Тры музейныя... пацукі!

№ 14 (1140) 05.04.2014 - 11.04.2014 г

Ва ўсіх сферах, ва ўсіх галінах сацыяльнай практыкі гісторыя занатоўвае імёны генералаў, а не салдат. Хіба што выпадкова згадка пра сціплага рупліўца трапіць на старонкі гістарычнай хронікі… Тая ж завядзёнка і ў галіне культуры. Але правіла не бывае без выключэнняў...

/i/content/pi/cult/474/10082/13-5.jpg

Такая інтэрпрэтацыя музейнага брацтва з'явілася ў Адэсе.

Днямі ў Адэсе паставілі бронзавы помнік музейшчыкам. На плінце — надпіс “Музейшчыкам Адэсы прысвячаецца”, на пастаменце — “Музейнае брацтва”. А скульптурную кампазіцыю складаюць трое… пацукоў. У лапках “музейных пацукоў” — атрыбуты навуковай працы: лупа даследчыка, указка экскурсавода... Пацукі, як карыятыды, трымаюць на плячах піраміду. Такім чынам яны сімвалізуюць “трох кітоў” ці “трох сланоў”, на якіх усё і ў культуры трымаецца. Цяжар для сімпатычных мышак немалы, але яны гераічна трываюць. Каля іхніх ног — чацвёрты пацучок, маленькі: расце рупліўцам змена…

Якія яшчэ работнікі культурнай галіны ўганараваны бронзавымі выявамі на людных месцах? У Расіі ёсць помнік бібліятэкару. Яго ўсталявалі ў Кургане ў гонар Клаўдзіі Жураўлёвай, якая ў другой палове мінулага стагоддзя цягам пятнаццаці гадоў узначальвала мясцовую Цэнтральную бібліятэчную сістэму. А яшчэ культура не можа існаваць без чытачоў, слухачоў, гледачоў. Вельмі кранальны помнік тэатральнаму гледачу паставілі ў Калузе побач з мясцовым тэатрам: дзяўчына трымае ў руках аркуш з надпісам “Ёсць лішні білет?”...

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"