За кошт спонсараў і пазабюджэту…

№ 18 (1144) 03.05.2014 - 09.05.2014 г

Інга ЖУРОМСКАЯ, Докшыцкі райвыканкам:
Культура Докшыцкага раёна мае сталую і трывалую праектную аснову. “К” шмат пісала і будзе пісаць пра адмысловыя аграгарадоцкія святы, якія не паўтараюцца, і брэндавыя акцыі, скіраваныя на папулярызацыю і развіццё маладзёжнай альтэрнатыўнай культуры. Але і гэта — не ўсё. Ёсць на Докшыччыне праект царкоўнага духоўнага свята, прызначанага таксама для станаўлення юных асоб. Шмат цікавага прапаноўвае раён і ў іншых кірунках сваёй дзейнасці.

/i/content/pi/cult/475/10103/12-4.jpg— Наш райцэнтр заключыў пагадненне з латвійскім горадам Балві. Справа ў тым, што сёлета Еўрасаюз распачынае новую праграму фінансавання творчых праектаў. А мы збіраемся правесці з замежнымі сябрамі сумесную акцыю. Пакуль яшчэ рана казаць пра яе тэматыку. Але днямі мы едзем у Латвію для каардынацыі нашых будучых дзеянняў…

Так, праектная дзейнасць для нас — адна з вядучых. Вельмі цесныя стасункі падтрымліваем для гэтага з Каардынацыйным бюро Еўрасаюза ў Рэспубліцы Беларусь. Прымаем удзел у семінарах, шукаем партнёраў.

Але рэалізоўваем і шмат “унутраных” праектаў. “К” пісала ўжо, што ў Бягомлі, да прыкладу, пад час Свята пасёлка, у жніўні, пройдзе Сасновы фэст. У Вішневе ж ёсць Вішнёвы фестываль, а мы, у сваю чаргу, Сасновы прыдумалі, бо сасна прысутнічае на гербе Бягомля. У Параф’янах намецілі зладзіць на базе СДК і аздараўленчага лагера Маладзёжны джынсавы фестываль. Гэта пілотны варыянт: пабачым, што атрымаецца.

Істотная заўвага: усе нашы фэсты ладзяцца не за бюджэтныя грошы. Іх сёлета нават на набыццё чаго-кольвечы не стае. Таму ідзём іншым шляхам. Нам ахвотна дапамагаюць мясцовыя спонсары: буйныя і паспяховыя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. Выкарыстоўваем, натуральна, і ўласны пазабюджэт.

Арганізоўваем і злёт праваслаўнай моладзі. Нам тут дапамагае праваслаўная царква аграгарадка “Крулеўшчына” . У жніўні сюды на тры дні прыедуць юнакі і дзяўчаты з розных абласцей Беларусі.

Я назвала толькі буйныя нашы праекты. Але ўлічыце, што кожны наш аграгарадок мае свае, хоць і дробныя, лакальныя, але брэндавыя святы. Прысвечаны яны рыбе, мёду, беларускай лазні… Імкнемся, каб праходзілі яны не заарганізавана...

Колькі слоў хачу сказаць пра наш Раённы дом рамёстваў. Згадала яго і з той нагоды, што нашы слынныя майстры пад час Чэмпіянату свету па хакеі будуць у чарговы раз браць удзел у фестывалі рамеснікаў “Вясновы букет” ды пастараюцца годна прадставіць традыцыйнае мастацтва Докшыцкага раёна, гэтым разам — і для шматлікіх замежных гасцей. Сувенірная прадукцыя мае выяву герба нашага раёна. Прысутнічае ён на кераміцы, вышыўцы, ткацтве, вырабах з саломкі. Тое, што зроблена ў сценах РДР пад час афіцыйнага рабочага дня, рэалізоўваецца як звычайная платная паслуга. Грошы ад продажу гэтых твораў мы выкарыстоўваем на транспартныя, амартызацыйныя расходы.

Часта задумваюся, як развівацца Дому рамёстваў надалей. Адназначна тое, што трэба адшукваць забытыя тэхналогіі рамёстваў. Іх носьбіты — яшчэ жывыя. Не прамарудзіць бы. Мы не можам пашырыць колькасць дзіцячых гурткоў пры РДР. З-за дэмаграфічнай сітуацыі дзяцей тых для гэтага проста няма: агульнаадукацыйныя школы ў раёне закрываюцца. Таму перспектыва РДР бачыцца ў пашырэнні межаў пошукава-даследчай дзейнасці, у больш грунтоўным стаўленні да аднаўлення нашай докшыцкай традыцыі. Гэтую праблему лічу галоўнай.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"