Невядомы вядомы Кабзар і яго беларускі след

№ 18 (1144) 03.05.2014 - 09.05.2014 г

Чаму песня Тараса Шаўчэнкі "знайшла водгалас пачэсне ў сэрцы беларускім"?
...Такім чынам, прадстаўляю артыкул Рамуальда Зямковіча. “Першым з украінцаў, які зацікавіўся пачаткам літаратурнага адраджэння ў Беларусі, быў вялікі Кабзар Украіны — Тарас Шаўчэнка. У 1839 годзе, будучы ў Пецярбургу, Тарас Рыгоравіч Шаўчэнка пазнаёміўся з беларускім пісьменнікам Янам Баршчэўскім. Вакол Баршчэўскага гуртаваліся тады і іншыя беларусы, усе яны пад уплывам Баршчэўскага сталі цікавіцца ўсім беларускім і дамовіліся выдаваць свае работы. Шаўчэнка, пазнаёміўшыся з імі, прасіў прачытаць яму іхнія беларускія творы і асабліва зацікавіўся беларускімі народнымі песнямі.

/i/content/pi/cult/475/10092/15-1.jpg

Помнік Тарасу Шаўчэнку ў Мінску.

/i/content/pi/cult/475/10092/15-3.jpg

Т.Шаўчэнка. "Пачаеўская лаўра з поўдня".

(Заканчэнне. Пачатак у №№ 14, 15, 17.)

Адзін з маладых беларусаў, Рамуальд Падбярэзскі (паэт, літаратуразнаўца, які горача падтрымаў намер Шаўчэнкі выдаваць серыю афортаў пра Украіну — Б.К.), ведаў асабліва шмат песень: ён праспяваў іх Шаўчэнку і, апроч таго, прачытаў яму ўсе беларускія творы Баршчэўскага, а таксама пераклад украінскай “Энеіды” Катлярэўскага, зроблены Манькоўскім. Народныя песні Шаўчэнку спадабаліся, аднак мастацкія творы беларускіх пісьменнікаў ён часткова крытыкаваў, сцвярджаючы, што ў іх мала чыста народнага элемента. Пра “Энеіду”… Шаўчэнка заўважыў, што ў гэтым творы большы, чым у іншых, беларускі элемент, і што тым самым ён найбольш цікавы для яго. Пасля гэтага Шаўчэнка ўгаворваў беларусаў не пакідаць сваёй работы для народа, бо гэта іхні абавязак. А праца іх, нягледзячы на цяжкія абставіны, не знікне марна, і плён застанецца…

Пазней Шаўчэнка працягваў цікавіцца літаратурным адраджэннем Беларусі. Аб гэтым сведчыць і тое, што сярод падпісчыкаў на літаратурны альманах Рамуальда Падбярэзскага “Rocznik Literacki” (“Литературный ежегодник”, — Пецярбург, 1843, с. 216) надрукавана і імя вялікага ўкраінскага паэта: “Szewczenko Taras, Kobzar”…”

Вось такі цікавы артыкул, надрукаваны ў “Нашай ніве” 103 гады таму рэдактарам Аляксандрам Уласавым.

Дарэчы, у тым жа 1911-м, да 50-годдзя з дня смерці Шаўчэнкі, там жа, у Вільні, у выдавецтве “Палачанін”, выйшаў з друку пераклад Хведара Чарнышэвіча з украінскай мовы на беларускую паэмы “Кацярына” пад рэдакцыяй Янкі Купалы. Падкрэслю, што сам Пясняр да гэтага часу ўжо меў вопыт перакладу шаўчэнкаўскай паэзіі, калі ў 1905 — 1907 гг. пераклаў на беларускую мову вершы “Думка” (“Пажаўкнуў ліст… Прыгаслі ночы”) і ўрывак з верша “Гогалю” (“За думаю дума роем вылятае”...).

…Горад Вільня — першы, які духоўна звязаў юнага Шаўчэнку з нашай зямлёй. Тут ён прабыў з восені 1828 года да лютага 1831-га. Дакладней, не проста прабыў, а вучыўся ў адным з лепшых універсітэтаў таго часу і ў лепшага педагога Яна Рустэма, які аднойчы сказаў свайму таленавітаму вучню: “Ніколі не будзь рабом, Тарас!” З часу вучобы Шаўчэнкі захаваўся малюнак 15-гадовага мастака — “Бюст жанчыны”, які сведчыць аб амаль прафесійным валоданні алоўкам. Сёння ў галерэях Вялікага двара ўніверсітэта на пяцідзесяці памятных таблічках увекавечаны імёны выдатных выхаванцаў і педагогаў — ад Ф.Смуглевіча і Яна Рустэма да філосафа Л.Карсаліна. А на трохпавярховым будынку гістарычнага факультэта, дзе была майстэрня Рустэма, устаноўлена мемарыяльная дошка ў памяць вучобы тут Шаўчэнкі. Гэта — барэльеф з партрэтам паэта і адпаведным тэкстам на літоўскай ды ўкраінскай мовах. А ў 2011 годзе ў Старым горадзе Вільнюса, у скверы паміж вуліцамі Базіліёну, Арклю і Вісу Швянтую, быў адкрыты і помнік паэту.

У Вільні юнаму Тарасу было добра, бо яго апякункай стала баранэса Соф’я Рыгораўна Энгельгарт, жонка памешчыка Паўла Энгельгарта, які некаторы час хадзіў у ад’ютантах віленскага генерал-губернатара А.Рымскага-Корсакава. Менавіта ёй, гэтай дзіўнай жанчыне, Шаўчэнка абавязаны ўсім лепшым, што не мог атрымаць у дзяцінстве і раннім юнацтве. Гэтая пані пабачыла ў хлопцы не халопа, а Чалавека. І дзякуючы ёй Шаўчэнка навучыўся чытаць ды пісаць па-руску, нават трошкі размаўляць па-французску і, па сутнасці, па-сапраўднаму зразумеў, што ёсць выяўленчае мастацтва.

З ад’ездам у Вільню назаўсёды скончылася Тарасава дзяцінства, у якім засталіся цені яго бацькоў і мудрых дзядоў, сёстры і браты, сябры і ворагі, ненавісная мачаха і вясёлыя ад гарэлачкі дзячкі, якія вучылі яго рысаваць… І, магчыма, менавіта яны, малавядомыя ды зусім невядомыя маляры, рысавальшчыкі ды народныя кабзары, самі таго не ведаючы, указалі юнаку Тарасу ягоны цярністы шлях...

Дык вось, якая памяць пра Шаўчэнку, у нас, сённяшніх, засталася на нашай беларускай зямлі? У асноўным, гэта помнікі і памятныя знакі паэту і мастаку, што ўпрыгожваюць некаторыя гарады Беларусі. Здаецца, першым з гэтага шэрагу з’явіўся напрыканцы 70-х мемарыяльны знак у Мінску, на пачатку бульвара Шаўчэнкі (аўтар — беларускі скульптар Сяргей Вакар). Сярод іншых — помнік у парку культуры і адпачынку Слуцка (1996), падарунак украінскага горада Бравары беларускаму гораду-пабраціму. Скульптар Анатоль Кушч на гранітным пастаменце ўстанавіў бронзавую плакетку з авальнай дошкай, якая адлюстроўвае маладога Шаўчэнку з палітрай і пэндзлем. Ідэя даволі арыгінальная. Праз шэсць гадоў на бульвары Шаўчэнкі ў горадзе Брэсце па ініцыятыве ўкраінскай суполкі рэгіёна з’явіўся пагрудны бронзавы помнік-бюст паэту аўтарства ўкраінскага скульптара Уладзіміра Галоўкі і брэсцкага архітэктара Расціслава Шыла.

25 мая 2004-га. У год 190-годдзя з дня нараджэння Шаўчэнкі, ужо ў Гомелі, у скверы яго імя быў устаноўлены таксама помнік-бюст Кабзару — падарунак украінцаў. А сам сквер добраўпарадкавалі гамяльчане. Праз год Тарас Рыгоравіч “прыйшоў” і ў Магілёў — па ініцыятыве мясцовых украінскіх абшчын пры арганізацыйнай падтрымцы Пасольства Украіны і ўдзеле гандлёва-эканамічнай місіі ўкраінскага дыпламатычнага прадстаўніцтва. Аўтары твора — украінец Віктар Сухенка і беларускі архітэктар Ірына Бурэніна.

І, нарэшце, вельмі цудоўны помнік Тарасу Шаўчэнку адкрыўся 22 красавіка 2002 года ў Мінску — гэта падарунак Кіева нашай сталіцы ў сувязі з 185-годдзем з дня нараджэння Кабзара. Ён устаноўлены ў Сцяпанаўскім скверы на рагу вуліц Старавіленская і Кісялёва, па праекце ўкраінскага скульптара Віктара Ліпоўкі і беларускіх архітэктараў Віктара Крамарэнкі і Віктара Нікіціна. Побач — Пасольства Украіны і, зусім непадалёк, у тым жа Цэнтральным раёне, бульвар Шаўчэнкі з адпаведнай мемарыяльнай дошкай на адным з дамоў.

Бронзавая фігура ў поўны рост на невялічкім валуне ўстаноўлена на цыліндрычным круглым пастаменце з прыгожага ружовага граніту. У сваю чаргу, пастамент гарманічна зліваецца са стылабатам, што абліцаваны тым жа матэрыялам, дапоўненым спадзістымі кругавымі лесвіцамі. Паэт адлюстраваны ў глыбокім роздуме. Рукі яго складзены на грудзях (па ўспамінах яго сучаснікаў, такая была яго любімая поза). Мне здаецца, што некаторыя радкі паэта сёння гучаць вельмі сучасна. Але мне больш па душы аптымістычныя радкі нашага Янкі Купалы з паэмы “Тарасова доля”: “Гэй, Тарас, каб ты збудзіўся, / Каб устаў з магілы, / Ды зірнуў ты на Ўкраіну, / Песняру наш мілы! / Ой, пабачыў бы ты дзівы / На стэпу шырокім! / Новай песняй прывітаў бы / Дняпро сінявокі…” А вы заўважылі, што наш горад у мастацкіх адносінах паступова ператвараецца, акрамя ўсяго іншага, у горад вялікіх дзеячаў нацыянальнай і сусветнай культур? Глядзіце: помнікі Францыску Скарыну, Янку Купалу, Якубу Коласу, Максіму Багдановічу, Адаму Міцкевічу, Язэпу Драздовічу, Аляксандру Пушкіну, Максіму Горкаму, Тарасу Шаўчэнку… Можа, неўзабаве мы пабачым помнікі Васілю Быкаву і Уладзіміру Мулявіну, Рыгору Барадуліну і Міхаілу Савіцкаму, Віталю Цвірку ды многім іншым нашым духоўным “светачам”, якія не ведалі, што такое “сярэдні шлях” у творчым жыцці?..

А што такое “сярэдні шлях”, Тарас Шаўчэнка таксама не даведаўся. Ужо ў маленстве шлях у “вялікае жыццё” пачаўся ў прыгоннага хлопца з вострых карчоў ды камяністых ухабаў, і ішоў ён праз Вільню, Пецярбург, Аральскае ўзбярэжжа, Новапятроўскую крэпасць на паўвостраве Мангышлак і зноў Пецярбург — з кароткімі заездамі на мілую Радзіму. А скончыўся ў “дачаснай магіле” на Чарнечай гары, прыкладна на тым самым месце, пад Каневым, дзе ён так марыў пабудаваць уласны маёнтак… Але, па вялікім рахунку, ён свае “маёнткі”, у духоўным сэнсе слова, пабудаваў па ўсім свеце. У тым ліку і ў нас — у Беларусі...

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"