Пра гумар усур’ёз

№ 13 (1139) 29.03.2014 - 04.04.2014 г

Ці стане фестываль традыцыяй?
Маладзёжны тэатр эстрады неаднойчы перажываў складаныя перыяды, але ў калектыве жыло і жыве імкненне выйсці на нейкія новыя праекты. Не ўсе з іх атрымлівалі працяг, але тэатр на сваіх памылках вучыўся, пераадольваў праблемы. Нядаўна ў калектыве з’явіўся новы дырэктар — Васіль Буйніцкі. І літаральна адразу тэатр рушыў насустрач Фестывалю гумару і прыколаў “У мора — 2014”: конкурс па шасці намінацыях — заўтра, гала-канцэрт пераможцаў — 1 красавіка.

— У тэатры склалася прафесійная каманда, якая мае вялікі творчы патэнцыял, — кажа Васіль БУЙНІЦКІ. — І мая задача — не “зламаць”, не парушыць тое, што ёсць, а прымножыць, палепшыць, развіць. Хацелася б актывізаваць моладзь, бачыць яшчэ больш інавацыйных праектаў, якія надалі б калектыву імідж творчай лабараторыі, што ахоплівае самыя розныя мастацкія ды жанравыя кірункі. Нядаўна, да прыкладу, з маёй падачы на нашай сцэне з’явіўся цыкл канцэртаў “Джаз-кантакт”. Думаю, актывізаваць моладзь павінен і фестываль гумару, прапанаваны рэжысёрам Вячаславам Паніным...

— Гэты праект задумваўся даўно, — працягвае размову Вячаслаў ПАНІН, — і з новым тэатральным кіраўніцтвам адразу мог бы быць рэалізаваны. У сённяшняй рэчаіснасці шмат “сцёбу”, а гумару, на мой погляд, бракуе. Асабліва на эстрадзе, бо там пануе пераважна “папса”. А трэба развіваць розныя жанры! Іначай “карабель” канцэртнага жыцця, які робіць крэн у адзін бок, можа ўвогуле пайсці на дно. Наш тэатр унікальны ўжо тым, што нам удалося не проста знайсці і ўвасобіць, а менавіта стварыць (што называецца, з нуля) свой уласны рэпертуар. І пры гэтым зрабіць акцэнт на беларускія нацыянальныя традыцыі. Сведчаннем таму — спектакль “Мікітаў лапаць — рукамі не лапаць”, якім адкрыўся сёлетні фестываль. З аднаго боку, гэтая пастаноўка — паводле вядомай п’есы Міхася Чарота. З іншага — самастойны эстрадны праект. Не драматычны спектакль, а менавіта эстрадны, які жыве па сваіх законах. І першы з іх — адпаведнасць рэальнаму жыццю. Да таго ж, у нашым жанры заўсёды патрэбны інтэрактыў: эстрада трымаецца на сённяшнім дні і на непарыўнай сувязі з публікай...

— Фестывалем зацікавілася ТБ, — дадае Васіль Буйніцкі. — здымаць будуць усё, у эфір жа пойдзе, вядома, лепшае. Акрамя ўзнагарод, многія атрымаюць дыпломы актыўных удзельнікаў. А каб лепш падрыхтаваць канкурсантаў, напярэдадні разгорнуць майстар-класы. Інфармацыя была распаўсюджана па ўсёй рэспубліцы. Наша задача — “выцягнуць” усіх, хто спрабуе сябе ў розных жанрах сферы гумару, дапамагчы ім і працягваць развіваць гэты кірунак надалей. Калі фестываль стане традыцыйным (а так і плануецца), ёсць спадзеў, што з гумарам на эстрадзе і ў краіне стане лепш...

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"