Урокі радасці — “сваімі рукамі”

№ 18 (1144) 03.05.2014 - 09.05.2014 г

Чаму святы ў Грушаўцы і Хацежыне мясцовыя жыхары зрабілі ўласнымі сіламі?
Не паспела высахнуць друкарская фарба на газетным нумары з артыкулам “Вучымся радавацца” дырэктара канцэртнага агенцтва, прадзюсара і ўладальніка аграсядзібы Уладзіміра Шаблінскага (гл. "К" № 16), як жыхары сталічнага мікрараёна Грушаўка і шматдзетныя бацькі з аграгарадка “Хацежына” ініцыявалі ды правялі адмысловыя, нестандартныя святы. І зрабілі гэта без прымусу, не па волі вышэйстаячага начальства, а з прычыны простага жадання парадавацца жыццю. А менавіта пра гэта і пісаў Шаблінскі: “Калі на першае месца вылучаецца “абавязалаўка”, дык і свята аказваецца прыцягнутым за вушы”. Дык вось, святы атрымаліся сапраўднымі.

/i/content/pi/cult/475/10102/12-1.jpg

Пад час свята ў Хацежыне.

/i/content/pi/cult/475/10102/12-2.jpg

Шчыльны расклад дзеі ў Грушаўскім скверы.

Дабрыня двара

Менавіта яна стала прычынай настальгічных успамінаў па тым часе, калі мінская Грушаўка па выхадных ссоўвала ў дварах сталы, упрыгожвала іх стравамі, заводзіла патэфоны, запрашала гасцей з іншых раёнаў і талакой чаявала ды танчыла пад засенню таполяў ды ліп. Перабудова паступова скасавала традыцыю талакі. Але генетычная памяць перамагла: мясцовая моладзь вырашыла адрадзіць традыцыю. Так узнік фестываль у гонар мінскага раёна, што прайшоў 1 мая ў Грушаўскім парку, непадалёк ад ДК “Авангард”.

Тэхналогія яднання

Спачатку ініцыятыўная група складалася ўсяго з некалькіх дваццацігадовых. Каардынатарам іх намаганняў стала маркетолаг Наталля Юшкевіч. Потым ядро павялічылася да сарака актывістаў, сярод якіх знайшлося месца і сталым людзям, і школьнікам. Дапамаглі сацыяльныя сеткі, абвесткі ў пад’ездах ды звычайныя чалавечыя стасункі. Вырашана было яшчэ пад час суботніка давесці да ладу парк. Галоўны спецыяліст упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі адміністрацыі Маскоўскага раёна Святлана Кудзіна шчыра прызналася, што такой актыўнасці ад людзей не чакала. У выніку, да фэсту спрычыніліся дзясяткі жыхароў навакольных вуліц.

Змест свята

Сцяну дома на Папаніна, 11 жыхары ўпрыгожылі беларускім арнаментам. Працавала сем святочных зон. І былі ссунуты сталы, і гучала музыка… А яшчэ грушаўцы прапанавалі майстар-класы — па спевах, фатаграфічным майстэрстве, вырабе лялек, — а таксама дваровыя гульні, шахматныя турніры. Можна было паглядзець фотавыстаўку, якая прадэманстравала рэстраспектыву з жыцця Грушаўкі. Здымкі з сямейных альбомаў для выстаўкі таксама збіралі падворна. А ўвечары ў кінатэатры, здабытым з дапамогай валанцёраў, быў прадэманстраваны дакументальны фільм пра сучасную Грушаўку. Аўтар карціны — адзін з жыхароў раёна.

Каштарыс і рэсурсы

А каштарыс — нескладаны. Прынамсі, пошукамі спонсараў арганізатара не замарочваліся. Свята — агульнае, значыць, і выдаткі — гэткія ж. Сабралі грошы на паветраныя шарыкі, упрыгожанні для дрэў, на фарбу, пластыкавыя шклянкі і на ваду для чаю. На гэта спатрэбілася дзесьці тысяч дзвесці. Ці ж вымяраецца свята сумай грошай? Сцэна, да прыкладу, была зроблена з будаўнічых паддонаў. Імі рабочыя прапанавалі скарыстацца бясплатна. Гэткім жа было і хатняе печыва...

Патрыятызм пачынаецца…

…з любові да роднай сям’і, да роднага двара, вуліцы, горада, краіны. Не выключана магчымасць, што неўзабаве за адзіны, сямейны, стол сядзе ўвесь Мінск. Вельмі доўгім будзе той стол. Але каго гэта палохае? Прынамсі, 1 мая моладзь Грушаўкі зразумела: невыканальных праектаў няма. І калі любіш раён, можна і грамаду ў талаку сабраць, і справу зрабіць без фармалізму ды “абавязалаўкі”. У гэтым пераканаліся і тыя жыхары Мінскага раёна, што ўваходзяць у грамадскае аб’яднанне “Шматдзетная сям’я”. Член яго Праўлення Вольга Фурсевіч (мама пяці дзяцей) каардынуе правядзенне ў родным Хацежыне вясковых святаў, дзе ўсё робіцца супольна і ад душы…

Дзеці вучацца ў нас

“Усё пачынаецца з сям’і, — сцвярджае Вольга Фурсевіч. — Дзеці вучацца ў нас стаўленню да дабрыні і духоўнасці”. Менавіта з гэтай прычыны да “Шматдзетнай сям’і” падключыліся ў арганізацыі вясковых святаў Міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Узаемаразуменне” (тут працуе сяброўка Вольгі) і сацыяльна-дабрачыннае грамадскае аб’яднанне “Геном” дзяцей-інвалідаў Мінска. Блаславіў і падтрымаў пачынанне настаяцель прыхода храма Святой Жываначальнай Троіцы Хацежына протаіерэй Павел Ківовіч. Пад час свята ён распавёў дзецям пра вытокі Вялікадня, пра чарнобыльскую радыеактыўную навалу, пра важнасць духоўнай еднасці і пад час агульных святаў, і пад час агульных бед...

Калі мамы бяруцца за справу…

…усё атрымліваецца без перашкод. Талакой было праведзена свята 5 сакавіка, прысвечанае Міжнароднаму жаночаму дню. Гэтак жа дружна ладзіўся “Вялікдзень вачыма дзяцей” 26 красавіка. Напярэдадні мамы “селі на тэлефоны”, падключылі ўсе магчымыя сувязі. На выхадзе атрымалася вось што. Бясплатна працавалі: аніматар, Лялечны тэатр са сталіцы, ансамбль духоўнай музыкі “Крыніца” з Полацка, шоу мыльных пухіроў, майстры-рамеснікі Мінскага раёна, якія арганізавалі выстаўку-кірмаш сваіх твораў… Любы ахвотны мог прыехаць у Хацежына. Сталічныя госці, да прыкладу, дабіраліся ад Каменнай Горкі на прыгарадным аўтобусе. І гэта, бадай, адзіныя святочныя выдаткі. А шматдзетных мам у раёне — больш за 300, дзяцей — у разы больш. Уяўляеце, якой радасцю свяціліся іх вочы? Такое шчасце грашыма не вымяраецца...

Кожны сам будуе сваё жыццё

Думаецца, сённяшнія прыклады — больш чым красамоўныя. Мы самі будуем сваё жыццё. І не патрэбны тут, аказваецца, ні інструкцыі, ні загады. Ёсць ініцыятыва, вакол якой стыхійна гуртуюцца неабыякавыя людзі, ёсць і канкрэтная нефармальная справа. І мы ў выніку разумеем, што колішні прынцып беларускай талакі паступова вяртаецца ў наш ужытак. Калі мы разам, мы не проста народ, а — нацыя. І толькі ў такім выпадку здолеем паўплываць на будучыню сям’і, горада, вёскі, краіны.

Святы ў Грушаўцы і Хацежыне мясцовыя жыхары зладзілі ўласнымі сіламі. І, як паказалі святы, сіл гэтых было дастаткова. Як будуць развівацца афіцыйныя і, так бы мовіць, народныя мерапрыемствы надалей? Паралельна ці падсілкоўваючыся адно ад аднаго? Сказаць цяжка. Але хлеб, спечаны ва ўласнай печы, заўжды смачнейшы за крамны. Ці не так?..

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"