Калі ставіцца з асцярожнасцю...

№ 14 (1140) 05.04.2014 - 11.04.2014 г

Сяргей АГІЕВІЧ, Жыткавіцкі райвыканкам:
Жыткавіцкі раён — гэта найперш Тураў. Паселішча, што па ўнікальнасці гістарычнай спадчыны і насычанасці аб’ектаў культуры займела адносна нядаўна статус горада, дыктуе культурную палітыку не толькі Жыткавіччыне, але і Гомельшчыне. У выніку гэты край з кожным годам павялічвае і турыстычны патэнцыял.

/i/content/pi/cult/474/10080/12-3.jpg— Людзям сёння патрэбна наша пільная ўвага. Мы здолелі стварыць за апошнія гады немалую колькасць народных і ўзорных калектываў. Вакол гэтых асяродкаў творчай самарэалізацыі імкнёмся згуртаваць як мага больш аматарскіх аб’яднанняў, клубаў па інтарэсах. Натуральна, для гэтага патрэбны прафесіяналы на месцах. І над тым таксама даводзіцца шмат працаваць. Завочнае, дадатковае навучанне, павышэнне кваліфікацыі — абавязковая ўмова работы з кадрамі, таму і трымаю на пастаянным кантролі вучобу нашых спецыялістаў. Тут любы нюанс працуе на агульную карысць. Нават звычайныя зносіны з калегамі, што прыехалі ў Інстытут культуры Беларусі, дазваляе нашым супрацоўнікам пашырыць кругагляд, узяць на ўзбраенне пэўны практычны досвед.

Усё большую папулярнасць у краіне набывае праектная творчая дзейнасць, падмацаваная самымі рознымі грантамі. Ва ўмовах няпоўнага, так скажам, фінансавання падобная тактыка набывае ўсё большую актуальнасць. Некалькі гадоў таму гэткім чынам атрымалі ад Праграмы развіцця ПРААН грошы на ўдасканаленне ацяплення нашых устаноў культуры. Плануем актывізаваць сваю працу ў кірунку праектнай дзейнасці. Натуральна, тут патрэбны самыя разнастайныя ініцыятывы знізу. Таму і вучым кадры… У сферы культуры ўсё ўзаемазвязана. І калі выкінуць ці паслабіць літаральна адно звяно, пад пагрозай апынецца ўвесь ланцуг, надзейнасць якога напрацоўвалася цягам дзясяткаў гадоў.

Таму, па маім цвёрдым перакананні, варта ставіцца да аптымізацыі творчых калектываў з вялікай асцярожнасцю. Мне вельмі не хацелася б, каб рэгіянальнай культуры падрэзалі крылы. Кадравы патэнцыял, самы актыўны і дзейсны, неабходна любымі сіламі захаваць. 20-працэнтны паказчык аптымізацыі работнікаў культуры — неверагодна завышаны. Яго зніжаць трэба, хаця б і з той нагоды, што Тураўшчына на турыстычнай карце Гомельшчыны і Беларусі займае далёка не апошняе месца.

Горад Тураў — раённы брэнд. І калі казаць пра першачарговыя нашы задачы, дык звязаны яны будуць з пашырэннем магчымасцей гэтага гісторыка-культурнага турыстычнага цэнтра. У адпаведнасці з Дзяржпраграмай развіцця Прыпяцкага Палесся ідзе рэканструкцыя з элементамі мадэрнізацыі Дварэцкага дома культуры, які знаходзіцца на тураўскай тэрыторыі. Пасля завяршэння работ мы плануем перавесці сюды музычную школу. Умовы для навучання дзяцей якасна палепшацца.

Капітальны рамонт патрэбны і мясцоваму краязнаўчаму музею. Пакуль з гэтым нічога не атрымліваецца: няма грошай, хоць праектна-каштарысная дакументацыя даўно падрыхтавана. Спадзяёмся, што ў наступным годзе ўмовы для ўсебаковага развіцця музейнай справы стануць больш спрыяльнымі.

Спрабуем развіваць вакол Турава народныя промыслы: у вёсках Азіраны, дзе працуе Цэнтр рамёстваў са статусам раённага, Верасніца, Запясочча. Тут працуюць сувенірныя крамы. А турыстаў за год сустракаем на Тураўшчыне каля дзесяці тысяч. Наш райвыканкам пастаянна працуе над гэтай тэматыкай. Адкрылася акцыянернае таварыства “Тураўшчына” з шэрагам турыстычных комплексаў. Вельмі добра развіваецца агратурызм, бо колькасць аграсядзіб пастаянна павялічваецца. Думаю, гады праз два штогадовая колькасць турыстычнага наплыву дасягне 15 тысяч чалавек. З такой прыкідкай развіваем і адпаведную гарадскую інфраструктуру.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"