаў на ролі — бездакорны. Юлія Цвікі, Яўген Бераснёў, Юрась Цвірка, Раіса Грыбовіч, Вячаслаў Грушоў, Алена Шарэпчанка, Георгій Лойка, Святлана Жукоўская — кожны стварае пазнавальны тыпаж, які не губляецца ў масавых сцэнах. Усе іграюць, спяваюць і танчаць (рэжысёр па пластыцы — Дзіяна Юрчанка) з непрыхаваным задавальненнем, літаральна плёскаючыся ў фантане тэатральных фантазій.

Уся сцэнаграфія — дзевяць крэслаў (па колькасці месцаў у дыліжансе, уключаючы кіроўцу) і ложак. Галоўная гераіня сваім касцюмам падобная на ляльку (мастак — Святлана Макаранка). Яна — нібы з іншага вымярэння, больш шчырага і свабоднага. Бо “лялькамі” ў руках абставін, прыхільнікамі і адначасова ахвярамі падвойных стандартаў аказваюцца ўсе астатнія. Чым не жыццёвая гісторыя?..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"