Сам сабе кінастудыя

№ 14 (1140) 05.04.2014 - 11.04.2014 г

Рэжысёр-энтузіяст выпусціў сваю другую карціну
Беларускі глядач, не спешчаны прэм’ерамі айчыннага ігравога кіно, на мінулым тыдні атрымаў магчымасць пабачыць новую стужку. “Одолень-трава” — так называецца новая работа рэжысёра Андрэя Мычко, прэм’ера якой адбылася ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Гаворка ідзе пра кіно вытворчасці не буйных кінастудый, а купкі энтузіястаў, якія, тым не менш, знаходзяць сілы ды сродкі для стварэння кінапрадукту і данясення яго да гледача. У прыватнасці, “Одолень-трава” з красавіка выходзіць у рэспубліканскі пракат: карціну закупілі абласныя кінапракатныя арганізацыі. І, як кажа рэжысёр стужкі, “на зацікаўленасць з боку тэлебачання таксама разлічваем”.

/i/content/pi/cult/474/10076/9-1.jpg

/i/content/pi/cult/474/10076/9-2.jpg

Кадры з фільма "Одолень-трава".

Андрэй Мычко, нагадаю, — той самы “рэжысёр, які за чатыры дні зняў блокбастар”. Пра яго папярэднюю работу — сацыяльна-крымінальную драму “Неба паўсюль аднолькавае”, што закранае і чарнобыльскую тэму, тэму сучаснага жыцця “зоны адчужэння”, летась пісалі многія СМІ. Сёлета Андрэй і Ко паспрабавалі сябе ў “лёгкім” жанры — і зрабілі лірычную кінакамедыю пра “сваіх сярод чужых”: аб душэўнай непрыстасаванасці сельскіх жыхароў у мегаполісе, аб пошуку “ўласнага месца”.

Галоўны герой “Одолень-травы” жыве ў сталіцы, здымае кватэру, працуе кінамеханікам у “адным з” гарадскіх кінатэатраў. Нічога дрэннага, але і нічога добрага. Гарадское жыццё як прэстыжны гаджэт не прыносіць шчасця, хоць дзеля яго атрымання герой гатовы прадаць і ўласны дом у роднай вёсцы — на беразе прыгожай рэчкі…

— У нас такія маляўнічыя мясціны! А людзі рвуцца ў сталіцу, гоняцца за прывіднай мэтай, дзесяцігоддзямі жывуць на здымных кватэрах, часам нават і не задумваючыся, што іх трымае ў чужым горадзе, — дзеліцца свамі развагамі Андрэй Мычко. — Гэты ўнутраны дысананс умоўнага гараджаніна мне і хацелася паказаць у сваёй карціне...

Андрэя Мычко як рэжысёра цікавяць стан і рухі душы падобнага чалавека “без месца”, што страціў сувязь з малой радзімай, са сваім родам. У мінулай карціне Андрэй высвечваў збольшага моладзь, якая знаходзіцца ў вакууме ўласных меркантыльных патрэб, спажывецтва. У “Одолень-траве” ён імкнецца паказаць чалавека сярэдняга веку, пазбаўленага радасці жыцця, бо сэнсу апошняга ён не бачыць. Можна сказаць, што ён намацвае сваю тэму — знікнення вёскі і традыцыйнага ладу жыцця ды “наступу” горада як, з аднаго боку, фармацыі магчымасцей, з іншага — фармацыі чужароднай, незразумелай, якая разбурае сувязі. Гэтым “прагаворваннем” і цікавая творчасць Андрэя, што перагукаецца, відаць, з настроямі многіх беларусаў.

Прызнацца, у гэтых пошуках “сапраўднага” і сам Андрэй Мычко выглядае фігурай цікавай. Чалавек , які адбыўся ў жыцці (свой бізнес, сям’я — усё, здаецца, атрымалася), у 33 гады звяртаецца да кінапрактыкі як да ўласнай патрэбы душы. “У юнацтве хацеў стаць акцёрам, але бацькі скіравалі ў іншы бок, — распавядае энтузіяст сваю гісторыю. — Мабыць, душа прагнула, і вось ужо ў даволі сталым узросце пайшоў вучыцца ў Акадэмію мастацтваў на рэжысёра кіно і тэлебачання — курс Уладзіміра Забэлы”. А пасля вучобы Андрэй пачынае здымаць кіно, у якім выступае і аўтарам сцэнарыя, і рэжысёрам, і прадзюсарам.

Цікава, але яго першая поўнаметражная работа — сацыяльная драма “Неба паўсюль аднолькавае…”, якая была зроблена, лічы, “на калене” (акцёры пайшлі энтузіясту насустрач і пагадзіліся працаваць амаль бясплатна), — паспяхова выйшла ў абласны пракат. Дзякуючы высілкам Андрэя яна была паказана ў Мінскай вобласці і за месяц сабрала дваццаць мільёнаў рублёў, пераўзышоўшы зборы многіх беларускіх карцін у азначаны тэрмін. Дарэчы, калі рэжысёр звярнуўся па рэгістрацыйнае пасведчанне ў Міністэрства культуры краіны, ён таксама стварыў прэцэдэнт, бо да гэтай пары падобных прыкладаў работы з прыватнымі асобамі-кінематаграфістамі проста не назіралася. Але штосьці заўжды адбываецца ў першы раз — і паразуменне паміж прыватнікам і дзяржавай было знойдзена.

Сёння, калі “забіць” у пошукавік назву першай карціны Андрэя, можна ўбачыць, што стужка распаўсюдзілася па абшарах Інтэрнэту нароўні з вядомымі серыяламі ды фільмамі. Яе можна знайсці ўжо і на ўкраінскіх, і на расійскіх вэб-рэсурсах, і нікога не засмучае ні яе “сціплы бюджэт”, ні відавочныя для прафесіяналаў недахопы.

Ці ўдалося аўтарам “Одолень-травы” крочыць далей? Несумненна, высілкі рэжысёра, які па-ранейшаму для сваіх карцін з’яўляецца і прадзюсарам, і аўтарам сцэнарыя, і прамоўтарам, і рэкламшчыкам, не пакідаюць абыякавымі. Андрэй ізноў уклаў уласныя сродкі ды сілы ў карціну, і зноў як “сам сабе кінастудыя” дабіўся дамовы аб пракаце свайго кінапрадукту. Па шчырасці, прыклад энтузіяста — гэта ўрок таго, якім чынам можна дамагчыся, уласна кажучы, не немагчымага, а цалкам магчымага. Урок таго, як маглі б працаваць асобныя кінастудыі.

Іншая справа, што падобных прыкладаў у нас павінна быць мноства. Менавіта ў віхуры прапаноў ды эксперыментаў і мусіць нараджацца беларускае кіно самай рознай масці ды калібру. Пакуль жа Андрэй Мычко — калі не адзін у полі, то сам-насам з сабой. На шчасце, ён хоча здымаць кіно.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"