Лакальны акцэнт

№ 13 (1139) 29.03.2014 - 04.04.2014 г

Для развіцця фальклорнага руху і адлюстравання спецыфікі аўтэнтычнага фальклору Віцебшчыны, яго лакальных адметнасцей у Расонах прайшоў Х Абласны агляд-конкурс фальклорнага мастацтва дзяцей і моладзі.

/i/content/pi/cult/473/10059/11-1.jpg

Творы майстроў з Чашніцкага раённага дома рамёстваў.

Конкурс быў прысвечаны памяці Валянціны Ліцвінавай — колішняга кіраўніка ўзорнага фальклорнага гурта “Нежачкі” Расонскага цэнтра дзяцей і моладзі. Сёння гэты калектыў пад кіраўніцтвам Алены Вашчанка адлюстроўвае багацце і шматбаковасць рэгіянальнага танцавальнага, песеннага, гульнявога і музычнага фальклору. Удзельнікі “Нежачак” займаюцца адраджэннем нацыянальных рамёстваў: гафтам, выцінанкай, саломкапляценнем… Дарэчы, па выніках агляду-конкурсу гурт атрымаў Гран-пры.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел дзіцячыя і маладзёжныя фальклорныя ансамблі вобласці, удзельнікі мастацкіх калектываў устаноў культуры, пазашкольных устаноў і вучні агульнаадукацыйных школ, якія вывучаюць, пераймаюць і папулярызуюць мастацкую культуру свайго краю. Гэта Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь “Сунічкі” Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў, фальклорны дзіцячы гурт “Галасы вякоў” Сенькаўскага сельскага клуба Верхнядзвінскага раёна, узорны фальклорны калектыў “Сявенька” сярэдняй школы № 15 Барані Аршанскага раёна, фальклорны дзіцячы калектыў “Шчадроўкі” Каўшэлеўскага дома фальклору Шаркаўшчынскага раёна, узорны ансамбль народнай музыкі і песні “Званочкі” навучэнцаў Варапаеўскай школы мастацтваў Пастаўскага раёна ды шмат іншых.

Праграма складалася з выстаўкі-конкурсу твораў дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва, конкурснай праграмы фальклорных калектываў, якая была скіравана на змястоўнае раскрыццё мясцовых традыцый праз народныя танцы, песні, абрады, гульні і музыку. Прайшоў таксама турнір пар — выканаўцаў народных побытавых танцаў.

На выстаўцы-конкурсе былі прадстаўлены калекцыі і асобныя вырабы: лялькі ў этнічных касцюмах, вышыўка, ткацтва, вырабы з прыродных матэрыялаў. Працягам мерапрыемства стаў конкурс “Вырабы юных майстроў”, дзе хлопцы і дзяўчаты дэманстравалі навыкі ў традыцыйных рамёствах.

Пад час правядзення турніру пар — выканаўцаў народных побытавых танцаў удзельнікі прадстаўлялі мясцовыя варыянты праграмных танцаў: кракавяк, падэспань, полька, “Лявоніха” ды іншых з захаваннем адметнага стылю выканання.

Андрэй СТРУНЧАНКА, вядучы метадыст Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці