Вязьмо Маркеса

№ 18 (1144) 03.05.2014 - 09.05.2014 г

Як Беларусь знітавана са знакамітым містычным рэалістам?
У красавіку свет развітаўся, бадай, з апошнім з магікан класічнай літаратуры ХХ стагоддзя — калумбійцам Габрыэлем Гарсія МАРКЕСАМ, чалавекам, які “ніколі не насіў капелюша, каб нікому не кланяцца”.

/i/content/pi/cult/475/10090/14-1.jpg

Памятаю ягоны афарызм (прынамсі, яго прыпісваюць Маркесу): “Я люблю цябе не за тое, хто ты, а за тое, хто я, калі побач з табой”. Дык вось, калі шмат гадоў таму мне ў рукі трапіла ягоная кніга “Сто гадоў адзіноты”, а потым аповесць “Палкоўніку ніхто не піша”, я палюбіў невядомага мне тады аўтара менавіта ў час чытання гэтых дзіўных і складаных твораў. Уразіла непаўторная творчая манера, самабытная мова, каларытныя вобразы, а галоўнае — магічны сінтэз нястрымнай фантазіі і мудрагелістай рэчаіснасці, дакладней, нейкія іерогліфы рэальнасці, якія выходзілі далёка-далёка за межы ўласна лацінаамерыканскай прасторы. Прынамсі, у нашу славянскую прастору творы Маркеса, незалежна ад іх своеасаблівага лацінаамерыканскага “стрыжня”, упісаліся вельмі арганічна.

Але калі пазней мой сябра Валянцін Тарас падарыў мне кнігу Маркеса “Восень патрыярха”, якую ён разам з Карласам Шэрманам бліскуча пераклаў з іспанскай мовы на рускую, я наогул ахнуў: не горш чым “нобелеўскія” “Сто гадоў адзіноты”. А можа, і лепш. І шчыра скажу: лепшага перакладу гэтага рамана да сённяшняга дня няма, і таму ён потым не раз (у тым ліку і ў зборах твораў Маркеса па-руску) выходзіў у свет менавіта ў перакладзе Тараса і Шэрмана. Я быў сведкам таго, як гэтыя цудоўныя беларускія літаратары перакладалі раман, прысвечаны вечным праблемам улады і адзіноцтву чалавека ў шалёным, безразважным свеце. Як і заўсёды, терміны здачы рукапісу падганялі — перакладчыкам даводзілася працаваць і на дачы Валянціна Яфімавіча на Лысай Гары (побач з маёй), і ў хатніх абставінах суаўтараў, і дзесьці яшчэ. Бывала і так, калі Тарас проста з вуснага падрадковага шэрманаўскага перакладу тут жа, імгненна, выдаваў на друкарскай машынцы фінальны тэкст! Словам, было бачна, што работа перакладчыкаў ішла, так бы мовіць, на адной хвалі з Маркесам. А гэта дарагога каштуе…

Калі я даведаўся пра смерць Маркеса, ізноў перачытаў яго “Восень…”. І зноў уражанне было незвычайнае. Дый іншыя творы (не буду іх пералічваць: яны вядомыя ўсім) гэтага культавага пісьменніка ніяк не старэюць. Час мінуў, а праблемы, якія цікавілі Маркеса, застаюцца і нават больш абвастраюцца. Як ён сам пісаў: “Я ўсё жыццё пішу адну бясконцую кнігу — пра адзіноту і любоў, але да сённяшняй пары не магу спасцігнуць ні таго, ні другога…” Дзякуючы ж такім вялікім шукальнікам ісціны, як Сервантэс, Бальзак, Талстой, Дастаеўскі, Булгакаў, Джойс і, канешне ж, Маркес, мы можам хаця б крышачку наблізіцца да разгадкі таго самага вечнага пілатаўскага пытання: “Што ёсць ісціна?”...

Б.К.

Так, Габрыэль Гарсія Маркес назаўжды звязаны з Беларуссю праз ягоны раман “Восень патрыярха”, які перакладаўся тут, праўда, на рускую мову. У перакладзе Валянціна Тараса і Карласа Шэрмана раман выйшаў на старонках часопіса “Нёман”, а праз год — асобнай кнігай у Маскве, дзе пасля перавыдаваўся яшчэ некалькі разоў, усё ў тым жа варыянце. Пасля смерці Шэрмана, які, нагадаем, у 1950-я пераехаў з Аргенціны на радзіму сваіх продкаў (ягоны бацька быў з Заходняй Беларусі), Валянцін Тарас выклаў гісторыю таго супрацоўніцтва ў сваёй кнізе “На выспе ўспамінаў”. Але па падрабязнасці, што, магчыма, туды не ўвайшлі, мы звярнуліся да ўдавы паэта і пісьменніка — Рэгіны БАКУНОВІЧ.

— Я наўрад ці ўзгадаю больш, чым напісаў Валянцін Яфімавіч, — кажа Рэгіна Дзмітрыеўна. — На той час, як пайшла праца над раманам, яны ўжо даўно сябравалі з Карласам Шэрманам — Карлісікам, як ён яго называў...

— У кнізе ён называе Шэрмана “Мой генерал!”, — адштурхоўваючыся ад выразу, які часта сустракаецца ў рамане...

— Гэтае словазлучэнне, жартаўліва-іранічнае, яны пачалі ўжываць ужо пасля, пад уздзеяннем ад рамана. А пазнаёміліся нашмат раней, дарэчы, менавіта ў рэдакцыі часопіса “Нёман”...

Сама ідэя перакладу з’явілася быццам бы выпадкова. Шэрман тады паехаў да сваякоў і прывёз толькі што выдадзены новы раман Гарсія Маркеса — вядома, на іспанскай мове. Ён быў ад яго ў захапленні, і з’явілася думка зрабіць пераклад.

— Яны працавалі ў вас дома? У Шэрмана? Ці сустракаліся недзе на нейтральнай тэрыторыі? Як абмяркоўвалі працу?

— Да нас Карлісік прыходзіў у госці. А працавалі яны часцей усё ж паасобку. Той рабіў дакладны падрадковы пераклад, а Валянцін Яфімавіч на гэтай аснове — мастацкі варыянт. Гэта вельмі значны твор — для ўсіх. Разуменне яго значнасці прыйшло адразу, абодва неаднойчы пра гэта выказваліся...

Слухаю Рэгіну Дзмітрыеўну і думаю, наколькі поліпластовым аказаўся гэты раман. Напрыканцы 1970-х ён успрымаўся натуральным працягам часопіса “Иностранная литература”, адкрываючы космас іншых “рэчаіснасцей”, акрамя праславутага сацрэалізму. Увага, найперш, канцэнтравалася вакол зместу і шматлікіх асацыяцый, якія для кагосьці былі паралелямі з савецкім часам, а для кагосьці — чарговым “выкрываннем” заганаў капіталістычнага жыцця. Сёння ж, калі “развенчванне міфаў” (у розных сферах, пачынаючы з шоу-бізнесу) стала ледзь не завядзёнкай, наноў адкрываеш для сябе іншае: неверагодную магію самога літаратурнага тэксту. У ім ёсць зачаравальная ўнутраная энергетыка, абсалютная гармонія самой “рытмікі” аповеду — быццам пасярод старонкі адкрываецца акенца ў іншы свет, і туды зацягвае, з кожным паваротам — усё больш. Велізарныя абзацы замест пастаянных “чырвоных радкоў”, перавага апісальнасці, а не дыялогаў, бясконцае вязьмо вытанчаных азначэнняў на месцы магчымых “пасечаных” фраз — усё быццам бы насуперак таму, што сёння “ў трэндзе”. Але якая асалода ад самога чытання! І — немагчымасць адарвацца, хаця няма ніякай наўмыснай “дэтэктыўнасці”. Зразумела, чаму тэкст аказаўся такім прыцягальным і для саміх перакладчыкаў: яны перадалі тое жывое дыханне, якое ў ім адчулі...

Н.Б.

 

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ў сувязі са смерцю вядомага калумбійскага пісьменніка, журналіста і палітычнага дзеяча, лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры Габрыэля Гарсія Маркеса выказаў спачуванні Прэзідэнту Рэспублікі Калумбія Хуану Мануэлю Сантасу, родным і блізкім пісьменніка, а таксама ўсяму калумбійскаму народу. Як адзначаецца ў спачуванні, у Беларусі паведамленне аб смерці Гарсія Маркеса было ўспрынята з глыбокім болем і смуткам. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што творчасць Гарсія Маркеса, якая прасякнута глыбокай любоўю, цеплынёй і павагай да чалавека і Радзімы, прынесла яму славу вялікага мастака сусветнай прозы і знайшла шмат прыхільнікаў сярод беларускіх чытачоў.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"