Крык змучанай душы ці дабравешчанне?

№ 5 (823) 02.02.2008 - 08.02.2008 г

“Неба ў дыяментах” — такую назву мае найновая прэм’ера Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, пастаноўку якой ажыццявіў Павел Адамчыкаў. Гэта ўжо трэці спектакль, створаны Адамчыкавым у “сістэме каардынат”, дзе вызначальнымі з’яўляюцца пластычная стылістыка пастаноўкі і чэхаўская драматургія ў якасці сюжэтнай асновы сцэнічнай дзеі.

 /i/content/pi/cult/147/1008/Dabraveschanne.jpg
 Сцэна са спектакля “Неба ў дыяментах”. 
Няспешна, але настойліва пластычны тэатр адваёўвае сабе пэўнае месца ў сучаснай прасторы беларускага тэатральнага мастацтва. У гэтым ключы працуе сёння з акцёрамі тэатра лялек і малады рэжысёр Яўген Карняг, свае работы на суд гледачоў прадстаўляюць “D.O.S.Z.K.I.” Вольгі Скварцовай і Дзмітрыя Залескага. І пры ўсёй сваёй разнавектарнасці творчых пошукаў пластычныя работы маладых тэатральных дзеячаў знаходзяць гарачы водгук сярод тэатральных гледачоў. Прычыны гэткага інтарэсу крыюцца не столькі ў тым, што слова ў традыцыйным для нас драматычным тэатры страчвае сёння сваю вагу і інфарматыўнаць, а, хутчэй, у магчымасці вярнуцца да старадаўніх каранёў тэатральнага мастацтва, якія яшчэ Арыстоцель бачыў у перайманні.
Сёння “слоўная” дарога да гледача бачыцца маладым рэжысёрам не самай простай — большую пэўнасць у іх вачах набывае шлях праз візуальна-эмацыянальныя вобразныя сістэмы. Словы ж у гэткіх рэаліях толькі “адцягваюць увагу” ад галоўнага.
Між іншым, “Неба ў дыяментах”, у параўнанні з дзвюма папярэднімі чэхаўскімі работамі Адамчыкава — спектаклямі “Больш, чым дождж...” і “С.В.”, якія гледачы маглі бачыць на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, — адыходзіць ад стылістыкі “тэатра без слоў”. Тут рэжысёр злучае пластычнае існаванне герояў спектакля з урыўкамі-маналогамі чэхаўскіх п’ес. На дапамогу працэсу паразумення паміж гледачамі і акцёрамі прыходяць радкі з “Іванава”, “Дзядзькі Вані” і “Чайкі”. Праўда, гаварыць пра пошукі сцэнічнага ўвасаблення саміх персанажаў, чые словы гучаць з вуснаў акцёраў, не выпадае: драматургічны тэкст у спектаклі Адамчыкава выкарыстоўваецца як своеасаблівая літаратурная “загатоўка”, што пасуе да пэўных сітуацый і эмацыянальных станаў герояў.
Для акцёраў Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі жанр пластычнага спектакля таксама нельга назваць новым. Ці не ўся трупа тэатра была занята ў свой час у пастаноўцы “Песні ваўка” рэжысёра Уладзіміра Арлова. Не сцёрся з памяці і бліскучы спектакль мінулага стагоддзя “Апошняя пастараль” у рэжысуры Мікалая Дзінава, дзе ў галоўных ролях былі заняты Людміла Сідаркевіч, Ігар Сігоў ды Міхась Камінскі. Двое з іх — Сідаркевіч і Сігоў — выконваюць у новай пастаноўцы Адамчыкава галоўныя ролі, Жанчыны і Мужчыны адпаведна, трэцім жа да іх далучаецца акцёр Максім Паніматчанка (Юнак).Калі гаварыць пра адрозненне “Неба ў дыяментах” ад іншых сцэнічных работ Адамчыкава, адразу ж кідаецца ў вочы той факт, што пастаноўшчык адыйшоў ад выкарыстання Чэхава ў якасці “пастаўшчыка” сюжэтаў, якія кладуцца ў аснову сцэнічных эцюдаў. Безумоўна, і ў новым спектаклі мы “распазнаём” па маналогах тых ці іншых персанажаў з п’ес расійскага класіка, але на гэтым “стасункі” з Чэхавым і завяршаюцца. Зрэшты, рэжысёр не ставіць перад сабой задачу знайсці “штосьці агульнае” ў разнастайных жаночых і мужчынскіх вобразах чэхаўскіх п’ес. Па сутнасці, упершыню ён прапануе нам уласную драматургічную партытуру, сваю гісторыю. І той факт, што сам Адамчыкаў упершыню не выходзіць у сваім спектаклі на сцэну, яшчэ больш падкрэслівае жаданне яго як рэжысёра быць не “саўдзельнікам”, а, кшталту дэміурга, зірнуць на ўсю гэтую гісторыю звонку.
Практычна з першых жа хвілін сцэнічнай дзеі гісторыя “на траіх” выяўляе надзвычайную яе пазнавальнасць: у цэнтры глядацкай увагі — перажыванні і ўчынкі маладой дзяўчыны (Людміла Сідаркевіч), якая ніяк не можа выбраць паміж трапяткім юнаком (Максім Паніматчанка) і брутальным “мачо” (Ігар Сігоў). І гледачы ў зале беспамылкова “прагназуюць”, што выбера яна “мачо”, які, у сваю чаргу, зламае дзяўчыне жыццё, падштурхоўваючы яе спіцца, загуляць і апусціцца на сацыяльнае дно.
Прычым жа тут Чэхаў са сваім “небам у дыяментах”, і чаму менавіта гэты аўтар абраны Адамчыкавым для ўвасаблення сваіх тэатральных “бачанняў”? Сам рэжысёр не ўхіляецца ад доўгіх разважанняў на гэты конт, зазначаючы, што “інфармацыя”, якая ўплывае на ягоны выбар і сцэнічнаерашэнне, прыходзіць яму “зверху”. Туды ж ён, па сутнасці, і адрасуе галоўную думку свайго спектакля. Нездарма ў фінале ўсе чэхаўскія гераіні “злучаюцца” ў адну — Марыю Магдаліну, якая ў сваім пакаянні і прамаўляе знакаміты чэхаўскі маналог, што даў назву ўсёй пастаноўцы. Праўда, у спектаклі абяцанне “неба ў дыяментах” гучыць без тужлівай чэхаўскай іроніі, веры ў справядлівасць і адначасовую нязбытнасць гэтых слоў. Як пропаведзь прамаўляе маналог гераіня, абяцаючы ўсе гэтыя дыяменты — кожнаму па веры яго, незалежна ад жыццёвага шляху, пройдзенага на Зямлі. Галоўная ўмова — шчырае пакаянне.
Зрэшты, як зазначыў П.Адамчыкаў, Антон Чэхаў зусім не адзіны аўтар, які абуджае яго рэжысёрскія памкненні. У бліжэйшы час ён плануе пашырыць свой творчы дыяпазон і звярнуцца да класікаў замежнай літаратуры. На парадку дня — Рэй Брэдберы і Хорхе Луі Борхес. Чакаем!

Таццяна КОМАНАВА
Фота Андрэя СПРЫНЧАНА