Галавакружэнне vs. шчырасць

№ 18 (1144) 03.05.2014 - 09.05.2014 г

Леанід ШЫРЫН, кампазітар, паэт-песеннік, прадзюсар, удзельнік гурта “DaVinci”
На праект “Акадэмія талентаў” тэлеканала “АНТ” як “акадэмік”, прадзюсар я прыйшоў летась. Прызнаюся, атрымаўшы запрашэнне ў шоу, меў сумневы, кшталту таго, навошта туды іду і што магу даць. Бо ў праекце ўдзельнічаюць людзі маладыя, са сваім светапоглядам, са сваім разуменнем музыкі, якіх мне праз узроставы разрыў мо і не зразумець. Ці маю я права судзіць іх? Без узаемаразумення, без даверных адносін, без кантакту ў час дзейства ў студыі не атрымаўся б праект, арыентаваны на шчырасць. Таму мэту майго знаходжання на праграме я вызначыў так: выказаць сваё меркаванне пра нейкія рэчы, у тым ліку (найперш!) у музыцы, а таксама зрабіць так, каб супрацоўніцтва дало канкрэтны вынік — у выглядзе артыста, новых песень.

/i/content/pi/cult/475/10096/4-4.jpgМне, несумненна, блізкае выказванне Сэнт-Экзюперы: “Мы заўсёды будзем адказныя за тых, каго прыручылі. І ты адказваеш за сваю ружу...”. Імкнуся яго прытрымлівацца: з некаторымі з “гульцоў” маёй каманды мінулага сезона мы сустракаемся, яны просяць парады, я камусьці напісаў новыя песні... У ідэале, хочацца знайсці на перадачы партнёра, з кім мы працавалі б у звязцы не адзін год, не “залатога цяльца”, што спяваў бы па клубах, прыносячы грошы сабе і мне, а менавіта аднадумца, які ставіць перад сабой высокія задачы ў мастацтве. Гэта што тычыцца “шкурных” інтарэсаў. А наогул, было б выдатна, калі б ужо на шоу, пасля яго нарадзіліся таленты, як калісьці адбылося з тэлепраектам “Зорны дыліжанс”, які даў беларускай музыцы Дзіму Калдуна, Аню Шаркунову, Германа, Кацю Іванчыкаву з гурта “Iowa”. З “Акадэміяй...” пакуль гэтага не здарылася, хаця ёсць асобныя поспехі — Яўген Слуцкі, Віталь Варанко, але да папулярнасці да вышэйназваных выканаўцаў ім яшчэ далёка.

Чаму канкурсанты з нашага праекта не раскрыліся? Ім трэба даць час, каб яны зразумелі, чаго хочуць, займелі рэпертуар, каб сфарміраваўся іх вобраз. І каб побач з імі былі тыя, хто ведае, як працаваць у айчынным шоу-бізнесе. Выпускнікам “Акадэміі...” далі стартавую пляцоўку, шанц, — цяпер усё ў іхніх руках. Толькі цяжкая, штодзённая праца можа зрабіць з таго, хто падае надзеі, сапраўдную творчую асобу.

На праект прыходзяць людзі з рознай, натуральна, музычнай падрыхтоўкай. Спрабавалі сілы Саша Захарык і Андрэй Кунец — досыць вядомыя маладыя артысты. Былі і тыя, якія з цяжкасцю адрознівалі ноту “до” ад ноты “фа”. Прыходзяць розныя натуры. Шчыра скажу: з тымі, хто адразу, у агрэсіўнай манеры, заяўляе пра ўласныя амбіцыі, хто адразу пачынае качаць правы, нават валодаючы харызмай ды вакальнымі данымі, я звязвацца не вельмі хачу. І не звязваюся. Разумею, што ёсць мноства прыкладаў творцаў, характар якіх — не цукар. Але ў мяне няма ахвоты займець у працэсе зносін з імі на праекце праблемы замест працы. За кароткі тэрмін знаходжання на шоу даць вынік могуць толькі тыя ўдзельнікі, хто ўмее слухаць сваіх выкладчыкаў, хто хоча вучыцца, хто здольны быць пластычным.

Вынес для сябе з удзелу ў праграме ўжо шмат чаго — і для прафесіі, і для жыццёвых адкрыццяў. Як музыкант, праўда, не зрабіў суперадкрыццяў, але знайшоў пацвярджэнне даўнім сваім высновам: у Магілёўскай вобласці — выдатныя галасы, Мінск арыентуецца на актуальную музыку, Гродзеншчына імкнецца да заходняй культуры... Сярод галоўных пераваг канкурсантаў — раскручаныя рускамоўныя шлягеры, прычым немалы працэнт з іх займаюць песні беларускіх аўтараў. Любяць і беларускамоўныя кампазіцыі.

Хто пераможа ў гэтым сезоне, адгадаць не вазьмуся. Праблема для многіх заключаецца ў іншым: у магчымым галавакружэнні, калі нехта, вядомы хай сабе і ў вузкіх колах, адчуў гэты п’янлівы водар прызнання. Адсюль і з’яўленне некаторых не зусім абгрунтаваных запытаў. Як у такіх умовах, калі вакол нашэптваюць, які ён самародак, канкурсант распарадзіцца сваімі данымі — для мяне пытанне. Са свайго боку, у стаўленні да такіх удзельнікаў я абраў тактыку “апускання на зямлю”, кажучы пра тое, што, пры ўсім наяўным тэхнічным арсенале, яны — не ідэальныя. Можна выдатна праспяваць складаную рэч, а на простай раптам спатыкнуцца, і тады звярнуцца да вакальных хітрыкаў, каб слухач не заўважыў фальшу. Але ж прафесіянал — чуе! З іншага боку (я, можа, крыху ўвайду ў супярэчнасць з ідэалогіяй праекта), самае важнае для мяне, каб у будучыні канкурсанты сталі не столькі таленавітымі выканаўцамі, колькі таленавітымі людзьмі — у асабістым жыцці, у той галіне, дзе яны вырашаць сябе рэалізаваць...

Фота прадастаўлена тэлеканалам "АНТ"