Песенная зямля: “і рай, і боль”

№ 13 (1139) 29.03.2014 - 04.04.2014 г

Пад назвай "І рай, і боль на Песеннай зямлі..." у Нацыянальным гістарычным музеі працуе выстаўка, якая працягвае навукова-экспазіцыйны праект “У пошуках страчанага”, прысвечаны шматгадовай гісторыі ўстановы.

/i/content/pi/cult/473/10064/8-1.jpg /i/content/pi/cult/473/10064/8-2.jpg

М.Эндэ. "Хвядора Міхадзюк з в. Птушач'е Слуцкай акругі"; А.Марыкс. "Жанчына на ўборцы сена. Пухавіччына, 1922 — 1924 гг."

/i/content/pi/cult/473/10064/8-3.jpg

Р.Семашкевіч. "Вясковы пейзаж".

/i/content/pi/cult/473/10064/8-4.jpg

А.Тычына. "Плошча Свабоды".

/i/content/pi/cult/473/10064/8-5.jpg

М.Філіповіч. "Гарадскі пейзаж 1921 — 1930 гг.".

/i/content/pi/cult/473/10064/8-6.jpg

М.Дучыц. "Мінск. Турэмны завулак".

/i/content/pi/cult/473/10064/8-7.jpg

А.Астаповіч. "Вёска".

/i/content/pi/cult/473/10064/8-8.jpg

Я.Драздовіч. "Сядзібы ўздоўж ракі" (з альбома "Глыбокае").

/i/content/pi/cult/473/10064/8-9.jpg

П.Сергіевіч. "Шляхціч Данэйка з Каросні каля Навагрудка".

У экспазіцыю ўвайшлі творы беларускіх мастакоў 1920 — 1930-х этнаграфічнай тэматыкі, якія склалі фундамент калекцыі музея таго часу. Гэты збор пачаў фарміравацца менавіта ў 20-я гады ХХ ст., калі Беларускі дзяржаўны музей (“бацька” сённяшняй установы) супрацоўнічаў з Інстытутам беларускай культуры і Цэнтральным бюро краязнаўства. Тая “трыяда”, мабыць, і зрабіла самы вялікі ўклад у захаванне ды прапаганду ў краіне ўнікальных помнікаў выяўленчай культуры ў галіне нацыянальнай этнаграфіі. Зразумела, першаасновай гэтага мастацтва з’явіліся спецыяльныя экспедыцыі мастакоў і вучоных практычна па ўсёй тагачаснай тэрыторыі Беларусі, а таксама творчасць тых, хто жыў і тварыў у Заходняй Беларусі.

У выніку з’яўляліся работы як прыкладнога, навуковага характару, так і выяўленчага мастацтва, прычым — высокапрафесійнай якасці. Іх сёння можна смела ўключаць у “залаты фонд” нацыянальнай графікі. У экспазіцыі прадстаўлены амаль усе напрамкі гэтага віду мастацтва: малюнкі алоўкам, вугалем, тушшу, акварэлі, гуашы, пастэлі, літаграфіі, лінагравюры. Наогул, акварэльныя творы занялі асабліва вялікае месца (краявіды, партрэты, эцюды, жанравыя замалёўкі). Прыкметнае месца атрымаў і малюнак, якім дасканала валодалі амаль усе беларускія майстры, што атрымалі адукацыю і ў Віцебску, і ў навучальных установах Масквы ды Пецярбурга-Петраграда-Ленінграда.

Асабіста мяне выстаўка вельмі парадавала. Я пабачыў раней невядомыя мне работы знакамітых майстроў Я.Кругера, М.Філіповіча, Р.Семашкевіча, М.Пашкевіча, П.Сергіевіча, М.Эндэ, М.Аксельрода, а таксама па-новаму адкрыў для сябе імёны Л.Родзевіча, Я.Тайца, С.Тарасевіча, С.Кішынёўскага. Добра прадстаўлены замалёўкі і эцюды А.Марыкса, А.Тычыны, М.Дучыца і асабліва Я.Драздовіча — з яго альбома 1925 года “Глыбокае”.

У пошуках нацыянальнага стылю ўсе гэтыя мастакі звярталіся да вывучэння народнай творчасці 20-х гадоў. Для фарміравання, напрыклад, Анатоля Тычыны як мастака вялікае значэнне мела яго праца ў Інбелкульце, дзе напрыканцы 1920-х ён быў грамадскім сакратаром секцыі выяўленчага мастацтва. І наогул супрацоўніцтва мастакоў з дзеячамі беларускай культуры (напрыклад, з Янкам Купалам, Якубам Коласам, Змітраком Бядулем, Мікалаем Шчакаціхіным) садзейнічала пашырэнню эрудыцыі, абуджала цікавасць да гісторыі роднай краіны, мастацкіх традыцый, народнай творчасці. Яны вывучалі народную арнаментыку, каб перакласці яе на мову станковага аркуша, кніжнай графікі, экслібрыса ці ўвесці непасрэдна ў сцэнаграфію. Так што няма нічога дзіўнага, што прыкметны этнаграфізм, у самым лепшым сэнсе слова, — характэрная рыса амаль усіх работ выстаўкі.

Яркі прыклад — мастацтва выдатнага жывапісца і графіка Міхася Філіповіча. Яго фундаментальныя этнаграфічныя замалёўкі датуюцца сярэдзінай 1920-х. Яны былі выдадзены ў чатырох альбомах — 177 акварэлей народнага адзення! А яшчэ шэсць альбомаў уключалі часткі “Беларускія дарэвалюцыйныя хаты”, “Народная драўляная разьба”, “Народныя паясы”, “Віцебская набойка”, “Народныя пернікі” і “Беларускія ткацкія ўзоры”. Каб сабраць такі багаты матэрыял, Міхась Мацвеевіч аб’ездзіў Міншчыну, Палессе, Случчыну і Магілёўшчыну. Так, як кіраўнік ён удзельнічаў у шматлікіх этнаграфічна-археалагічных экспедыцыях. У 1925-м мастак здзейсніў паездку па Мазырска-Тураўскім Палессі, дзе закупіў для Беларускага дзяржаўнага музея каля 200 прадметаў народнага побыту (ад сахі да ганчарнага станка), стварыў дзясяткі замалёвак і фатаграфій. Прадстаўленыя ў экспазіцыі творы Філіповіча — гэта архітэктурныя пейзажы Мінска, Слуцка, Заслаўя ды партрэты жыхароў вёсак.

Пра Рыгора Семашкевіча я і не кажу. Бліскучы рысавальшчык, вучань Віцебскага мастацкага тэхнікума, ён, ужо ў Маскве, стаў цудоўным жывапісцам-каларыстам, але і потым шмат разоў прыязджаў на радзіму, каб з альбомам ды алоўкам папаездзіць па беларускіх вёсках ды маленькіх гарадах у пошуках сялянскай “натуры”. На жаль, ягоны лёс трагічна абарваўся ў 1937-м… У экспазіцыі прадстаўлены амаль тры дзясяткі яго таленавітых замалёвак — так бы мовіць, цэлая “персаналія”! Урэшце, і некаторыя іншыя аўтары па колькасці цікавых работ атрымалі на выстаўцы сваю шырокую прастору: А.Марыкс, М.Дучыц, М.Уладычына, П.Сергіевіч… Таксама парадавала сустрэча з даўно не бачанымі работамі М.Эндэ, Л.Зевіна, А.Астаповіча, А.Бразера, Л.Лейтмана. На заключэнне хачу адзначыць вось што. Выстаўка — гэта прыклад таго, як трэба мастакам вывучаць і любіць сваю краіну, яе нацыянальную гісторыю, яе народныя карані. Бо, пагадзіцеся, сёння гэтыя якасці — і маральныя, і прафесійныя, і этычныя — у нашых творцаў у многіх адносінах страчаны…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"