А што ў “Працэсе”?

№ 13 (1139) 29.03.2014 - 04.04.2014 г

Пад час выстаўкі маладых беларускіх фатографаў “Працэс” публіцы было прапанавана не толькі ацаніць плён высілкаў дзевяці аўтараў, але і зазірнуць на іх “творчую кухню” і даведацца, з якіх настрояў, сумненняў, думак, імпульсаў “складалася” кожная фотасерыя. Выстаўка сталася своеасаблівай справаздачай адукацыйнага курса, што ладзіўся амаль цягам года пад кіраўніцтвам расійскіх выкладчыкаў.

/i/content/pi/cult/473/10058/9-3.jpg

Работа з праекта Аляксандра Міхалковіча "Сядзіба".

Прызнацца, экспазіцыя выстаўкі ў чымсьці нагадвала карту “квэста”: вось, калі ласка, вынік плёну — і побач жа расповед пра тое, якім пакручастым быў шлях да яго. Аўтары шчыра дзеляцца сваімі пошукамі: як з’явілася тэма фотасерыі, куды прывялі першыя спробы, якія цяжкасці ўзнікалі на розных этапах ажыццяўлення праекта… Дзённікі, перапіска з выкладчыкамі курса, фатаграфіі, што не ўвайшлі ў “канчатковы варыянт”, рэмаркі, кадры з фільмаў, якія натхнялі на працу — усё гэта складаецца ў асабістую гісторыю фатографа. Наведвальнік можа бачыць аўтара ў яго даволі адкрытай пазіцыі: калі той не цураецца дэманстрацыі сваіх сумневаў, нават памылак, сваёй рэфлексіі, і гэта, уласна кажучы, дапамагае гледачу ўнікнуць у тэму ды паспрабаваць убачыць яе вачыма фатографа.

Такі падыход да працы мастака выглядае незвычайным у нас, калі публіка прызвычаілася да аднабаковага ўзаемадзеяння: вось гатовы твор — прымайце яго, як хочаце. “Працэс” прапануе зусім іншы варыянт судакранання з матэрыялам. Тут мастак не становіцца носьбітам выключнай ідэі, а выступае з пазіцыі медыума, правадніка да ўмоўна пастаўленай мэты.

Насамрэч, адпаведная мастацкая рэфлексія — цалкам натуральная рэч для многіх аўтараў. У прыватнасці, тытулаваны польскі фатограф Рафал Мілах адзначае: каб дасягнуць пэўнай эмацыйнай дакладнасці, пад час працы ён вядзе дзённік, куды запісвае свае крокі і адчуванні. “Мне важна фіксіраваць мае развагі”, — кажа ён, удакладняючы, што фатаграфія патрабуе ад мастака не толькі ўключэння ў тэму, якая даследуецца, але і “пэўнага” адхілення, стрыманасці, якая дазваляе бачыць уласныя памылкі ды“заносы”. У дадзеным сэнсе выстаўка — удалы прыклад таго, як мусіць працаваць аўтар над сваёй тэмай і, вядома, сабой. І ў тым — карысная адметнасць ды шчырая абаяльнасць гэтага праекта.

Варта адзначыць, што маладыя аўтары, чые творы выстаўлены ў творчай прасторы “Цэх”, у сваіх пошуках звярталіся да цалкам канкрэтных праяў нашага паўсядзённага жыцця. Паглыбленне ў будні сацыяльных работнікаў у праекце “Калі чужыя становяцца роднымі” здзейсніла Марына Бегунова, імкнучыся паказаць “ціхі” подзвіг жанчын, якія клапоцяцца пра пакінутых старых. Амаль немагчымая гісторыя выратавання двухногага сабакі Шанца, у якую верылі адзінкі, адлюстравана ў рабоце Максіма Сарычава “Дзвюхлапы сябар”. Аляксандр Міхалковіч у праекце “Сядзіба” прыцягвае ўвагу да стану помнікаў спадчыны: закінутыя сядзібы ён “ажыўляе” з дапамогай фатаграфій іх магчымых “насельнікаў”, праецыруючы на сцены маёнткаў выявы гістарычных постацей.

Аляксей Навумчык — праект “Y Мінск (Мінск малады)” — імкнецца ўнікнуць у светапогляд сучаснага пакалення: што яго цікавіць, што радуе, што выклікае тугу, урэшце, які горад атачае маладых людзей. Падобныя тонкія эмоцыі імкнецца вылучыць Таццяна Зянковіч ва ўласнай фотасерыі пра танцы, што ў сучасным свеце медыя становяцца сродкам камунікацыі і чалавечай блізкасці…

Як бачым, перад намі — аўтары, якія прагнуць кантакту са светам, з самімі сабой і праз гэты кантакт, праз фатаграфію намагаюцца выйсці з “панцыру” ўласнага замкнёнага мірка. У гэтым — яшчэ адна вартасць “Працэсу”, што спрабуе сфакусаваць увагу на звыклым, але не “ўбачаным”, на простым, але важным.

Вядома, не ўсё ў “Працэсе” атрымалася. Не ўсім удалося дасягнуць пастаўленай творчай задачы. Часам некаторыя серыі “саслізгваюць” у звычайны рэпартаж ці застаюцца на ўзроўні замалёўкі, дэманструючы нам, так бы мовіць, “студэнцкую”, а не аўтарскую фатаграфію. Але ў дадзеным выпадку не хочацца быць залішне строгім: калі дапускаем, што маладая фатаграфія знаходзіцца ў тым самым працэсе станаўлення, то пэўныя памылкі тут — натуральная частка стану. Галоўнае — не спыняцца і працягваць развагі ды пошукі.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"