У чым соль "Краіны мрояў"?

№ 18 (1144) 03.05.2014 - 09.05.2014 г

Алег Скрыпка — пра спонсара для этнафэсту, выхаванне культурай і каханне
У Мінску выступіў гурт “Воплі Відаплясава”. Напярэдадні канцэрта, што прэзентаваў нядаўні дыск “Цудоўны свет”, лідар гурта Алег СКРЫПКА даў сваім фанам і прэсе невялікае, але ёмістае інтэрв’ю. Мы ж з яго выбралі не толькі цікавыя, але і, думаецца, у пэўным сэнсе карысныя для айчыннай сферы культуры фрагменты разваг-маналогаў артыста, у тым ліку, прамоўленыя ў якасці адказаў на нашы пытанні.

/i/content/pi/cult/475/10100/13-1.jpg

Алег Скрыпка. / Фота Кастуся АНТАНОВІЧА

Пра Беларусь

— Мне ў свой час прапанавалі выканаць нашу кампазіцыю “Краіна мріі” па-беларуску. Зрабіў гэта з задавальненнем! Калі з беларускага боку будуць аналагічныя прапановы, з вялікай ахвотай пойдзем насустрач… Беларуская мова — цудоўная! Вельмі мякка пяецца. Яна, як і ўкраінская, вельмі добра кладзецца на музыку. Гэта сапраўды народная мова, адшліфаваная, бы марскія каменьчыкі… Таму чакаю прапаноў! Калі прыязджаем на Беларусь, вельмі сябе добра пачуваем. І заўжды сонейка свеціць...

Пра каханне

— Кожны разумее каханне па-рознаму. Тут усё залежыць ад пройдзенага жыццёвага шляху. Я навучыўся кахаць. Нядаўна сам сабе ў гэтым прызнаўся. Закаханасць — гэта не захапленне, а глыбокае пачуццё, што грэе душу нейкім цёплым агнём... З узростам я пачаў разбірацца ў такіх каштоўнасцях. Гэта вельмі важна: не разменьвацца на дробязі, а адчуваць адказнасць за чалавека, якога кахаеш… Так, з узростам прытупляецца пачуццё навізны. Трэба спыніцца, адпачыць, кудысьці паехаць, абнавіць кола зносін, асвяжыць эмоцыі… Тут вельмі дапамагае здаровы лад жыцця. Калі я кінуў курыць, на мяне свет літаральна абваліўся сваімі фарбамі, пахамі і ўражаннямі...

Пра любімыя заняткі

— На скрыпцы не граю. На ўсіх астатніх інструментах — так, на скрыпцы — не. Напэўна тут ёсць нейкая Боская рэжысура, інтрыга… Я нядаўна стаў куцюр’е. Яшчэ я — ды-джэй. Мне прапанавалі іграць у тэатры ды напісаць для спектакля музыку. Зняўся ў некалькіх мастацкіх фільмах. На экраны хутка выйдзе карціна “Грай, міліцыянер!”, дзе я толькі акцёр… Чарговая іпастась — рэстаратар і кулінар. Адкрыў рэстаран з украінскай аўтарскай кухняй. Будзеце ў Кіеве — запрашаю на боршч!..

Пра сучасную моладзь

— Як выхоўваць яе? Праз культуру! Спачатку — культура, потым — соцыум, палітыка, матэрыяльны дабрабыт… У адваротным выпадку, людзі проста не разумеюць, што такое Бацькаўшчына, што такое будучыня… Моладзь сёння мае неабмежаваны доступ да інфармацыі, у тым ліку — культурнай. Асобы самі сабе знаходзяць тое, што ім трэба, самі сябе “будуюць” і выхоўваюць. Іншыя ж вагаюцца ў інфармацыйным хаосе, ён пачынае панаваць у іхніх галовах. Тут павінны быць асобы-настаўнікі, якія вызначалі б для моладзі духоўныя прыярытэты. А дзяржава, у сваю чаргу, павінна выконваць пры гэтым ролю вектара, што накіроўвае...

Пра “Краіну мрояў”

— Павінен быць культурны партал, да якога можа падключыцца і далучыцца любы ахвотны. Такі партал ладжу я. Гэта Міжнародны этнічны фестываль “Краіна мрояў”, які ў парку “Феафанія” (ля Кіева) пройдзе 5 — 6 ліпеня, ужо ў адзінаццаты раз. Сёлета мы робім эксперымент: хочам змадуляваць у фестывальных рамках будучыню сваёй краіны. І я запрашаю ўсіх ахвотных паўдзельнічаць у фэсце. Ягоная ідэалогія наўпрост звязана з творчай самарэалізацыяй, сяброўствам...

Пра спонсараў

— Тэхналогія майго фэсту — нескладаная. Цудоўныя высакародныя мэты, як правіла, дасягаюцца лёгка. Прынамсі, намаганні па арганізацыі і правядзенні “Краіны мрояў” былі прыемнымі, хоць дзяржава нічым не дапамагла. Ведаеце, я знаёмлюся з кожным новым міністрам культуры, але плёну гэта не прыносіць. Спонсары ж з’явіліся з самага пачатку фестывальнай падрыхтоўкі. Але ў кожнага — не проста камерцыйны інтарэс: гэтых людзей прываблівала наша ідэалогія супольнай працы на карысць душы. Спонсары цудоўна ўпісваюцца ў фестываль, бо іх арганізацыі і прадпрыемствы робяць упор на выраб нацыянальнай прадукцыі, таму ўсяляк падтрымліваюць этніку і фальклор. Карацей, нашы ідэалогіі цалкам супадаюць. На вялікі жаль, такіх спонсараў ва Украіне пакуль вельмі мала...

Пра гімн планеты

— Гэтая ідэя, дарэчы, нідзе не зафіксавана. Трэба аўтарскае права за ёй замацоўваць… Я, да прыкладу, не напішу такі гімн, бо няма ў мяне таленту гімнічную музыку пісаць… Гадоў восем таму я паспрабаваў перапісаць тэкст украінскага гімна. Гэта была пэўная правакацыя. Мы абвясцілі конкурс, людзі прапаноўвалі свае варыянты. Паводле іх я зрабіў кампіляцыю… Думаю, самы час стварыць і пазітыўны гімн планеты!

Пра постмадэрн

— Украінская мова — не першая, на якой я пачаў размаўляць. Нарадзіўся я не ва Украіне, гаварыў па-руску. Украінскую абраў спачатку для таго, каб на ёй спяваць. Відаць, нейкія генетычныя ўспаміны прарваліся... Была і яшчэ прычына: душа прагнула чагосьці сярэдняга паміж прыколам і постмадэрнам. У тыя 1980-я спяваць у Кіеве на ўкраінскай мове, калі ніхто на ёй у сталіцы не размаўляў, — было рэальна постмадэрнам. Да таго ж, паўтаруся, украінская, як і беларуская мова, вельмі добра спяваецца...

Пра патрыятызм

— Можа, гэта і не сціпла, але я, мае саратнікі па музыцы — авангард грамадства. І мы з асаблівым пачуццём перажываем падзеі ва Украіне. Я супраць барыкад, а — за іншыя метады вырашэння праблемы… Мне не патрэбны выпрабаванні, бо маю сталыя духоўныя каштоўнасці…

Пра Карлсана

— Карлсан з савецкага мультфільма — панк. Хоць ягоная магчымасць лётаць — неаспрэчная прыналежнасць да хіпі. Мне прапанавалі агучыць Карлсана ў шведскім мульціку. Але шведы — людзі не надта паспешлівыя... Я ж сябе хутчэй з Кракадзілам Генам асацыюю. Я ў дзяцінстве ўжо на баяне граў, і мне вельмі падабаўся тэмбр Генавых песень. У нейкай ступені гэта і падштурхнула мяне стаць музыкантам...

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"