Хто дзіця навучыць музыцы?

№ 14 (1140) 05.04.2014 - 11.04.2014 г

Уладзімір ТКАЧЭНКА, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, гітарыст, кампазітар, аранжыроўшчык:
Вось які парадокс мне бачыцца: у сучасных педагогаў музыкі дыпломы ёсць, прычым па сваёй “намінальнай вартасці” яны аналагічныя тым, што былі і ў маіх настаўнікаў, і ў майго пакалення. Але ж чаму тады сама якасць музычнай адукацыі стала куды ніжэйшай?

/i/content/pi/cult/474/10068/5-2.jpgУ мяне падрастае ўнучка, якой цяпер два гады. Нягледзячы на такі малы ўзрост, яна мае патрэбу ў музіцыраванні: гуляючы, у добрым настроі яна можа спяваць. А я так лічу: калі дзіця ў добрым настроі, дык яно пачынае спяваць — і наадварот, бо гэтыя рэчы шчыльна звязаны. Але для таго, каб адчуць ды падтрымаць малечу ў такой тонкай матэрыі, як нараджэнне творчай, і ў прыватнасці, музычнай, жылкі, патрэбна агульная навакольная атмасфера, спрыяльнае асяроддзе.

Ды і наогул, спеў — першае, праз што дзіця далучаецца да музыкі, паколькі каардынацыя не дазволіць яму, скажам, граць на нейкім інструменце. І нават у такім узросце зусім не лішнім быў бы педагог-прафесіянал, але ці знойдзеш у наш час такога? Урэшце, я перакананы: повязь пакаленняў тут яшчэ не перапынена канчаткова. І, пашукаўшы, да дзіцячай музычнай адукацыі можна прыцягнуць адметных спецыялістаў. Гэта не павінны быць тэарэтыкі, але для таленавітых практыкаў спатрэбіцца папера, што дазволіла б ім выкладаць дзецям.

Ды нават перад такімі профі паўстала б праблема: рэпертуар. Нідзе ў эфіры нічога асабліва цікавага не гучыць, тым больш — на нацыянальнай аснове. Але калі абвясціць такую патрэбу праз конкурс або якім іншым чынам, можна будзе выйсці, прынамсі, на педагогаў з розных куткоў краіны, што пішуць арыгінальныя песенныя ці інструментальныя творы для сваіх вучняў. І гэта вельмі важкая крыніца, якой не варта грэбаваць. Вось прыклад: мой знаёмы піша казкі для сваіх дзетак, а нядаўна выдаў іх маленькім накладам. Так што і ў музычнай сферы, перакананы, такія энтузіясты ёсць.

Па вялікім рахунку, як мне тое бачыцца, засталося яшчэ гадоў дзесяць, каб паспець захаваць сувязь паміж пакаленнямі педагогаў музыкі. Пасля тое трэба будзе рабіць ужо не непасрэдна “з рукі на руку”, а апасродкавана. Бо ўжо цяпер нават у сферы дзіцячай і юнацкай творчасці (калі яшчэ не дамінуюць, дык імкнуцца да гэтага) спевы — пад фанаграму. Але ж карысці ад іх — аніякай, паколькі яны не вучаць слухаць адно аднаго ўдзельнікаў інструментальнага ці вакальнага ансамбля. А слуханне ігры, спеву сяброў, інтанацый, рытму — і ёсць спасціжэнне музыкі, няхай і праз пэўную гульню.

Прыгадайце, па чым можна пазнаць нашых айчынных спевакоў. Часцей за ўсё — па вялаватаму рытму, на які за савецкім часам не звярталі ўвагі. А ён — аснова ў вакале, пульс, без якога не спрацуюць іншыя складнікі. Гэтак жа і ў выкананні інструментальных твораў: калі граеш пад метраном, ты перакладаеш адказнасць на гэтую машынку; калі барабаны запісаны загадзя, то ўсё быццам бы дакладна, але ж ты можаш і “схалтурыць”. Дык нашто падобны падыход закладваць у таленавітым дзіцяці з юных гадоў? Ёсць і яшчэ адзін нюанс фанаграмы. Калі спявае саліст, ён галоўны. А пад фанаграму атрымліваецца, што саліст мусіць падладжвацца пад папярэдне зроблены запіс, з лідара ператвараючыся ў слугу. Заняткі, у выніку, зводзяцца да таго, каб гэта схаваць ад гледача, а не тварыць.

Як нараджаецца попыт на фанаграмы ў дзіцячых калектывах? Па-мойму, праз банальнае неўсведамленне іх кіраўнікамі злачыннасці яе выкарыстання адносна развіцця выхаванцаў. Для тых, хто ладзіць буйныя канцэртны пад “мінус адзін” або “плюс”, выгада зразумелая: так танней у некалькі разоў. Але пры чым тут дзеці? А, на жаль, ужо вырасла пакаленне дзяцей, якія навучаліся музыцы ды спевам са значным выкарыстаннем фанаграмы. І яны лічаць, што так і мае быць, бо з “жывым” выканальніцтвам амаль не сутыкаліся.

У агульнай сітуацыі музычнай падрыхтоўкі дзяцей сёння адыгрывае сваю ролю і высокі кошт інструментаў, асабліва калі гаворка ідзе пра канцэртныя. Ён вельмі часта непад’ёмны для школ, не кажучы пра асобныя сем’і. Я ж памятаю, што ў маім дзяцінстве практычна любая сям’я, крыху напружыўшыся, магла сабраць грошы на даволі прыстойны інструмент. А як цяпер набыць той самы раней даступны баян пры яго кошце ў тры — пяць тысяч долараў?..

Вы спытаеце: дзе ж выйсце з усёй апісанай сітуацыі? Адкажу мо і занадта проста: хто шукае і жадае, той знойдзе варыянты. І падмацую сваё меркаванне прыкладам. У Расіі да Алімпіяды задумалі паказаць тысячны хор на адной з цырымоній. Каб сабраць столькі спевакоў, патрэбна было “маніторыць” калектывы па ўсёй краіне. І ведаеце, там адбыўся ўздым харавога руху. Такія ж магчымасці можна знайсці і для іншых кірункаў музычнай адукацыі.

А ўнучку сваю я аддаў бы ў хор, няхай спявае. Гэта карысна, бо дае вельмі цікавае адчуванне ўласнай значнасці ў калектыве.

Па вялікім рахунку, засталося яшчэ гадоў дзесяць, каб паспець захаваць сувязь паміж пакаленнямі педагогаў музыкі. Пасля тое трэба будзе рабіць ужо не непасрэдна “з рукі на руку”, а апасродкавана. Бо ўжо цяпер нават у сферы дзіцячай і юнацкай творчасці (калі яшчэ не дамінуюць, дык імкнуцца да гэтага) спевы — пад фанаграму.

Фота Юрыя ІВАНОВА