Галерэя — і для дыскусій

№ 14 (1140) 05.04.2014 - 11.04.2014 г

У Гомельскай абласной універсальнай бібліятэцы адкрыта Галерэя імя Марыі і Валянціна Ягоравых, вядомых беларускіх жывапісцаў. Рэалізацыі ідэі стварэння галерэі садзейнічала кніга-альбом “Споведзь у фарбах”, якая выйшла напрыканцы мінулага года.

/i/content/pi/cult/474/10077/9-4.jpg

/i/content/pi/cult/474/10077/9-6.jpg

В.Ягораў. З серыі "Блакадны дзённік".

/i/content/pi/cult/474/10077/9-7.jpg

М.Ягорава. "Цёплыя струны".

Адкрыццё мастацкай галерэі ў сценах бібліятэкі, як адзначылі гамяльчане, — яркая падзея у культурным жыцці горада, якая, акрамя ўсяго іншага, выклікала розныя цікавыя дыскусіі пра сённяшнія вострыя праблемы ў нашым духоўным жыцці. Адно зразумела: выданне кніг і альбомаў па выяўленчым мастацтве, стварэнне новых мастацкіх галерэй, музеяў, арт-клубаў — усё гэта не толькі далучае да актыўнага асваення культурнай спадчыны, але і фарміруе высокі эстэтычны густ, які, асабліва сёння, вельмі патрэбны грамадству. Можна мець востры зрок і не бачыць шэдэўра мастацтва або прыгажосці роднай прыроды...

Канстанцін Паўстоўскі казаў, што свядомы ўбачыць прыгажосць зямлі там, дзе яе не ўбачыць чалавек неадукаваны. Гэта сапраўды так. Вось чаму новая галерэя мае на мэце прадстаўленне творчасці мастакоў Гомельшчыны ўсіх відаў і жанраў, развіццё супрацоўніцтва з Беларускім саюзам мастакоў, музыкантамі, артыстамі, паэтамі, іншымі зацікаўленымі дзяржаўнымі ды грамадскімі ўстановамі і арганізацыямі вобласці.

Вось, напрыклад, 21 сакавіка ў Галерэі адбыўся вельмі цікавы вечар паэзіі “Быць паэтам…”, а 2 красавіка — літаратурна-мастацкі праект “Нарадзіўся ў Расіі, пішу ў Беларусі”, які прадставіў творчасць гомельскіх мастакоў і літаратараў — ураджэнцаў Расіі. Бліжэйшым часам плануецца правядзенне ў Галерэі канцэртаў камернай музыкі, вечароў бардаўскай песні, арганізацыя майстар-класаў і, канешне ж, самых розных мастацкіх экспазіцый.

Алег АНАНЬЕЎ, намеснік дырэктара Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі