А дзе наш джаз-“Бірштанас”?

№ 14 (1140) 05.04.2014 - 11.04.2014 г

Літоўскі фэст пераканаў, але патрэбен і беларускі форум
Першае незвычайнае ўражанне ад сёлетняга джазавага фэсту ў Бірштанасе: мора рознакаляровых крокусаў на газоне каля мясцовага Цэнтра культуры. Ніколі вясна так рана не сустракалася тут з джазам. І ніколі, бадай, абнаўленне прыроды так арганічна не знаходзіла свайго ўвасаблення на фестывальнай сцэне...

/i/content/pi/cult/474/10081/13-1.jpg

Гурт “Leobard Grey”.

/i/content/pi/cult/474/10081/13-3.jpg

Людас Мацкунас.

Фестываль для эксперыментаў

Выседзець у зале ўсе 6 фестывальных канцэртаў, праслухаць праграмы ўсіх 18 удзельнікаў фэсту ды вытрымаць 2 начныя шматгадзінныя, ажно да шостай раніцы, сэйшны ў толькі што адрэстаўраванай камернай зале колішняга “Курцхаўза” — задача з абсалютна нерэальных. Аднак насычанасць фестывальнай праграмы заснавана не толькі на колькасці канцэртаў, а яшчэ і на разнастайнасці паказанай музыкі: ад джаза традыцыйна-класічнага да неверагодных часам эксперыментаў, якія калі-нікалі да ўласна джаза маюць невялікае дачыненне. Аднак гэта — адзін з асноўных і вызначальных прынцыпаў менавіта дадзенага фестывалю: даць магчымасць музыкантам эксперыментаваць. Менавіта з гэтай мэтай і рыхтуюцца праграмы загадзя, прычым грунтуецца такі працэс, прынамсі, на двух кірунках. Першы: паказваць новых, найперш наймаладых, літоўскіх музыкантаў. Другі: прадстаўляць праграмы тых жа літоўскіх джазменаў, зробленых сумесна з калегамі з іншых краін свету. Сёлета на сцэне "Бірштанаса" працавалі музыканты з Італіі, Бразіліі, Мазамбіка, Нарвегіі, Даніі, ЗША, Турцыі, Эстоніі, Швейцарыі, Швецыі.

Тлумачыцца такая геаграфія найперш тым, што за час існавання фестывалю (а першы адбыўся яшчэ ў 1980-м) літоўскія музыканты абраслі кантактамі ва ўсім свеце, здолелі разбурыць міф пра свой джаз як з’яву лакальную ды цалкам годна ўпісацца, па меншай меры, у агульнаеўрапейскі кантэкст. І тут можна з поўным правам сцвярджаць: менавіта гэты фестываль стварыў, вобразна кажучы, літоўскі джазавы “гумус”, на якім рэгулярна з’яўляюцца творчыя парасткі, што не сорамна паказваць па-за межамі краіны.

Тры моманты

“Бірштанас-2014” звярнуў на сябе ўвагу па меншай меры трыма момантамі. Найперш гэта развіццё тэндэнцыі паказу джаза ў кірунку стварэння не проста канцэртных праграм, а — шоу. Наймацней, бадай, тое было відаць пад час выступлення гурта “Гядас і сябры” з удзелам колішніх вучняў Уладзіміра Чакасіна, а цяпер вядомых джазавых гуру Гедымінаса Лаўрэнавічуса, Алега Малакаедава і Вітаўтаса Лабуціса. Выконваліся стандарты, але рабілася гэта з сюрпрызамі ў аранжыроўках, лёгка, весела, з доляй іроніі. І ў выніку атрымалася цалкам арыгінальная, новая, па-сапраўднаму сучасная музыка!

Ці чарговы музычны спектакль, зрэжысіраваны самім Чакасіным. Музыканты, танцоры, гульня з гукам і святлом, як заўсёды ў Чакасіна-рэжысёра — парадаксальныя рашэнні ва ўсім на мяжы з яўным жаданнем выклікаць шок і справакаваць рэакцыю залы ў адказ. Чакасін прывучае студэнтаў быць на сцэне сабой і атрымліваць ад працы задавальненне.

Тэндэнцыя другая (і даўняя): перадача досведу мэтраў моладзі. Лабуціс прадставіў навучэнцаў музычнай школы імя Дварыёнаса ва ўзросце ад 9 да 17 гадоў. Так, ізноў у аснове праграмы — стандарты. Але вы можаце ўявіць у межах адной кампазіцыі імправізацыі на тэмы “Spain” Чыка Карыа, “Caravan” Цізола-Элінгтана і “Хава нагіла”? Музыканты яшчэ не навучыліся разам кланяцца, аднак у музычным плане выглядаюць больш чым упэўнена.

Нарэшце, трэці момант. Колькі мне даводзілася чуць апошнім часам беларускую джазавую моладзь, яе праграмы засноўваліся менавіта на стандартным выкананні, прабачце за паўтор, стандартаў класічнага джаза. З гэтага боку такая музыка наўрад ці зацікавіць арганізатараў фестываляў за межамі краіны, дзе на першым плане — крэатыў ды пошук уласнага шляху нават у межах класікі. Літоўскія джазмены выконваюць найперш музыку аўтарскую, як, прыкладам, гурт “Leobard Grey” (саксафоны, дзявочы вакал, бас-гітара/гітара ды разнастайныя ўдарныя). Лідар гурта Томас Дабравольскіс прыкметна старэйшы за сваіх калег, аднак з гэткім жа, як і моладзь, захапленнем эксперыментуе з электроннымі апрацоўкамі гуку, паставіўшы перад сабой ажно тры блокі ўсялякіх “прымочак” і з дапамогай іх на адным адшуканым недзе на сметніку мядзяным цэбары ўтвараючы кампазіцыю з трыма-чатырма інструментальнымі лініямі. Карацей, “Leobard Grey” стаўся маім асабістым фаварытам у Бірштанасе гэтага года.

Усе канцэрты здымаліся

Нельга не згадаць і літоўска-эстонскі праект “Heavy Beauty”, які паўстаў з ініцыятывы саксафаніста, тубіста Людаса Мацкунаса. У гурт ўвайшлі два крутыя ў мінулым рокеры, а сам Мацкунас гэтым разам саліраваў на рэдкім інструменце — бас-саксафоне. Магутная рытмавая аснова кампазіцый надзіва прыгожа адпавядала рыкліваму гучанню вялікага сакса, што, да таго ж, суправаджалася дзівоснай энергетыкай выканання.

Засталіся ў памяці праграмы італьянцаў “Fabiana & The Sound Flowers” (спакойны, у нечым нават крыху салонны джаз з жаночым вакалам), ваеннага краявога біг-бэнда (канешне ж, выдатная порцыя менавіта біг-бэндавай музыкі), а таксама праекта “CinAmono 5”, у складзе якога ўпершыню за ўсе гады існавання фестывалю на сцэну выйшла салістка з самога Бірштанаса — спявачка Лаўра Будрэцкітэ, выпускніца Літоўскай акадэміі музыкі і тэатра, уладальніца Гран-пры конкурсу “Riga Jazz Stage 2013”. Як заўсёды, літоўскі тэлеканал “Культура” здымаў усе канцэрты.

З праекцыяй на нашых

Фестываль у Бірштанасе — выдатная нагода паказаць сябе найперш маладым літоўскім выканаўцам. Бо калі такі фестываль існуе, джазавая моладзь мае стымул для творчага росту. У гэтым сэнсе музычныя рэальнасці Беларусі выглядаюць не лепшым чынам. Калі не памыляюся, толькі аднойчы — яшчэ ў 1989 годзе ў Віцебску з дапамогай камсамолу — быў праведзены Першы Нацыянальны фестываль джазавай музыкі, на які з усёй Беларусі прыехала больш за дзясятак калектываў. І тады памятаю прыемныя адкрыцці, бо і цяпер сітуацыя з джазам у Мінску даволі вядомая спецыялістам. А вось што маецца, як кажуць, на месцах? Вось і на мінулым тыдні выпадкова атрымалася паслухаць выступленне “Jazz City Band” з Магілёва. Я гарантую: гэты калектыў выдатна б упісаўся ў праграму "Бірштанаса-2014" дзякуючы неверагоднай энергетыцы, небанальныму складу інструментаў і яшчэ больш небанальным аранжыроўкам назаўсёды, здавалася б, абсмактаных, як той казаў, мелодый. “Jazz City Band” — гатовы канцэртны калектыў! А хто пра яго ведае?

І такі нацыянальны агляд джазавых дасягненняў Беларусі проста неабходны. “Пружанскі блюз” пры сваім больш чым сціплым бюджэце выканаць такую місію наўрад ці здольны. Магчымае правядзенне агляду беларускага джаза раз на два гады ў Салігорску, дзе маецца выдатная база і напрацавана арганізацыя дзіцячых джаз-фестываляў. У адным упэўнены: беларускі “Бірштанас” у вялікім горадзе проста згубіцца. Для параўнання: сталае насельніцтва Бірштанаса складае крыху больш як 3 000 чалавек...

Вясной пра... восень?

Калі зазірнуць у гісторыю фестывалю ў Бірштанасе, неабходна згадаць, што на яго сцэне з беларусаў выступалі квінтэт Ігара Сафонава, дэбютавалі “Apple Tea”, паказаўся “Полацк аніма квартэт”, ці не двойчы выступаў Андрэй Пыталеў. Аднак фінансавыя праблемы змушалі дырэктара фестывалю Зігмаса Вілейкіса ашчаджаць сродкі, у тым ліку і за кошт незапрашэння музыкантаў з недалёкай Беларусі, хоць ён ніколі не адмаўляўся ад ідэі прывозу нашых профі. Сёлета, на вялікі жаль, і наогул упершыню за ўсю гісторыю фестывалю ў Бірштанасе літоўскае Міністэрства культуры на дзень адкрыцця праграмы не пералічыла грошай. Як здолеў Вілейкіс са сваёй камандай усё ж правесці фестываль, засталося загадкай, таму што на адну спонсарскую дапамогу разлічваць у такіх справах няпроста. Тым не менш, у кулуарах збіраліся подпісы пад зваротам музыкантаў і журналістаў у Раду міністраў Літвы з заклікам не даць джазу ў Бірштанасе загінуць. Я таксама паставіў свой подпіс, бо для мяне гэты фестываль, які, апрача іншага, мае ў архівах гіганцкі фотакаталог удзельнікаў, — таксама істотная частка жыцця.

Так што застаюся са спадзяваннем на тое, што джазавая восень у Бірштанасе ўсё ж не настане ніколі...

Дзмітрый ПАДБЯРЭЗСКІ, музычны крытык

Фота Вітаўтаса СУСЛАВІЧУСА