Тры пытанні пасля спектакля

№ 18 (1144) 03.05.2014 - 09.05.2014 г

Дзяніс МАРЦІНОВІЧ, тэатральны крытык
Часам цікава завітаць у тэатр не на прэм’еру, а на шараговы прагляд спектакля, убачыць, як успрымаюць яго не крытыкі ды дасведчаныя тэатралы, а звычайная публіка. “Міхалава зямля” (сцэнічны варыянт ТЮГа паводле паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”) ідзе на сцэне два гады. Паколькі пра спектакль "К" пісала, дазволю сабе літаральна некалькі пазітыўных уражанняў.

/i/content/pi/cult/475/10095/4-14.jpgЧарговы раз пераканаўся, што “Новая зямля” — твор геніяльны. Як знаёма і памкненне здабыць сваю зямлю, і паездка ў Вільню (тады як на іншую планету, цяпер — на шопінг), і наіўнае стаўленне вяскоўцаў да горада, і бюракратызм чыноўнікаў... Цудоўна іграюць акцёры: Мікалай Лявончык (Міхал) і Іван Шрубейка (Антось), якія натуральна ўвасабляюць вобразы сялян з паэмы, а таксама іншых дзеючых асоб. На маю думку, некаторым акцёрам Купалаўскага тэатра, якія іграюць у “Пане Тадэвушы”, было б нядрэнна ў іх павучыцца. Нарэшце, нельга не адзначыць цудоўную інсцэніроўку Уладзіміра Савіцкага, мастацкага кіраўніка тэатра.

Бянтэжыць некалькі іншых пытанняў, датычных, па вялікім рахунку, амаль кожнага айчыннага тэатра. Першае. У афішы ТЮГа ёсць з дзясятак спектакляў, якія ідуць вечарам і разлічаны на “дарослую” аўдыторыю (старшых школьнікаў, студэнтаў — словам, больш шырокага гледача). За апошні час бачыў амаль усе з іх. І кожны раз назіраў адну і тую ж карціну: уласна “дарослых” у зале зусім няшмат. Астатнія — дзеці са школ і гімназій, якіх прывялі класныя кіраўнікі. Як тэатр збіраецца прывабліваць на “сур’ёзныя” спектаклі менавіта дарослых? Зразумела, супрацоўнікі ТЮГа могуць нагадаць, што ў іх пакуль няма свайго будынка. Але што кардынальна зменіцца, калі тэатр вернецца ў родныя сцены? Што перашкаджае тэатралам прыходзіць у Дом літаратара, які знаходзіцца не на ўскраіне, а ў цэнтры горада? Як зрабіць так, каб ТЮГ успрымалі сур’ёзна менавіта дарослыя гледачы? Калі разглядаць “Міхалаву зямлю”, дык яе аўдыторыя — патэнцыйна падрыхтаваная, абазнаная ў літаратуры. Якім чынам тэатр збіраецца “прасоўваць” акурат для іх такі спектакль?

Пытанне другое. На спектаклі прысутнічалі дзеці прыкладна 6 — 8 класаў (падалося, што сярод іх былі нават пяцікласнікі). “Міхалава зямля” была разлічана на аўдыторыю пачынаючы з 14 гадоў (прыкладна — з 7 класа). Нібыта, мэтавая аўдыторыя. На жаль, пераважнай большасці прысутных глядзець спектакль было нецікава. Дзеці ажывіліся і слухалі ўважліва толькі ў двух эпізодах: першы раз — калі ішла гаворка пра ваўка, які праваліўся пад лёд, а другі — калі Антось ехаў “зайцам” у Вільню. Гэта значыць, там, дзе адчувалася сувязь з жыццём, блізкім ім. Нічога дзіўнага тут няма! У такім ўзросце дзеці далёкія ад рэалій мінулага стагоддзя і не разумеюць, навошта героям зямля. Калі я выходзіў з тэатра пасля спектакля, побач з будынкам Дома літаратараў стаялі дзве групкі гледачоў. Настаўнікі тлумачылі вучням, што на пачатку ХХ стагоддзя ў беларусаў меліся вялікія сем’і; пытанне было ў тым, каб пракарміць дзяцей, таму зямлі не хапала. Цікава, а чаму гэта нельга было патлумачыць да пачатку спектакля? Але вучні тых класаў яшчэ могуць прыйсці ў ТЮГ. Астатнія ж, хто хутка крочыў да метро, верагодна, туды больш не вернуцца. Уражанні ад беларускай літаратуры і Якуба Коласа ў іх застануцца не лепшыя. Можа, варта збіраць дзяцей да пачатку спектакля і яшчэ ў школе тлумачыць ім асобныя рэаліі твора, якія могуць быць незразумелымі? Ці не раяць такое распаўсюджвальнікі білетаў настаўнікам? Можа, і тым самым распаўсюджвальнікам варта арыентавацца менавіта на вучняў старэйшага ўзросту? Ці можа на тое паўплываць тэатр? Дарэчы, “Новую зямлю” праходзяць у школе ў 9 класе. І тут ёсць пэўная логіка.

Пытанне трэцяе. Я трапіў на паказ “Міхалавай зямлі” ў мінулую пятніцу, цёплым красавіцкім вечарам. Зала была запоўнена прыкладна напалову. Але ці не занадта сур’ёзны спектакль перад выхаднымі днямі? Так, у ідэале, глядач павінен прыстасоўвацца да раскладу спектакляў, каб убачыць патрэбную пастаноўку. Але ў рэальнасці, з надыходам цёплага сезона, многія сем’і з’язджаюць за горад — у вёску, на лецішча. Нічога зрабіць з гэтым нельга. Таму шэраг тэатраў радзей паказвае спектаклі ў пятніцу — нядзелю.

Зразумела, цяпер прыярытэтная задача для ТЮГа — вяртанне ў родны будынак. Але калі яно адбудзецца, варта задумацца над акрэсленымі пытаннямі. Бо з тэатральнага далягляду яны нікуды не знікнуць...