Раённага метадыста выклікалі-2?

№ 14 (1140) 05.04.2014 - 11.04.2014 г

Быць ці не быць самадзейнасці, або Ізноў пра методыку — аналітычнага прагнозу, а мо справаздачнасці?
Сёння працягваем тэму, распачатую ў артыкуле, апублікаваным у “К” № 10 за 8 сакавіка. Гаворка ішла пра план аптымізацыі раённых метадцэнтраў культурна-асветніцкай работы, іх штатаў, абавязкаў. Нашы работнікі культуры — людзі сумленныя. У пэўных раёнах названы план, даведзены Міністэрствам культуры, ужо выкананы. Прычым у асобных выпадках аптымізацыя ды рэарганізацыя не прывяла да скарачэння колькасці метадыстаў. І кожны раён ідзе да “метадычнай” аптымізацыі сваім шляхам, з улікам канкрэтных умоў ды магчымасцей. Збольшага вядомы і надзённыя задачы: генерацыя творчых ідэй. Застаецца вызначыцца з перспектывай: РМЦ стане акумулятарам інфармацыі для вышэйстаячых інстанцый ці наросціць аналітычныя “мускулы” для прагнознай стратэгіі развіцця. Гэтым разам у абмеркаванні праблем прынялі ўдзел начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Нараўлянскага райвыканкама Віктар ЗАХАРАНКА, дырэктар Докшыцкага цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці Святлана ВЯЛІЧКА, дырэктар Ваўкавыскага метадычнага цэнтра Наталля МУДРЫК. Формат — ізноў жа, он-лайн-канферэнцыі.

Yaugen Ragin: “Святлана Пятроўна, вы на сваёй пасадзе — адносна нядаўна. Тым не менш, ці ёсць падставы меркаваць, што ўтварэнне ЦКС прынесла хоць нейкую палёгку сельскім установам?”

Sviatlana Vialichka: “Работа спрасцілася. Прынамсі, водгукі з месцаў — толькі станоўчыя. У Цэнтра — 24 філіялы. Да прыкладу, філіял №1 — Докшыцкі гарадскі цэнтр культуры. Клубы сталі філіяламі. Іх дырэктары пераўтварыліся ў загадчыкаў. Ранейшымі засталіся мэты ды задачы ўстаноў. Веласіпедаў яны не вынаходзяць… Змены, што вельмі прыемна, з’явіліся ў аплаце працы. Грошы, якімі мы раней не маглі распараджацца, цяпер — у агульным катле і ідуць на стымуляцыю лепшых работнікаў. У людзей з’явіўся стымул”.

Yaugen Ragin: “Наконт вынаходніцтва веласіпеда вы, падаецца, не вельмі дакладна заўважылі. У Докшыцкім раёне арыгінальныя “веласіпеды” атрымліваюцца. Узяць, да прыкладу, праекты альтэрнатыўнай культуры, якія рэалізоўваюцца не толькі ў райцэнтры...”

Sviatlana Vialichka: “Працавалі і працуем у гэтым кірунку. Тут самае галоўнае, каб мерапрыемства стала брэндавым, каб пра яго пасля доўга гаварылі. Сярод апошніх задумак — Джынсавае свята ў жніўні. Пройдзе яно ў сельскім клубе. У планах — Сасновы майскі фэст у гарпасёлку Бягомль. Мерапрыемства прымеркавана да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад фашысцкай навалы. Сасновы — таму, што адзін з элементаў герба Бягомля — сасна, і знаходзіцца пасёлак у атачэнні сасновага бору… Дык вось, калі гаворка — пра абавязак ды найпершы клопат райметадцэнтра, то яны, на мой погляд, звязаны найперш з кансалідацыяй, так бы мовіць, не толькі творчых, але і гаспадарчых сіл. Інакш кажучы, за правядзенне свята ў Бягомлі на сёння адказваюць, апрача нашага аддзела, і мясцовы пасялковы савет, і мясцовы лясгас. Яны нам не падпарадкоўваюцца, але гатовы да любой супрацы”.

Yaugen Ragin: “Якой вы бачыце ў перспектыве сваю клубную сістэму? Вось сёлета вы чатырох метадыстаў не скарачалі. А ў будучым?”

Sviatlana Vialichka: “Многія мае калегі з іншых раёнаў скардзяцца, што занадта шмат справаздачнасці даводзіцца адсылаць наверх. Я ў культуру з адукацыі прыйшла і хачу зазначыць: не такой ужо і вялікай папяровай справай заняты метадысты ад культуры. Ды без яе і не абысціся пры пэўным прагнозным аналізе. Мабыць, справаздачнасць тую варта толькі крышачку аптымізаваць? Тады больш часу застанецца для прыдумак, для адсартавання сайтавай інфармацыі, звязанай з інавацыямі ў нашай сферы… І яшчэ адна істотная, як падаецца, заўвага. Нам даведзены план па колькасці мерапрыемстваў: сёлета кожнай клубнай установе неабходна правесці не менш за чатыры буйныя творчыя акцыі за месяц: канцэрт, свята, абрадавая дзея і гэтак далей. Па сутнасці, работнікі культуры цягам месяца працуюць з неймавернай напругай. У горадзе — гэта рэальна, бо магчымасці дазваляюць, а на сяле… Вы ўявіце вёску, дзе і трыццаці чалавек не набярэцца. Як тут кожны тыдзень ладзіць паўнавартаснае брэндавае мерапрыемства? Асабіста я — не за колькасць падзей, а — за іх якасць”.

Yaugen Ragin: “А вось так, па логіцы рэчаў, каму як не вам, метадыстам, вызначаць перыядычнасць ды насычанасць тых вясковых мерапрыемстваў у адпаведнасці з дэмаграфіяй, матэрыяльнай базай, кадравым патэнцыялам? І гэта таксама аптымізацыя: пры такой тактыцы мы і грошай будзем менш траціць, і сілы для брэндавых акцый сэканомім. Вы на сёння здольныя ўласнымі метадычнымі сіламі прааналізаваць раённую сітуацыю, аб’яднаць намаганні з сельскімі саветамі ды аптымізаваць брэндавую дзейнасць сельскіх філіялаў, каб у выніку працаваць не для кагосьці, а для сябе? Пры такім раскладзе, падаецца, добра будзе вядома, як развіваць метадычную структуру раёна”.

Sviatlana Vialichka: “На гэта патрэбен час. Але такая пастаноўка пытання — слушная. Год-другі — і асобныя нашы клубы давядзецца закрываць. Перспектыва тут, думаецца, адзіная: нам застанецца забяспечваць толькі ўстановы культуры аграгарадкоў, але працаваць мы павінны зусім на іншым якасным узроўні. Кепска праведзенае мерапрыемства (як і брэндавае, якаснае) таксама пакідае пасля сябе рэзананс, але адмоўны. Потым кампенсаваць такую хібу вельмі цяжка”.

Viktar Zaharanka: “А ў нас няма чаго аптымізаваць: метадычны цэнтр адсутнічае. Замест яго — Раённы дом культуры, дзе ёсць метадычны аддзел. Працуюць метадысты па рабоце з моладдзю, дзецьмі, па народнай творчасці, рэжысёр. Спраўляюцца, бо наш раён пасля чарнобыльскай бяды значна скараціўся ў плане колькасці жыхароў, што не магло не адбіцца і на змяншэнні ліку клубных устаноў. Так што такая схема нас задавальняе, чаго нельга сказаць пра сярэднямесячныя заробкі метадыстаў, якія не перавышаюць двух мільёнаў рублёў…”

Yaugen Ragin: “А што не задавальняе ў працы вашых метадыстаў?”

Viktar Zaharanka: “Людзі прыйшлі ў каманду са спецыяльнай адукацыяй, з заданнямі спраўляюцца. Сувязь з Абласным цэнтрам народнай творчасці — пастаянная і выніковая. Інтэрнэт — асвоеная прастора. Праблем з вышукваннем сучасных методык для забеспячэння горада і сяла проста не існуе. Упор робім на маладзёжныя мерапрыемствы — не радзей чым раз на месяц праводзім іх у райцэнтры і на сяле. Кожная акцыя — тэматычная. Да прыкладу, Клуб выхаднога дня разлічаны на цэлы дзень і рэалізоўваецца з выкарыстаннем самых сучасных тэхналогій. Тое ж тычыцца і тэматычных дыскатэк...”

Natallia Mudryk: “Наша абласное ўпраўленне давяло, што да канца года ў раёне павінна быць адзіная юрасоба: метадцэнтр, сельскія клубныя ўстановы зліваюцца з ДУК “Іўеўскі цэнтр культуры і вольнага часу”. Тлумачыцца такая аптымізацыя тым, што метадцэнтры, вясковыя клубы маюць слабую матэрыяльную базу… Але ніхто пакуль не кажа, як будзе ажыццяўляцца такое зліццё. Напэўна, мы станем метадычным сектарам ці аддзелам, згубіўшы пры гэтым частку метадыстаў. Застанецца, відаць, ад сілы кіраўнік і некалькі метадыстаў. А на сёння іх — сем. Метадыст па гісторыка-культурнай спадчыне застанецца, неаспрэчна. Каго звальняць? Спецыяліста па масавай рабоце, жанравікаў? Перспектыва такая: застанецца метадыст па спадчыне ды спецыяліст па масавай рабоце і аматарскіх аб’яднаннях ды (калі пашанцуе) — адзін жанравік... На сёння жанравік (скажам, тэатральнай дзейнасці) курыруе 25 калектываў. Чалавек, што займаецца культурна-дасугавай работай, трымае ў полі зроку 18 клубных устаноў. Вакальна-харавы метадыст мае пад 60 калектываў. Нагрузка — вялікая. А пры аптымізацыі адзін метадыст пачне займацца ўсімі жанрамі. Пры такім раскладзе самадзейнасць проста сканае. У мяне не стала жанравіка па харэаграфіі — колькасць танцавальных калектываў знізілася з васямнаццаці да сямі. Давялося аб’яднаць харэаграфію і фальклор. А вы яшчэ ўлічыце, што кожны метадыст мае на раёне зону па сельсавеце (а то і па двух), дзе ён адказвае за парадак ва ўстановах культуры, за эканомію электраэнергіі і выкананне плана па аказанні платных паслуг. У выніку аптымізацыі метадычнай структуры два-тры чалавекі з такой нагрузкай не справяцца”.

Yaugen Ragin: “І якой бачыцца перспектыва?”

Natallia Mudryk: “Будзем пісаць справаздачныя даведкі. Мы іх сёння называем “Што было, што будзе і чым сэрца супакоіць”. Не хопіць сіл на аналітыку.

Yaugen Ragin: “А вось па-добраму, калі прыняць за ўмову, што аптымізацыя — не скарачэнне, а пошук разумных шляхоў для ўдасканалення працы не ў кірунку паператворчасці, а творчасці сапраўднай, дык што б вы самі зрабілі для таго, каб не пацярпела культура?”

Natallia Mudryk: “Па-добраму? Метадычны цэнтр застаецца. Калі і скарачаць, дык аднаго-двух чалавек. Застаецца адзіная ЦКС з адзіным матэрыяльным фондам, за кошт якога можна будзе хоць калі ўзняць ганебны па мізэрнасці заробак метадыста. У нас які ўжо год дзейнічае забаўляльны комплекс у Залейках. Нашы метадысты там ладзяць мерапрыемствы цягам навагодніх святаў, апошнім разам зарабілі больш за 150 мільёнаў рублёў. А гэта ох якая нялёгкая справа: забаўляць усіх ахвотных на марозе цягам усяго дня. Дык мо варта даць тым, хто задзейнічаны ў праекце, 50-працэнтную надбаўку і плаціць стопрацэнтную прэмію? Зараз, без цэнтралізацыі, я гэтага не магу зрабіць”.

Yaugen Ragin: “Тым не менш, у пэўных раёнах ЦКС даўно дзейнічаюць. Як вы думаеце, чаму ў нас паміж абласцямі няма еднасці ў намаганнях? Ці, інакш кажучы, таго самага, агульнага для ўсёй беларускай сферы культуры прагнознага аналізу: як і куды нам развівацца?”

Natallia Mudryk: “Мяне таксама гэта здзіўляе. Лічу, што тут павінен быць адзіны прынцып, код аптымізацыі такой важнай справы, як метадзабеспячэнне рэгіянальнай культуры. Гэта ў творчасці — няма мяжы фантазіі, а закон павінен быць адзіным для ўсіх. Чаму, да прыкладу, у Ашмянах ёсць адзінка вядучага метадыста — з зусім іншым па велічыні заробкам?..

Суб’ектыўнае рэзюмэ ад аўтара

Тэза, якая і не абмяркоўваецца: грошай на развіццё культуры чамусьці пастаянна не стае. З гэтай нагоды сельскую бібліятэку, інфармацыйнымі магчымасцямі якой цягам дня не пакарыстаўся ніводзін чытач, варта закрываць. Тое ж самае можна было б зазначыць і наконт раённых метадцэнтраў. Сапраўды, няўжо клубнік на месцы не складзе сцэнарый, не арганізуе людзей на рэалізацыю таго або іншага творчага мерапрыемства? Можна было б… Але журналісцкі досвед замінае. Пад час ці не кожнай камандзіроўкі мы бачым, што кантакт сельскага клуба і раённага метадцэнтра — справа рэальная, штодзённая ды выніковая. Безліч разоў я бачыў, як да метадыстаў у райцэнтр прыязджаюць сельскія работнікі культуры: параіцца, папрасіць дапамогі, урэшце, проста пахваліцца… Процьму разоў я бачыў, як у сельскія клубы прыязджаюць метадысты: пракантраляваць, дапамагчы, разам выйсці на сцэну… Калі ў выніку скарачэння мы страцім метадцэнтры, то пакінем “армію” без “штаба”. Мерапрыемствы застануцца, але на якасць іх давядзецца ў шэрагу выпадкаў забыцца. Канкурэнтаздольны арт-прадукт — вынік намаганняў сельскага клуба, які ведае справу, і метадыста, што не сумняваецца ў творчых ды матэрыяльных сродках пераўтварэння ідэі ў запамінальную дзею. І дадзеная выснова для мяне таксама не патрабуе доказаў.

Натуральна, «К» яшчэ не раз будзе вяртацца да праблемы разумнай аптымізацыі. Пытанняў, звязаных з будучыняй метадычнага забеспячэння культуры і вартых абмеркавання, шмат: якая метадычная структура (раённая, абласная, рэспубліканская ці ўсе разам) павінна займацца навуковым аналізам развіцця культурнай справы? Чаму заробак метадыста — ці то самы мізэрны ў нашай сферы? Як павінны ўзаемадзейнічаць абласныя метадцэнтры? На ўсе гэтыя ды шматлікія іншыя праблемныя пытанні мы паспрабуем адшукаць адказы. Але толькі разам з вамі, шаноўныя чытачы!

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"