Час збіраць камяні... А мо пакінуць на месцы?

№ 14 (1140) 05.04.2014 - 11.04.2014 г

Калі кажуць пра нешта, непадуладнае часу, дык выкарыстоўваюць метафару “высечана на камені”. А ці можна сам камень лічыць сімвалам грунтоўнасці, трываласці, нязменнасці? Біблейскае выслоўе “Час збіраць камяні” некаторыя разумеюць літаральна. Вось прыйшоў у рэдакцыю ліст…

Ліст...

“Мне патрэбна кансультацыя па пытанні захавання аб’екта нематэрыяльнай спадчыны. А калі больш канкрэтна — каменя-“следавіка”. Мною ў Бешанковіцкім раёне, непадалёк ад возера Доўгае, у лесе, знойдзены камень з адбіткам, які нагадвае след нагі чалавека. Я пацікавіўся ў людзей, дырэктара мясцовага музея ды іншых краязнаўцаў, ці ведаюць яны што-небудь пра маю знаходку. Ніхто пра гэты камень не чуў. Упэўнены, і ў афіцыйных крыніцах пра яго інфармацыі няма.

Мне неабыякавы лёс гэтага помніка прыроды. Я бачу два варыянты яго захавання: уключыць камень у Нацыянальны рэестр аб’ектаў нематэрыяльнай спадчыны і замацаваць ля яго ахоўны знак, альбо перамясціць яго туды, дзе ён будзе пад аховай. Я маю сядзібу ў вёсцы і планую заняцца агратурызмам. Хачу ўпрыгожыць сядзібу садам камянёў. Маю велізарныя жорны ад вадзянога млына і яшчэ сёе-тое. Мяркую, калі перавезці на сядзібу і знойдзены мною “следавік”, ён будзе пад аховай. Баюся пакінуць яго ў лесе: ён можа знікнуць. Камень невялікі па памерах. Мне ўжо тэлефануюць праз трэціх асоб нейкія людзі, прадстаўляюцца аматарамі даўніны, цікавяцца: пакажы, маўляў, дзе знаходзіцца… Парайце, калі ласка, што рабіць.

З павагай, Алег”.

Парады...

Аўтар ліста просіць нас скантактавацца з начальнікам упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры адносна парады. Выконваючы просьбу чытача, звяртаемcя да Ігара Чарняўскага, які кажа, што нават калі камень і насамрэч уяўляе каштоўнасць як помнік прыроды і ля яго з’явіцца ахоўны знак, у лесе пільнаваць камень усё адно няма каму. Спадар Алег мае рацыю: камень можа знікнуць. Таму, калі аўтар ліста гарантуе захаванасць каменя на сваёй сядзібе, ён мог бы забраць яго з лесу. Але — выканаўшы пры гэтым пэўныя працэдуры: гэта значыць, паведаміць пра свой намер мясцовай уладзе, атрымаць афіцыйны дазвол на перамяшчэнне каменя, юрыдычна аформіць свой абавязак па захаванні. У любым выпадку, спадару Алегу варта паведаміць пра сваю знаходку ў Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. І яшчэ Ігар Мяфодзьевіч дадаў, што, перш чым рэалізоўваць свой намер, Алег мусіць усё ж такі высветліць, ці не мае той камень дачынення да мясцовых традыцый і абрадаў, ці не ўключаны ён у духоўнае жыццё наваколля.

Звярнуліся мы па каментарый і да археолага, старшага навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Эдварда Зайкоўскага. На ягоную думку, згаданым каменем мусяць заняцца навукоўцы. Некалькі гадоў таму нашымі геолагамі быў створаны спіс камянёў — помнікаў прыроды, які можа дапаўняцца. Статус помніка прыроды можа стаць для каменя ахоўнай граматай. Напрыканцы размовы Зайкоўскі папрасіў даслаць яму ліст чытача.

І развагі...

Ідэальным варыянтам мне ўяўляецца пакінуць той камень на месцы, дзе ён ляжыць. Ды, мабыць, не атрымаецца. Усведамляючы, што перамяшчэнне каменя з умоўна нічыйнага лесу на тэрыторыю, якая мае канкрэтнага гаспадара, будзе спрыяць захаванню “следавіка” як помніка прыроды, я мушу з жалем канстатаваць нязводнасць сярод нас звычкі цягнуць у хату (з лесу, поля, завода, калгаса, будоўлі) усё, што “кепска ляжыць”. Усё, да чаго не прыстаўлены міліцыянер. На ваколіцах дачнага пасёлка, дзе стаіць маё лецішча, ёсць лясок, праз які ідзе грунтавая дарога. Там, дзе лясок заканчваецца, а дарога робіць паварот, адкрываецца від на поле. Асаблівую прывабнасць гэтаму някідкаму, характэрнаму для Беларусі краявіду надаваў вялікі камень, які ляжаў на паваротцы. Краявід той памятаю з дзяцінства. Некалькі ж гадоў таму камень, што быў візуальным акцэнтам, знік, і краявід “рассыпаўся”. Прынамсі, страціў частку сваёй выразнасці. Мяркую, хтосьці яго скраў (іншага слова не знаходжу) у свой прыватны “сад камянёў”.

Гэта не закід на адрас аўтара ліста, які таксама згадвае “сад камянёў”, — гэта набалелае. Зараз існуе мода на “альпійскія горкі” ды іншы ландшафтны дызайн, дзе камяні — запатрабаваны чыннік. Эстэтычна абстаўляць уласны побыт людзі нібыта навучыліся, а да прыроды, што за парканам, ставяцца па-варварску. Я чуў, на рабаванні беларускай прыроды ўжо і бізнес ладзіцца... Кажуць, што грузавік камянёў пэўнага стандарту, якія ў нашай краіне ніхто не лічыць і не ахоўвае, у Пецярбургу каштуе некалькі тысяч долараў...

Спадзяюся, спадар Алег здолее і камень-“следавік” уратаваць, і прэцэдэнту не стварыць. А добрая справа здзейсніцца ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"