А калі... беларуская Трансільванія?

№ 18 (1144) 03.05.2014 - 09.05.2014 г

Аліна МАЗЕЎСКАЯ, журналіст, рэдактар аддзела польскага турыстычнага выдавецтва па Усходняй Еўропе
Масавыя “паломніцтвы” ў мясціны, дзе здымаліся фільмы, з кожным годам становяцца ўсё больш пашыранымі. Зараз паспяхова развіваецца і папулярызуецца тэндэнцыя кінематаграфічнага турызму. Часцей за ўсё гэта адбываецца альбо з дапамогай мясцовага кіраўніцтва, якое прыдумляе новыя маршруты па “засвечаных” мясцінах, альбо дзякуючы індывідуальным турыстам, што самі адкрываюць для сябе кіношныя пейзажы, а ўлады, назіраючы за павышанай цікавасцю, выкарыстоўваюць магчымасць для стварэння новага турпрадукту.

/i/content/pi/cult/475/10098/4-6.jpgГраматна запланаванае прасоўванне кінематаграфічнага турызму ўжо паспрыяла развіццю эканомікі і турыстычнай індустрыі многіх краін. Суседняя Польшча імкнецца выкарыстоўваць літаратурную класіку для прыцягнення турыстаў. У горадзе Мельнік да канца бягучага года завершыцца пабудова тэматычнага парку, прысвечанага трылогіі Генрыха Сянкевіча: “Агнём і мячом”, “Патоп” і “Пан Валадыеўскі”. Апошнім часам велізарную папулярнасць набыў горад Сандамір, куды масава пачалі з’язджацца турысты дзякуючы здымкам крымінальнага тэлесерыяла “Айцец Матэуш”. Сюжэт апошняга разгортваецца на вуліцах маленькага гарадка. Серыял быў зняты па адмысловай замове мясцовага кіраўніцтва, якое жадала прыцягнуць увагу турыстаў да аднаго з самых старых польскіх гарадоў. Прататыпам стаў італьянскі “Дон Матэа”, які ў свой час змог павялічыць турыстычную плынь у адну з правінцый Італіі.

Больш яркімі сусветна вядомымі прыкладамі з’яўляюцца Галівуд, Італія, Каны або Румынія. Апошняя карыстаецца папулярнасцю ў турыстаў, якія прагнуць наведаць замак самага вядомага ў свеце вампіра — графа Дракулы. Чаму б Беларусі, што яшчэ шукае турыстычны напрамак, які вылучаў бы яе на фоне іншых краін, не скарыстацца такімі прыкладамі? Маляўнічая прырода, архітэктура, помнікі дойлідства — гэта можа стаць дэкарацыяй для разнапланавых кінакарцін і месцам наведання. Турыстычны патэнцыял Беларусі дазваляе называць яе маленькай Швейцарыяй, дык чаму б краіне не стаць яшчэ і... маленькай Трансільваніяй?..

Пасёлак Жалудок у Гродзенскай вобласці смела можа прэтэндаваць на званне беларускай Трансільваніі. Андрэй Кудзіненка ў 2009 годзе на “Беларусьфільме” зняў першую айчынную стужку ў жанры хорар (або “бульба-хорар”, як называе яе сам рэжысёр) “Масакра”. Дзея ў карціне разгортваецца ў асабняку, які добра захаваўся да нашых дзён, — былым валоданні князёў Святаполк-Чацвярцінскіх. Сюжэт фільма, як вядома, адштурхоўваецца ад аповесці Праспэра Мэрымэ пра крыважэрнага мядзведзя-пярэваратня. Стужка, па сутнасці, паказвае на залатую жылу для развіцця кінематаграфічнага турызму. А пасля ў Жалудку прайшлі здымкі яшчэ аднаго фільма рэжысёра-пачаткоўца Арцёма Лобача…

Зараз аб захадах, якія, на маю думку, варта зрабіць, каб кінематаграфічны турызм пачаў развівацца. Перш за ўсё — патрэбна стварыць умовы для наведвання вандроўнікамі дадзенай мясцовасці. Нічога не атрымаецца, калі пачаць прывозіць групы на экскурсію ў пустыя наваколлі замка. Калятурыстычны бізнес (а гэта кавярні, рэстараны, шапікі з сувенірамі, атракцыёны) — аснова для ўдалага развіцця маршруту. Як і гіды, экскурсаводы, якія павінны валодаць цікавай інфармацыяй, указальнікі, надпісы, кліматычныя месцы адпачынку. Павінна, нарэшце, быць пэўная атмасфера. Прататыпам для стварэння розных варыянтаў гаджэтаў з выявай мядзведзя-пярэваратня могуць паслужыць сувеніры з Трансільваніі. Гэта будзе пачатковы этап у прасоўванні пасёлка Жалудок, жыхары якога, ужо цяпер з гонарам, паказваюць здымачныя пляцоўкі “Масакры” — ажно да месца, дзе мядзведзь напаў на чалавека…

І яшчэ. Кінематаграфічны турызм можна разглядаць як турызм выхаднога дня — city break, мэта якога — наведаць адзін горад. Турыстам і на самой справе хопіць аднаго дня, каб пахадзіць па тых мясцінах, якія яшчэ нядаўна можна было пабачыць толькі на экранах. Можа, самы час пачаць стымуляваць кінематаграфічны турызм у Беларусі, магчыма, менавіта ён выкліча цікавасць замежных вандроўнікаў і дасць шанц беларусам распавесці сваю выдатную ды малавядомую гісторыю?..