Канфлікт, рамонт, дырэктар… А што ж мастацкі кіраўнік?

№ 14 (1140) 05.04.2014 - 11.04.2014 г

Акцёры з краін-суседак — пра адносіны паміж суб’ектамі тэатральнага працэсу
Пасля нядаўняй сітуацыі, калі трупа Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача абвясціла вотум недаверу не творчаму кіраўніцтву, а дырэктару, і апошні, адпрацаваўшы пару месяцаў, пакінуў пост, ізноў паўсталі ўжо знаёмыя пытанні. Хто ў тэатры галоўны? Як будуюцца (прынамсі, павінны) адміністрацыйныя адносіны паміж дырэктарам і мастацкім кіраўніком (галоўным рэжысёрам)? Як размяжоўваюцца іх паўнамоцтвы? Хто вызначае рэпертуарную палітыку? Ці мае дырэктар права ўмешвацца ў творчы працэс і дыктаваць, якую п’есу ставіць, а якую — не? Гэтыя, а таксама іншыя пытанні, звязаныя з прызначэннем на кіраўнічыя пасады, асаблівасцямі кантрактнай сістэмы для акцёрскага складу, нармаваннем спектакляў, крыніцамі фінансавання і акупнасці тэатраў, канфліктнымі сітуацыямі і спосабамі іх пераадолення, а таксама асаблівасцямі працы тэатральных калектываў ва ўмовах рэканструкцыі, я задаў сваім калегам з Латвіі, Літвы (іх меркаванні "К" ужо апублікавала ў № 12 за 2014 г.), Польшчы, Украіны (чытайце іх ніжэй), з якімі пазнаёміўся пад час паездак на міжнародныя фестывалі монаспектакляў.

/i/content/pi/cult/474/10067/4-1.jpg(Заканчэнне. Пачатак у № 12.)

Украіна

Як вярнуць гледача ў залу?

Яўген Курман працаваў рэжысёрам-пастаноўшчыкам у тэатрах Кіева, Данецка, Івана-Франкоўска. Паставіў амаль 50 спектакляў па п’есах украінскіх, рускіх і заходнееўрапейскіх класікаў. Яго рэжысёрскія работы адзначаны дыпломамі ды ўзнагародамі на ўкраінскіх і міжнародных тэатральных фестывалях. У цяперашні час ён — галоўны рэжысёр Кіраваградскага абласнога акадэмічнага ўкраінскага музычна-драматычнага тэатра імя Марка Крапіўніцкага.

— Вялікае значэнне ў размежаванні паўнамоцтваў дырэктара і мастацкага кіраўніка мае форма ўласнасці самога тэатра. Ва Украіне гэта могуць быць дзяржаўныя непрыбытковыя прадпрыемствы, проста ўстановы культуры альбо камунальныя ўстановы (як наш тэатр). У сувязі з гэтым ёсць розныя крыніцы фінансавання і, адпаведна, розныя эканамічныя задачы.

Далей буду казаць толькі пра наш тэатр. Згодна са Статутам, дырэктар — першая асоба, і менавіта ён адказвае за ўсё. Рэпертуар жа вызначаю я. Але лічу няправільным рабіць гэта без адкрытай ды шчырай размовы з дырэктарам, у працэсе якой мы абмяркоўваем усе магчымыя наступствы гэтай пастаноўкі, яе стратэгічныя, тактычныя задачы і іншае. Мяркую, што нам вельмі пашанцавала адно з адным. Мы пазнаёміліся ў ліпені 2012 года, а ў жніўні ўжо, працуючы ў камандзе, узначалілі тэатр.

Дырэктар не ўмешваецца ў маю працу і дэкларуе гэта. Ён стварае неабходныя ўмовы для забеспячэння ды ўвасаблення той мастацкай праграмы, якую я генерырую. Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што некалькі разоў за гэтыя паўтара года ягоныя падказкі істотна спрыялі творчаму працэсу. Па маіх адзнаках, падобнае паспяховае ўзаемадзеянне паміж адміністрацыйнай і творчай часткамі назіраецца ў Вінніцкім, Жытомірскім, Сумскім тэатрах... А вось у Палтаве, Чаркасах — супрацьлеглая сітуацыя.

У Кіраваградзе, пасля працяглай рэканструкцыі і рэстаўрацыі гістарычнага будынка тэатра, куды нарэшце вярнулася трупа, і пасля змены кіраўніцтва мы з дырэктарам аднолькава разумеем, што наша задача на дадзеным этапе — вярнуць гледачоў у залу (у рэпертуары — спектаклі па творах класікаў украінскай драматургіі). Заўважу, спецыфіка Кіраваградскага тэатра такая, што яго трупа складаецца з артыстаў драмы, артыстаў балета і артыстаў аркестра.

Пра пасаду дырэктара. Па Статуце на яе прызначаецца пераможца конкурсу, арганізаванага абласным саветам, які і заключае кантракт з дырэктарам тэрмінам на тры або на пяць гадоў. Кантракт можа быць працягнуты да сямі гадоў. На пасаду галоўнага рэжысёра тэатра па выніках конкурсу прызначае кіраўнік установы. Мы з дырэктарам так і трапілі ў тэатр, заваяваўшы перамогу ў конкурсе. На апошні прадстаўляецца канцэпцыя развіцця тэатра на пэўны тэрмін і бачанне рэальных шляхоў яе ўвасаблення з прагназаваннем вынікаў. Больш за тое: ёсць загад Міністэрства культуры Украіны аб залічэнні на працу ва ўстановы сферы ўсіх кіраўнікоў творчых пасад і акцёрскага складу на аснове конкурсу. Пералік умоў займае тры старонкі. Кантрактнай сістэмы ў акцёрскага складу няма. Пад час прыёму на працу акцёра бяруць на дамову тэрмінам на адзін год; пры падаўжэнні такога дагавора двойчы акцёр аўтаматычна трапляе ў штат на бестэрміновую працу...

50% заробленага — на развіццё

— На заканадаўчым узроўні нам ніхто не дыктуе норму спектакляў, якія неабходна адпрацаваць за год, — працягвае Яўген Курман. — Але ёсць чыноўнікі на месцах, якія спрабуюць перакласці на тэатры абароненыя дзяржавай артыкулы выдаткаў. Іх два: камунальныя плацяжы і зарплаты. З розных куткоў Украіны даходзяць навіны пра тое, што чыноўнікі спрабуюць прымусіць тэатры пакрываць камунальныя плацяжы. Але ж усе тэатры — бюджэтныя арганізацыі. Усё, што яны атрымліваюць з бюджэту, у бюджэт і здаюць. Пытанне: ці ўсе атрымліваюць? Некаторыя тэатры, як, скажам, наш, з’яўляюцца так званымі трансфернымі арганізацыямі. Гэта дазваляе нам 50% заробленага пакінуць на развіццё тэатра. Не на прэміі або заахвочванні, а толькі на развіццё. З-за адсутнасці заканадаўчай базы дабрачыннасцю або спонсарствам у нас ніхто не займаецца, таму кожны тэатр — гэта асобная “планета”, і многае вызначае стаўленне да яго губернатара.

Як працуюць тэатры ва ўмовах рэканструкцыі? Арандуюць іншыя памяшканні, ездзяць, гастралююць. Такіх выпадкаў хапае. Рэканструявалі тэатры Палтавы, Кіраваграда... Харкаўскі тэатр музычнай камедыі дваццаць гадоў не мае памяшкання: то ён “жыў” у адным ДК, то чакае пераезду на Малую сцэну Харкаўскай оперы. Кіеўскі Тэатр на Падоле без уласнага памяшкання — усю сваю гісторыю...

Польшча

Менеджар і тыя, хто супраць яго...

Кшыштаф Грабоўскі — лаўрэат і дыпламант міжнародных і польскіх фестываляў монаспектакляў, акцёр Тэатра імя Стэфана Жаромскага з польскага горада Кельцы. Монаспектакль “Мілка”, пастаўлены паводле рамана Міхала Вальчака “Пясочніца”, у выкананні Кшыштафа адкрываў праграму IX Міжнароднага маладзёжнага тэатральнага форуму “М.@rt.кантакт” у Магілёве.

— У польскіх тэатрах прысутнічае дыферэнцыяваны падзел адміністрацыйных і творчых функцый. У палове тэатраў кіраўнік — дырэктар, які сумяшчае абедзве функцыі: выканаўчую (адміністрацыйную) і мастацкую. У гэтым выпадку яго намеснікам, другой асобай у тэатры, з’яўляецца галоўны бухгалтар, які нясе юрыдычную адказнасць за фінансы ўстановы. Усё часцей і часцей улады дамагаюцца прызначэння на пасады дырэктараў тэатра кваліфікаваных менеджараў. Аднак, як гэта адбылося ў Польскім тэатры ў Вроцлаве, такая спроба выклікала хвалю пратэстаў з боку грамадскасці па ўсёй краіне. Тэатральныя дзеячы не захацелі пагадзіцца з тым, каб установай кіраваў чалавек, які не ведае спецыфіку прафесіі.

У другой жа палове тэатраў пазіцыі адміністрацыйнай і мастацкай частак падзелены. Мастацкі кіраўнік цалкам адказвае за падбор рэпертуару, акцёрскі склад спектакляў, агульную мастацкую палітыку. Да прыкладу, я з тэатра, у якім кіруе адзін дырэктар, і супярэчнасцей паміж фінансавым і творчым бакамі не ўзнікае.

Мастацкі або адміністрацыйны кіраўнік прызначаецца на пасаду ў выніку адкрытага конкурсу, у якім могуць прымаць удзел усе, хто адпавядае яго патрабаванням. Часцей за ўсё гэта прыкладна пяцігадовы стаж працы на кіруючай пасадзе, вышэйшая адукацыя, веданне спецыфікі тэатра, адміністрацыйнага права, уменне кіраваць калектывам, адукацыя ў сферы кіравання, уменне прыцягваць сродкі з фондаў Еўрасаюза, валоданне замежнай мовай і гэтак далей. Тэрмін паўнамоцтваў кіраўніка — ад трох да пяці гадоў. Абавязковымі з’яўляюцца рэкамендацыі ад прафсаюзаў і ад Саюза артыстаў польскіх сцэн.

Таксама існуе магчымасць таго, што дырэктар тэатра асабіста прыме на працу мастацкага кіраўніка тэатра. Ёсць выпадкі, калі ўлады ваяводства ці горада, якім падпарадкоўваецца тэатр, прызначаюць дырэктара без выканання працэдуры конкурсу. Тады трэба атрымаць дазвол міністра культуры і нацыянальнай спадчыны.

Колькасць спектакляў і фінансы

— Тэатр не мае абавязкаў адносна мінімальнай колькасці спектакляў, — працягвае Кшыштаф. — На самой справе, большасць тэатраў у Польшчы працуе ў страту і фінансуецца за кошт дзяржавы. Трупа падпарадкоўваецца альбо ваяводству, альбо гораду. Акрамя таго, існуюць тэатры нацыянальнага рангу, якія атрымліваюць дадатковае фінансаванне ад Міністэрства культуры. Вядома, калектывы таксама шукаюць спонсараў, і большасць іх знаходзіць. Да таго ж, амаль усе тэатры падаюць заяўку на дадатковае фінансаванне ў рамках праграм Міністэрства культуры і Еўрапейскага саюза. Аднак любы грант ад ЕС мае на ўвазе і “ўласны ўклад”, які ў выпадку атрымання гранта павінен аплаціць тэатр.

Невялікія тэатры ў Польшчы атрымліваюць гадавы бюджэт каля 4 мільёнаў злотых, з якіх на рэалізацыю спектакляў адыходзіць прыкладна 300 тысяч. Астатняя сума ідзе на ўтрыманне будынка, персаналу і эксплуатацыю спектакля. Добрыя тэатры ў стане зарабіць ад продажу білетаў каля мільёна злотых. Дзяржаўныя калектывы, дзякуючы фінансаванню, могуць стварыць выдатны рэпертуар, сучаснае бачанне сцэнічнай мовы і ўплываць на густы аўдыторыі, прапаноўваючы шырокі дыяпазон рэпертуару. У Польшчы, апроч іншага, узнікаюць прыватныя камерцыйныя антрэпрызы, якія часам таксама атрымліваюць субсідыі. Але аснова іх існавання грунтуецца на продажах спектакляў. І трымаюцца яны, галоўным чынам, дзякуючы рэпертуару камедыйнага і фарсавага напрамкаў ды запрашэнню на ролі медыйных акцёраў з вядомых серыялаў. Большасць такіх труп працуе ў Варшаве.

І пра канфлікты

Канфлікты, вядома, узнікаюць і ў польскіх тэатрах, прычым апошнім часам — усё часцей. Чым большы розгалас у медыя атрымліваюць праблемы, якія часцей за ўсё закранаюць пытанні выкарыстання службовага становішча і адносін у калектыве, — тым хутчэйшая і рэакцыя. Сітуацыю заўсёды вырашае заснавальнік тэатра: урад маршалка ваяводства ці гарадскія ўлады. У астатніх сітуацыях права рашаючага голасу мае міністр культуры і нацыянальнай спадчыны.

Апошнім часам у Польшчы было шмат прыкладаў рэканструкцыі тэатраў. Кожная сцэна мае свае асаблівасці, і яе ўладкаванне залежыць ад задумы рэжысёра. Амаль заўсёды рэканструкцыя прадугледжвае памяншэнне колькасці спектакляў у рэпертуары. Часам адбываецца скарачэнне пасад і штатаў. Але ў асноўным тэатр выступае на сцэнах іншых сяброўскіх калектываў ці ў грамадскіх цэнтрах, дамах культуры. Калі тэатры маюць некалькі сцэн, то так плануюць рамонт, каб доступ у тэатр быў магчымым з дапамогай гэтых пляцовак.

Нават калі погляд суб'ектыўны...

Як бачна з адказаў калег, тэатры пазначаных краін працуюць у розных эканамічных умовах і сістэмах. Канфлікты вырашаюцца, а рэканструкцыі рана ці позна заканчваюцца, умоўна кажучы, пераразаннем чырвонай стужачкі ля параднага ўвахода. (Пра гэты момант, дарэчы, доўгія гады мараць трупы сталічных Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача і Маладзёжнага тэатра.) Ёсць нюансы, якія аб’ядноўваюць усіх маіх візаві ды прадстаўленыя імі калектывы: у першую чаргу — творчыя пытанні, што бяруцца за аснову, барацьба за гледачоў і, адпаведна, за касу. Працэс прызначэння на кіруючыя пасады, калі пасты займаюць кіраўнікі, якія прыходзяць з пэўнай творчай ды арганізацыйнай праграмай “пад канкрэтны тэатр”, мне падаўся празрыстым і матываваным. Можа, гэты нюанс і дапамагае пазбягаць глабальных канфліктных сітуацый у тэатрах ды спрыяе нармальнаму функцыянаванню калектываў, пры якім дырэктар і мастацкі кіраўнік працуюць на агульныя мэту і задачу?

Дарэчы, пакуль рыхтавалася да выхаду ў свет другая частка гэтага матэрыялу, прыйшла навіна з Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, звязаная з непрацягненнем кантракту з Ігарам Сіговым у якасці дырэктара тэатра (ён застаўся ў трупе акцёрам). У гэтым выпадку выкананы ўсе нормы дзеючага заканадаўства. Як кажуць, па законе. Хоць, несумненна, змена кіраўніцтва — заўсёды балючы працэс. А калі прыняць да ўвагі пункт гледжання трупы? Ці стане тэатр лепшым і больш цікавым пры новым кіраўніцтве? Калі адказ станоўчы — выдатна. А калі не?.. Хаця рабіць прагнозы — няўдзячна...

Ды не толькі адны канфлікты і спосабы іх вырашэння выклікалі інтарэс — цікавасць у параўнанні з нашай той эканамічнай ды арганізацыйнай рэчаіснасцю, у якой жывуць і працуюць тэатры з краін-суседак.

Напрыклад, возьмем папулярны ў нас тэрмін “аптымізацыя”. Неаднаразова выказвалася думка пра тое, што дзяржава не можа ў ранейшым аб’ёме фінансаваць установы культуры, таму гучалі прапановы аб скарачэнні штатаў тэатраў. Дый рэкамендацыі па гэтым пытанні рассылаюцца ўжо не адзін год запар. Гаворка зайшла нават пра закрыццё некаторых труп. Добра. Аднак ці паедзе любы са сталічных тэатраў па рэгіёнах, скажам, па Слонімскім, Мазырскім, Пінскім раёнах, каб “сеяць добрае і вечнае” ды задаволіць эстэтычныя патрэбы жыхароў гэтых мясцін? Як аднаразовая акцыя — так. Але сталая яе аснова выклікае сумневы. Зрэшты, з гэтым выдатна спраўляюцца тэатры названых рэгіёнаў.

Згодзен з калегамі: тэатр — гэта заўсёды стратнае прадпрыемства, якое патрабуе значнага фінансавання. І калі параўноўваць сцэнічны калектыў з вытворчасцю, у шырокім сэнсе слова, то нескладана сабе ўявіць, што можа з ім адбыцца ва ўмовах адсутнасці мадэрнізацыі або дадатковых інвестыцый. Свой аб’ём фінансавання неабходны і Купалаўскаму, які дзякуючы замежным гастролям становіцца візітоўкай краіны, і абласным трупам, і калектывам у раённых цэнтрах, дзе ўзнікае вытворчая неабходнасць у пастаяннай ды частай змене рэпертуару, каб тым самым падтрымліваць цікавасць у публікі.

А што рабіць, калі гэтых дзяржаўных уліванняў аб’ектыўна не хапае? Тэатрам настойліва прапанавана шукаць і прыцягваць пазабюджэтныя сродкі. На практыцы, з гэтай мэтай часцей за ўсё здаюцца ў арэнду свабодныя памяшканні, а таксама залы для аднаразовых мерапрыемстваў. Па білетах тэатраў і пад іх маркай праходзяць эстрадныя канцэрты або выступленні калектываў розных кірункаў, далёкіх ад тэатральных. Аднак дадатковыя фінансавыя паступленні не адпавядаюць аб’ёму, неабходнаму для тэатра. Дый потым, у адным месяцы ўстанова можа здаць залу ў арэнду або правесці канцэрт. А можа і не правесці, і не здаць. Да ўсяго, вось яшчэ дэталь: якім чынам у масавай свядомасці адаб’ецца на іміджы ўстановы, скажам, не самая лепшая цыркавая брыгада або кабарэ-вар’етэ, што выступае ад яе імя?

На мой суб’ектыўны погляд, “пазабюджэтныя сродкі” — гэта, перш за ўсё, сродкі недзяржаўных, камерцыйных структур, якія спраўна плацяць у бюджэт падаткі, што размяркоўваюцца, у тым ліку, і на культуру. Няхай і па рэшткавым прынцыпе. Атрымліваецца замкнёнае кола. Камерцыйныя структуры не адчуваюць асаблівай зацікаўленасці ў тым, каб падтрымліваць культуру. А можа, усё-такі падумаць над такой схемай, пры якой у нас змогуць афіцыйна з’явіцца свае спонсары ды мецэнаты, узнікнуць узаемавыгаднае супрацоўніцтва, якое будзе падмацавана заканадаўчай базай? Тады, як мне здаецца, і шэраг праблем застаўся б толькі ў памяці...

Аўтар: Алег ЧЭЧАНЕЎ
акцёр, рэжысёр